Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прага i беларуская незалежнасьць. Лекцыя Сяргея Шупы 1998 году


Да 98-ай гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі прапануем вам з архіваў Свабоды лекцыю аўтара «Архіваў БНР» Сяргея Шупы, якая прагучала на ўрачыстай акадэмii, прысьвечанай 80-м угодкам абвешчаньня БНР, якая адбылася ў Празе 21 сакавiка 1998 году.

У беларускiм нацыянальным адраджэньнi канца ХIХ — пачатку ХХ стагодзьдзя Прага ўжо a priori займала важнае месца. Рэч у тым, што за чатырыста гадоў перад тым Прагу назаўсёды ўпiсаў у беларускую гiсторыю першадрукар Францiшак Скарына, якi бясспрэчна займае вяршыню нашага нацыянальнага пантэону. Так сталася, што галоўным нашым нацыянальным героем стаўся ня князь цi кароль, вайскаводзец цi сьвяты патрон-мiсiянэр, а дзяяч культуры. I так сталася, што зорка ягоная ўзышла менавiта ў Празе.

Беларуская незалежнiцкая iдэалёгiя жывiлася й iншымi iмпульсамi з Прагi — уласна чэскiмi, азiраючыся на магутнае чэскае нацыянальнае адраджэньне ХIХ стагодзьдзя. Так, артыкул у «Нашай Нiве» пра адбудову чэскага Нацыянальнага Тэатру стаўся адным з запамiнальных знакавых тэкстаў, закладзеных у стратэгiю адраджэньня.
Зьвернемся аднак да падзеяў, зьвязаных зь цяперашнiм юбiлеем, i паспрабуем прасачыць разьвiцьцё беларускай незалежнай дзяржаўнасьцi ў ягоным праскiм аспэкце, прыслухаемся да «праскага акцэнту» Беларускай Народнай Рэспублiкi.

Парушыўшы звычайную завядзёнку, сёньня я ня буду распавядаць пра кронiку беларускай нацыянальнай рэвалюцыi i прыгадваць, што адбывалася ў Беларусi, у Эўропе й сьвеце 80 гадоў таму. Пра гэта, зрэшты, сёньня ёсьць дзе пачытаць або паслухаць. Зазначу толькi, што падчас канвульсiяў Расейскай Iмпэрыi беларусы пасьпелi запiсацца ў клюб нацыяў, якiя заявiлi аб сваiм праве на самастойную дзяржаўнасьць. Гэтая заяўка, хоць i не заўсёды бралася да разгляду гаспадарамi палiтычнае сытуацыi, аднак была назаўсёды зарэгiстраваная ў канцылярскiх кнiгах гiсторыi.

Свой роспавед я пачну з таго, як у сьнежнi 1918 году Ўрад БНР эвакуяваўся ў Вiльню, а на самыя Каляды ў Горадню — апошнi лапiк незанятай бальшавiкамi беларускай тэрыторыi. Пачалася пакутная эпоха выгнаньня й спробаў заклiкаць да сумленьня эўрапейскiх дэмакратыяў у беларускiм пытаньнi. Прэм’ер-мiнiстар БНР Антон Луцкевiч рыхтаваўся да выезду ў Парыж на мiрную канфэрэнцыю, аднак выезд гэты затрымваўся фiнансавымi праблемамi. Дзеля iх вырашэньня адмысловая ўрадавая дэлегацыя скiравалася на Ўкраiну, дзе была атрыманая дзяржаўная пазыка ад ураду Ўкраiнскай Народнай Рэспублiкi.

У сакавiку 1919 году Антон Луцкевiч выяжджае ў Бэрлiн, дзе чакае дазволу на выезд у Парыж. У гэтым часе было пастаноўлена перавезьцi ўсе ўрадавыя грошы ў Прагу, якая ўжо амаль паўгады была сталiцаю маладой чэхаславацкай дзяржавы i выглядала найбольш спакойным i бясьпечным месцам для захоўваньня дзяржаўнага скарбу.
Так упершыню дзеячы БНР зьявiлiся ў Празе. У траўнi 1919 году Аляксандар Цьвiкевiч, паўнамоцны пасол БНР пры ўрадзе Ўкраiнскай Народнай Рэспублiкi, заладзiўшы фiнансавыя справы, завязаў першыя кантакты з чэскiмi палiтыкамi i акрэдытаванымi ў Празе замежнымi дыпляматамi — прадстаўнiкамi Францыi, Украiны i Галiчыны. На падрыхтаванай гэткiм чынам глебе ў сярэдзiне траўня адбылася паездка ў Прагу прэм’ера БНР Антона Луцкевiча, якi 17 траўня быў прыняты ў праскiм Градзе прэзыдэнтам Масарыкам. У сваёй пазьнейшай справаздачы Антон Луцкевiч адзначыў гэткiя вынiкi сваёй сустрэчы з чэскiм прэзыдэнтам: Масарык абяцаў падтрымаць беларускую справу наагул; аддаў паручэньне мiнiстру Бэнэшу ў Парыжы актыўна падтрымаць беларускую акцыю i беларускую дэлегацыю; выказаў згоду прыняць сталага неафiцыйнага прадстаўнiка ў Празе; паабяцаў паслаць Прадстаўнiка Чэхii ў сталiцу Беларусi пры вяртаньнi туды беларускага Ўраду.

Падчас вырашэньня фiнансавых праблемаў дзеячы БНР пазнаёмiлiся ў Празе з прадстаўнiкамi чэскага грамадзтва i тымi арганiзацыямi, якiя так цi йнакш былi зацiкаўленыя беларускiм пытаньнем. У вынiку гэтых кантактаў была праведзеная падрыхтоўчая праца да заснаваньня ў Празе Беларускага Камiтэту. Першы сход беларусаў-грамадзянаў Чэскай Рэспублiкi адбыўся 4 чэрвеня 1919 году. На сходзе Аляксандар Цьвiкевiч зрабiў агiтацыйна-iнфармацыйны даклад пра беларускi нацыянальна-палiтычны рух i яго сучасны стан. Была абраная ўправа Камiтэту, старшынёю стаўся стары беларускi дзяяч, карэспандэнт «Нашай Долi» й «Нашай Нiвы» Мiкалай Вяршынiн, сакратаром Васiль Скаварада.

5 чэрвеня беларускiя палiтыкi выехалi ва ўсходнечэскае мястэчка Хоцэн, дзе на той час быў галоўны лягер ваеннапалонных былога расейскага войска, дзеля азнаямленьня з становiшчам палонных беларусаў. 9 чэрвеня Мiкалай Вяршынiн быў афiцыйна прызначаны ўпаўнаважаным Ураду БНР у справах ваеннапалонных у Чэхаславаччыне.
Апрача ўсiх гэтых захадаў, дзеля азнаямленьня чэскага грамадзтва зь беларускiм пытаньнем А.Цьвiкевiч напiсаў адмысловую брашуру, якая была ў чэскiм перакладзе выдрукаваная ў праскай газэце «Tribuna».
У тым самым часе Антон Луцкевiч вёў зацятую дыпляматычную барацьбу ў Парыжы за права Беларусi на палiтычнае iснаваньне. Неацэнную падтрымку й дапамогу ў гэтай барацьбе беларусы мелi ад чэхаславацкай дэлегацыi ў Парыжы на чале зь мiнiстрам замежных справаў Эдвардам Бэнэшам. Уся дыпляматычная перапiска Беларускай Народнай Рэспублiкi памiж Парыжам, Прагай, Бэрлiнам i Варшавай ажыцьцяўлялася праз чэхаславацкую дыпляматычную пошту.
Вельмi зручнае геаграфiчнае дый геапалiтычнае становiшча Прагi вызначыла пастанову сяброў Ураду БНР перанесьцi сядзiбу Канцылярыi Ўраду ў Прагу. Пастанова гэтая была прынятая ў лiпенi 1919 году, аднак ёй не было наканавана ажыцьцявiцца —празь месяц бальшавiцкая акупацыя Беларусi зьмянiлася польскай, i ў вынiку дамоваў i кампрамiсаў ад новых акупацыйных уладаў быў атрыманы дазвол на склiканьне чароднай сэсii Рады БНР. Даючы дазвол, польскiя ўлады разьлiчвалi на ляяльнасьць з боку беларускiх палiтыкаў, аднак у асяродзьдзi самых гэтых палiтыкаў пазыцыi ў дачыненьнi да Польшчы iстотна розьнiлiся. Прывяло гэта да таго, што Рада БНР на паседжаньнi 13 сьнежня 1919 году падзялiлася на дзьве часткi, адна зь iх —прыхiльнiкi Антона Луцкевiча — пацьвердзiла паўнамоцтвы ягонага Ўраду i дзеля апэрацыйнае мэтазгоднасьцi перадала свае функцыi 5-асабовай дырэкторыi — Найвышэйшай Радзе БНР. Другая частка Рады — фракцыi сацыял-рэвалюцыянэраў i сацыял-фэдэралiстаў — абвясьцiла курс на змаганьне з усiмi акупантамi, пераабрала Прэзыдыюм Рады i Ўрад — Раду Народных Мiнiстраў. Старшынём Рады БНР стаўся Пятро Крэчэўскi, Урад узначалiў Вацлаў Ластоўскi. Польскiя ўлады адказалi на гэты выступ рэпрэсiямi — Ластоўскi й яшчэ тры сябры новага Прэзыдыюму былi арыштаваныя. Старшыня Крэчэўскi й ягоны намесьнiк Васiль Захарка перайшлi на нелегальнае становiшча i ў хуткiм часе здолелi ўцячы з краiны — у Бэрлiн. Праз колькi месяцаў выехаў за мяжу — празь Лiтву ў Латвiю — вызвалены зь Менскай турмы Вацлаў Ластоўскi. Так пачаўся новы этап у гiсторыi БНР.

Помнік Ластоўскаму ў Смаргоні.
Помнік Ластоўскаму ў Смаргоні.

Антон Луцкевiч, якi пасьля трагiчнага менскага расколу пасьпяшаўся вярнуцца ў Парыж, апынуўся ў польскай пастцы —улады адмовiлiся даць яму дазвол на выезд у Францыю. Праiснаваўшы колькi тыдняў у гэткiм паралiзаваным стане, Луцкевiч фактычна адыходзiць ад актыўнай дзейнасьцi прэм’ера БНР, i ўсе паўнамоцтвы прымае на сябе рэвалюцыйны ўрад Ластоўскага.

Раскiданасьць сяброў Ураду й Прэзыдыюму Рады БНР блiзу што па ўсёй Эўропе — Рыга, Бэрлiн, Парыж — зноў паставiла на парадак дня пытаньне аб згуртаваньнi ў адным месцы i зноў гэтым месцам была абраная Прага. Перамовы аб пераезьдзе ў Прагу цягнулiся ўсё лета 1920 году. Аднак дзеля нястачы сродкаў i гэтым разам iдэя засталася нереэалiзаваная. Тым часам Мiкалай Вяршынiн быў прызначаны паўнамоцным прадстаўнiком Ураду БНР у Празе на правох консула.

Ягоная кватэра на Вэнцыговай, 4, сталася на доўгiя гады своеасаблiвым беларускiм Штабам у Празе —неафiцыйнай сядзiбаю дзясяткаў арганiзацыяў. Пра тое, што сабою ўяўляў гэты штаб, сам Вяршынiн пiсаў у верасьнi 1920 году:

«Я сямейны. Жыву у той самай кватэры што жыў перад вайною (адзiн пакой i кухня) i у сябе садзяржу сваю канцылярiю, бо наняць мешкане для канцылярii ня маю за што. Мне стыдна як прэдстаўнiку Беларусi, калi ка мне прыходзяць чужые людзi».

Тым часам у кастрычнiку 1920-га ў Рызе быў падпiсаны прэлiмiнарны расейска-польскi мiр, на ўмовы якога марна спрабавала паўплываць беларуская дэлегацыя на чале з Ластоўскiм. Канчаткова мiрная дамова была падпiсаная 18 сакавiка 1921-га, на моцы яе Беларусь была падзеленая памiж Польшчай i Расеяй.

У кастрычнiку 1920 адбылася яшчэ адна падзея, якая абярнулася для беларусаў здабыцьцём нечаканых саюзьнiкаў. 10 кастрычнiка польскi генэрал Жэлiгоўскi акупаваў Вiльню й Вiленскi край, на якi дагэтуль паводле савецка-лiтоўскай дамовы прэтэндавала Лiтва. З увагi на тое, што абсалютную большасьць на страчаных гэткiм чынам Лiтвою землях складалi беларусы, Лiтоўскi Ўрад зацiкавiўся пэрспэктывай супрацоўнiцтва з Урадам БНР. У вынiку ў лiстападзе была падпiсаная мiжурадавая дамова аб супрацоўнiцтве i Ўрад Беларускай Народнай Рэспублiкi Вацлава Ластоўскага атрымаў афiцыйны прытулак у Коўне. Стратэгiчны разьлiк палягаў у тым, каб памагчы Лiтве выбiць палякаў зь Вiленшчыны й Гарадзеншчыны, i з гэтых ускраiн беларускай тэрыторыi — своеасаблiвага беларускага П’емонту — распачаць барацьбу за незалежнасьць астатняй Беларусi.

гэтым распачалася яскравая зьява ў мiжваеннай беларускай гiсторыi — праскае беларускае студэнцтва, якое дало нашай палiтыцы й культуры не адзiн дзясятак высокаадукаваных актыўных дзеячоў

Новая палiтычная сытуацыя, якая настала пасьля падпiсаньня Рыскага мiру — падзел Беларусi, стварэньне на расейскiм баку савецкай беларускай рэспублiкi, Слуцкае паўстаньне, паход Балаховiча, стан культурнай працы ды iншыя надзённыя праблемы патрабавалi новага асэнсаваньня ў колах беларускай палiтычнай эмiграцыi, выбару новых арыентыраў нацыянальнага палiтычнага руху. З гэтай мэтай увосень 1921 году адбылася прадстаўнiчая Беларуская нацыянальна-палiтычная нарада з удзелам дэлегатаў зь Лiтвы, Латвii, Польшчы ды iншых краiнаў. Зусiм натуральна, што канфэрэнцыя гэтая адбылася ў Празе. Яе праца праходзiла ад 26 да 29 верасьня 1921 году ў Обэцнiм Доме — адным з найлепшых рэпрэзэнтацыйных будынкаў чэскай сталiцы — i шырока асьвятлялася ў чэскiм друку. Адна з галоўных прынятых нарадаю рэзалюцыяў сьцьвердзiла, што адзiнай законнай уладай Беларусi застаецца Ўрад Беларускай Народнай Рэспублiкi. Нарада заклiкала аб’яднаць вакол Ураду БНР сiлы ўсiх беларускiх партыяў, арганiзацыяў i групаў дзеля дзяржаўнага будаўнiцтва Беларусi. Пасьля сканчэньня нарады яе дэлегаты наведалi мiнiстра замежных справаў i прэм’ер-мiнiстра Бэнэша, усклалi кветкi чэскiм героям i агледзелi Бiблiю Скарыны ў Праскiм Музэi.

Беларуская нарада ў Празе супала ў часе зь яшчэ адной важнай падзеяй у гiсторыi беларускай Прагi. У верасьнi 1921 году чэскi ўрад выдзялiў некалькi дзясяткаў стыпэндыяў для беларускiх студэнтаў, якiя атрымалi магчымасьць вучыцца ў вышэйшых школах Чэхаславаччыны. Гэтым распачалася яскравая зьява ў мiжваеннай беларускай гiсторыi — праскае беларускае студэнцтва, якое дало нашай палiтыцы й культуры не адзiн дзясятак высокаадукаваных актыўных дзеячоў. Гэта аднак асобная тэма якая патрабуе асобнага шырэйшага разгляду.

Пасьля Беларускай Нацыянальна-Палiтычнай Нарады ў Празе застаецца для палiтычнай працы старшыня Прэзыдыюму Рады БНР Пятро Крэчэўскi. Працы гэтай было нязьмерна шмат — Прага сталася галоўным асяродкам расейскай, украiнскай, кубанскай, грузiнскай — пераважна сацыялiстычнай антыбальшавiцкай —эмiграцыi. На гэтай глебе высьпявала шмат супольных палiтычных праектаў, у якiх беларусы прымалi чынны ўдзел.

Дзейнасьць Крэчэўскага ў Празе выявiла й пэўную неспрактыкаванасьць беларускiх палiтыкаў. Прэзыдэнт Рады БНР не парупiўся аб неадкладным навязаньнi палiтычных кантактаў з чэхаславацкiмi ўладамi. Гэта паставiла яго ў вельмi неспрыяльнае маральнае й матэрыяльнае становiшча. Так, 28 кастрычнiка 1921 году ён пiсаў Вацлаву Ластоўскаму ў Коўна:

Дзейнасьць Крэчэўскага ў Празе выявiла й пэўную неспрактыкаванасьць беларускiх палiтыкаў

«Урадовая дапамога да новага году будзе немагчыма, але i з гэтай стараны была з нашаго боку зроблена абмылка ў тым, што я адразу не зрабiў нiкому з ураду вiзытаў. [...] да Бенеша йсьцi я не адважыўся i толькi цяпер можэ разам з украiнцамi i кубанцамi я зламаю той лёд, якi быў створаны нашай агульнай абмылкай [...] я i цяпер нi маю нi фэнiга i не прыймаў нiякiх крокаў — так сама нiчога не мае i Вершынiн. Кiнуты на праiзвол лёсу я нават не магу спакойна працаваць i выкарыстовываць усе тые палiтычные магчымасьцi для нашай справы, якiе бы мог выкарыстаць, а пагроза, што мяне хутко выставяць з Готэля зусiм паралiзуе працу — сталась так як я i гаварыў з пачатку у Празе».
Ня ў лепшым становiшчы быў i паўнамоцны прадстаўнiк БНР у Празе Мiкола Вяршынiн. Зь лiста Ластоўскаму за 11 сьнежня 1921 году:
«Вельмi прашу Урад Б.Н.Р. высылаць мне грошы хоць на садзержане Канцэлярыi, бо як за канцылярскiе матерiалы, так i за пачтовыя i тэлеграфные расходы я не у сiлах сам плацiць. Часам самая пiльная праца тармозiцца. Акром таго ўжо даўно студэнт Гладкi падаў мне счот на 308 карон, якiе ен расходаваў з сваiх у часе Конферэнцii ў Празе (пакупка газэт i г.д.). Ён кожны дзень бегае ка мне за гэтымi грашыма, бо сам галее бяз грошай. Так сама художнiк Суслоў прыхадзiў ка мне нескалькi разоў за грашыма за адрес презыдэнту Масарыку. Ён угражае, што падасьць у суд i апублiкуе ў газеце. Вось гэтыя патрэбы трэба як найхутчэй заспакоiць».

Вось яшчэ ўрывак зь лiста Крэчэўскага за студзень-люты 1922 году:
«Да нас беларусаў i да ўсёй беларускай справы наогул ва ўсiх групах адносiны добрые, каб яшчэ было троху грошэй i часьцей можна было спатыкацца прыватна, хаця бы с Чэскiмi Урадовымi сфэрамi, то i зусiм добра было б. Аб гэтым трэба падумаць. Апроч таго трэба на 25 сакавiка падгатаваць таржэственнае святкаваньне з тэлеграмамi, абедам, i г.д. Як у Вас з грашыма. Мы тут ледва жывем. Вершынiн нават пачынае лаяцца за мною, што яму не плоцяць яго даўгоў. Я цягну жабрацкае iстнаваньне. Ведаю, што i ў Вас трудна, але галадоўка дае знаць».
10 сакавiка 1922 году на сходзе Рады Народных Мiнiстраў БНР было пастаноўлена запрапанаваць старшынi Крэчэўскаму перабрацца ў якую iншую краiну зь нiжэйшымi коштамi жыцьця. Аднак да канца лета, калi Пятро Крэчэўскi пераедзе ў Коўна, яму даводзiцца сяк-так працягваць iснаваньне ў Празе.

Тым часам у красавiку 22-га прайграецца яшчэ адна дыпляматычная бiтва — эўрапейская эканамiчная канфэрэнцыя ў Генуi ня ўзялася пераглядаць ганебны Рыскi мiр, на што амаль безнадзейна спадзявалiся беларускiя палiтыкi. Да таго ж адна з заяваў, падпiсаных дэлегацыяй БНР у Генуi — адносна прыналежнасьцi Вiльнi, зь вiдавочнымi авансамi ў бок Лiтоўскай Рэспублiкi — выклiкала канфлiкт у Радзе Народных Мiнiстраў, якi дадаўся да некаторых iншых даўнiх непаразуменьняў. У вынiку ў красавiку 1923 году Вацлаў Ластоўскi пакiдае пасаду прэм’ера i фактычна рве ўсе адносiны з колiшнiмi паплечнiкамi ў змаганьнi.

Новы Ўрад Аляксандра Цьвiкевiча ставiць кропку на беларуска-лiтоўскiм мiжурадавым супрацоўнiцтве, якое не вызначалася шчырасьцю зь лiтоўскага боку. Пасьля вырашэньня Лiгай Нацыяў увесну 1923 году вiленскага пытаньня на карысьць Польшчы, Лiтва цалкам страчвае цiкавасьць да сваiх колiшнiх часовых саюзьнiкаў у спробах забраць у Польшчы колiшнюю сталiцу ВКЛ.

У сьнежнi 1923 году Ўрад i Прэзыдыюм Рады БНР пераяжджаюць у Прагу, якая на той час сталася галоўным асяродкам беларускай эмiграцыi — дзякуючы перадусiм багатаму студэнцкаму жыцьцю i дзейнасьцi беларускiх эсэраў. Аднак гэтым разам чэхаславацкiя ўлады паставiлi перад дзеячамi БНР умову: побыт на тэрыторыi Чэхаславаччыны iм дазваляецца толькi пры iхнай адмове дзеяньня ў якасьцi эмiграцыйнага ўраду. Такiм чынам афiцыйна сябры Ўраду i Прэзыдыюму Рады БНР сталiся ў Празе прыватнымi асобамi i прысьвяцiлi сябе партыйнай грамадзкай дзейнасьцi.

Няяснасьць палiтычных пэрспэктываў, няздольнасьць самарэалiзавацца ў эмiграцыйным асяродзьдзi прывялi да таго, што менш чым праз два гады мiнiстры Ўраду БНР зь лёгкасьцю прынялi прапанову эмiсараў зь Менску пераехаць у БССР. Дзеля гэтага ў кастрычнiку 1925 году ў Бэрлiне была склiканая Беларуская Палiтычная канфэрэнцыя, дзе Аляксандар Цьвiкевiч i ягоныя калегi прызналi БССР адзiным асяродкам беларускай дзяржаўнасьцi i пастанавiлi выехаць у Менск. Гэтая акцыя, насуперак цьверджаньням савецкiх iдэолягаў, не азначала самалiквiдацыi БНР, гэтак разрэклямаванай у тагачасным менскiм друку. Яшчэ да пачатку канфэрэнцыi мiнiстры склалi свае паўнамоцтвы i такiм чынам выступалi на канфэрэнцыi як прыватныя асобы.

Закончылася Другая Сусьветная вайна i Беларуская Народная Рэспублiка адрадзiлася з апошняй нязгаслай iскры, пахаванай пад халодным попелам гiсторыi

З рэзкiм пратэстам супраць учынку былых мiнiстраў i зь непрыняцьцем пастановаў канфэрэнцыi выступiлi Старшыня Прэзыдыюму Рады БНР Пятро Крэчэўскi i ягоны намесьнiк Васiль Захарка. Ад гэтага часу яны фактычна аднаасобна перахоўвалi палiтычную спадчыну Беларускай Народнай Рэспублiкi, якая ператварылася тады ў чыстую iдэю, у высокi сымбаль беларускай незалежнай дзяржаўнасьцi, матэрыялiзаваны ў апошнiх сакральных атрыбутах Рэспублiкi — дзяржаўнай пячатцы i дзяржаўным сьцягу.

Пятро Крэчэўскi памёр 8 сакавiка 1928 году. Было яму 48 гадоў. Сьцяг сьветлай беларускай надзеi пераняў у свае рукi Васiль Захарка, якi на той час застаўся адзiным, апошнiм дзейным палiтыкам Беларускай Народнай Рэспублiкi. Аднак калi ў сакавiку 1943-га памiраў ён сам, яму ўжо было каму перадаць iдэю незалежнасьцi, ахвярна захоўваную праз даўгiя гады безнадзейнасьцi. Закончылася Другая Сусьветная вайна i Беларуская Народная Рэспублiка адрадзiлася з апошняй нязгаслай iскры, пахаванай пад халодным попелам гiсторыi.

Магіла Пятра Крэчэўскага. Дзень Волі, Прага. Альшанскія могілкі. 25 сакавіка 2015
Магіла Пятра Крэчэўскага. Дзень Волі, Прага. Альшанскія могілкі. 25 сакавіка 2015

Сёньня мы мусiм выказаць удзячнасьць гэтаму гораду, гэтай сталiцы нашай Эўропы, дзе друкаваў нашы першыя кнiгi й ствараў каралеўскiя сады Францiшак Скарына, дзе як у самым надзейным банку захоўвалася дзесяцiгодзьдзямi iдэя беларускай незалежнасьцi, рыцары якой спачылi ў гэтай зямлi, дзе сёньня, напярэдаднi новага стагодзьдзя й новага тысячагодзьдзя б’юцца новай надзеяй нашыя сэрцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG