Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму не ўдаецца зрабіць рывок беларускаму футболу


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Аляксандр Хацкевіч звольнены з пасады галоўнага трэнэра зборнай Беларусі. Беларуская фэдэрацыя футболу датэрмінова скасавала кантракт, які быў разьлічаны да канца 2017 году.

Аляксандр Хацкевіч узначаліў каманду ў сьнежні 2014 году, нядрэнна завяршыў адборачны цыкл да ЧЭ-2016. У адборы да ЧС-2018 каманда таксама стартавала пасьпяхова, згуляўшы ўнічыю з Францыяй, але пасьля гэтага каманду перасьледавалі няўдачы: буйное паражэньне ад Нідэрляндаў (1: 4), нічыя з Люксэмбургам (1: 1) і пройгрыш Баўгарыі (0: 1). Са слоў кіраўніка АБФФ Сяргея Румаса, Хацкевіч быў звольнены ў сувязі з адмоўным вынікам каманды Беларусі.

Румас патлумачыў: «Паколькі паводле якасьці гульні і выніку каманда не прасунулася наперад, то фінансавую частку кантракту трэнэра было пастаноўлена скарэктаваць у бок зьмяншэньня. Аляксандр Мікалаевіч прыняў гэта да ведама і ўзяў час на роздум. А днямі мы зноў сустрэліся і вярнуліся да нашай размовы. Хацкевіч паведаміў, што ўсё абдумаў і ўмовы фэдэрацыі прыняць ня можа. Таму кантракт скасаваны».

Гэтая інфармацыйная нагода дае нам падставы пагаварыць, чаму не бывае прарываў у беларускім футболе. Год за годам зборная Беларусі мае нейкія зорныя моманты, асобныя матчы, — выйгрыш у Галяндыі, нічыя з Францыяй. Аднак раз за разам каманда не выходзіць у фінальную часткі чэмпіянатаў сьвету і чэмпіянатаў Эўропы. Беларусь нават жартам называюць чэмпіёнам сьвету па таварыскіх гульнях, бо менавіта ў гэтых матчах зборная Беларусі часам абыгрывае даволі моцных супернікаў, а ў афіцыйных чарговы раз ня можа перамагчы зборную, напрыклад, Люксэмбургу.

Беларусь жартам называюць чэмпіёнам сьвету па таварыскіх гульнях, бо менавіта ў гэтых матчах зборная Беларусі часам абыгрывае даволі моцных супернікаў, а ў афіцыйных чарговы раз ня можа перамагчы зборную, напрыклад, Люксэмбургу.

Можа далучыцца да меркаваньняў, што справа ў тым ліку і ў псыхалёгіі. Рэч у тым, што ў сёньняшняй беларускай зборнай большасьць гульцоў грае ў сярэдніх расейскіх клюбах і не знаходзіцца на лідэрскіх ролях. Па вялікім рахунку, пасьля Аляксандра Глеба ў нацыянальнай камандзе няма ніводнай зоркі міжнароднага маштабу. Часам такія каманды без супэрзорак бяруць сваё арганізаванасьцю, парадкам, альбо наадварот, энэргіяй і эмоцыямі — але ў беларускай зборнай, здаецца, асабліва няма ані таго, ані іншага.

Але нельга сьцьвярджаць, як гэта робяць некаторыя, што беларусы як нацыя ня вельмі пасьпяховыя ў калектыўных відах спорту. Напрыклад, гандбалісты ці баскетбалісткі паказваюць высокія вынікі, баскетбалісткі трапляюць у лік найлепшых зборных Эўропы і сьвету.

Да крызысу ў зборнай апошнімі гадамі далучыўся і крызыс у клюбным футболе. Клюбы ў гэтым сэзоне ўсе павыляталі з эўрапейскіх кубкавых турніраў, ніводзін не перайшоў у кубкавую восень. Хаця яшчэ два-тры гады таму там было некалькі беларускіх каманд, а БАТЭ ўжо прывучыла беларускіх заўзятараў да таго, што кожны год змагаецца з найлепшымі камандамі Эўропы ў Лізе чэмпіёнаў.

Беларускі эканамічны крызыс апошнія два гады аказвае вельмі моцны ўплыў на беларускі футбольны чэмпіянат. Легіянэры ўцякаюць. Заробкі футбалістам зьменшыліся, ёсьць выпадкі нявыплаты і нават бунтаў футбалістаў з гэтай нагоды ў асобных клюбах. Традыцыйныя няўдачы беларускай нацыянальнай зборнай зараз супалі з крызысам у беларускім клюбным футболе.

Гурневіч: У рэйтынгу ФІФА Беларусь на 74 месцы. Перад намі Уганда, а пасьля нас Куракаа. Гэта вельмі паказальная пазыцыя. Пры гэтым Беларусь мае някепскіх футбалістаў, якія гуляюць альбо гулялі за тытуляваныя клюбы. Ня можа быць так, што ёсьць добрыя футбалісты, якія даюць рады за мяжой, але ва ўласнай краіне ў рамках нацыянальнай зборнай граюць горш, чым бедныя афрыканскія краіны, дзе дзяржава ня мае сродкаў для інвэстыцый у спорт.

Важныя найперш два фактары: грашовы і чалавечы.

Я тут бачу некалькі праблем. Футбол ня стаў у нас бізнэсам. Там няма рэальна сурʼёзных грошай. Так адбываецца таму, што няма бізнэсу сурʼёзнага, бо ўсё кантралюе дзяржава. А тут жа патрэбны мільянэр, багацей, якія бачыць у гэтым свой інтарэс. Якімі б таленавітымі не былі футбалісты, без бізнэс-адносін, матывацыі, магчымасьцяў для трэнінгу, толькі цуд можа прынесьці посьпех. Тут я не адкрыю Амэрыкі.

Дам адзін прыклад. Польская зборная за апошні год-два значна выправіла сваю пазыцыю ў табліцы ФІФА. Цяпер яна на 15 месцы, а некалькі гадоў таму была на месцы Беларусі. Там гуляюць выбітныя футбалісты, якія дасягаюць неверагодных посьпехаў у Лізе Эўропы, а вось у рамках нацыянальнай зборнай доўгі час не маглі дасягнуць эфэкту. Дастаткова было прыйсьці на пасаду трэнэра адпаведнай асобе, правесьці зьмены ў Фэдэрацыі футболу і неверагодны вынік — палякі ў пятнаццатцы. А яшчэ пару гадоў таму яны не былі ў стане перамагчы Сан-Марына, дзе за зборную гуляюць банкіры і бармэны, для якіх футбол — звычайнае хобі. Паглядзіце, што вырабляе Ісьляндыя. Зборная, дзе няма аніводнага замежніка, перамагае футбольныя краіны з традыцыямі.

Важныя найперш два фактары: грашовы і чалавечы.

Глод: Я сказаў бы, што футбалістам Беларусі не хапае майстэрства. І гэта немагчыма аспрэчыць, бо вынікі гульняў паказваюць, што гэта аб’ектыўна так. А вось чаму? У 80-м годзе, калі былі Алімпійскія гульні ў Маскве, я працаваў у газэце «Фізкультурнік Беларусі», і мой калега з Масквы Сяргей Кружкоў заказаў тэрмінова артыкул пра Віктара Сідзяка, алімпійскага чэмпіёна па фэхтаваньні. Я пачаў шукаць яго, даведаўся, што ён знаходзіцца ў Стайках, прыехаў туды, зайшоў да яго на трэніроўку. Трэба было пачакаць гадзіну пятнаццаць да канца, і я падумаў, дзе мне правесьці час. Пайшоў на футбольнае поле — а там якраз трэніруецца менскае «Дынама». Алег Базілевіч тады быў галоўным трэнэрам, я падсеў на трыбуну каля старшыні Фэдэрацыі футболу Беларусі Яўгена Шунтава і сачыў за трэніроўкай. Сьпякота страшэнная, трэніроўка праходзіць так: тыя гульцы, на каго Базілевіч глядзіць, неяк варушацца, тыя, хто за сьпіной — стаяць і адпачываюць.

Леанід Гарай, знакаміты беларускі футбаліст, на пытаньне, чаму беларусы ня ходзяць на футбол, адказвае так: а вы пойдзеце глядзець дрэнны фільм? Так і на футбол ходзяць толькі самыя апантаныя.

Раптам прыяжджае чорная «Волга» прама на стадыён, выходзіць зь яе Ўладзімер Міцкевіч, намесьнік старшыні Саўміну, куратар там спорту і фізкультуры. Быў сапраўдны заўзятар, нават сваю дачку выдаў замуж за баксёра. Ён адносіўся да спорту зь вялікім захапленьнем. Сеў ён побач з намі, пасядзеў хвілін пяць і пытае: а што гэта за хлапец, усе стаяць, а ён бегае, бегае? У шарсьцяным трыко бегае! Шунтаў, як старшыня Фэдэрацыі футболу, чырванее як рак і кажа: ня ведаю. Завуць Базілевіча: Алег Пятровіч, а хто гэта такі старанны хлопец? А той кажа: гэта вар’ят. Я, кажа, не жартую. Гэта хлопец з суседняй вёскі — ён усё прыходзіць і просіць: вазьміце мяне гуляць у футбол! Ну, каб адчапіцца, мы яму далі гэты касьцюм і сказалі: бегай, займайся. Міцкевіч падняўся, мацюкнуўся і кажа: ёлкі-палкі, ва ўсёй камандзе па-сапраўднаму трэніруецца толькі адзін футбаліст, ды і той вар’ят!

Калі я распавёў пра гэта Віктару Сідзяку, ён сказаў так: «Калі б я трэніраваўся так, як футбаліст, дык я нават ня стаў бы чэмпіёнам Менску, ня кажучы ўжо пра Алімпійскія гульні».

Гэта быль. Пра што яна гаворыць? Калі ня будзеш займацца, укладацца ў працу так, як гэта патрэбна, ніякіх вынікаў ня будзе. Мы маем тое, што мы маем.

Дагэтуль я сябрую зь Леанідам Гараем, знакамітым беларускім футбалістам. Ён на пытаньне, чаму беларусы ня ходзяць на футбол, заўжды адказвае так: а вы пойдзеце глядзець дрэнны фільм? Так і на футбол ходзяць толькі самыя апантаныя.

Я не хачу сказаць, што беларусы — нацыя, у якой няма жаданьня выступіць вельмі прыстойна, заваяваць мэдалі. І адказнасьць, і гонар за радзіму ёсьць. Сучасны футбол такі, і гэта мы бачылі сёньня падчас агляду матчаў Лігі чэмпіёнаў, што ўжо на валявых ня выцягнеш. Той час ужо скончыўся. Няма майстэрства — няма перамог.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG