Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз падштурхоўвае Беларусь да мараторыю на сьмяротнае пакараньне


Джым Казанс з Эўразьвязу. У Менску прэзэнтуюць даклад Вясны-FIDH супроць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Менск, 5 кастрычніка 2016 году
Джым Казанс з Эўразьвязу. У Менску прэзэнтуюць даклад Вясны-FIDH супроць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Менск, 5 кастрычніка 2016 году

У Менску прайшла прэзэнтацыя дакладу Праваабарончага цэнтру «Вясна» і Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека пра сытуацыю са сьмяротным пакараньнем у Беларусі.

Намесьнік кіраўніка прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Джым Казанс адзначыў невялікі прагрэс у абмеркаваньні гэтай тэмы паміж грамадзтвам краіны і яе ўладамі.

«У сакавіку адбылася міжнародная канфэрэнцыя на тэму сьмяротнага пакараньня з удзелам адмысловага пасланца Эўразьвязу, але пакуль гэта не адбілася на пэўных кроках уладаў. Але ўсё ж за апошнія 6 гадоў сытуацыя крыху палепшала. Шэсьць гадоў таму тут, калі б вы надзелі майку з надпісам супраць сьмяротнага пакараньня, у вас былі б праблемы. Тады мой сябар знарок прасіў славутага музыку Стынга надзець такую майку. А цяпер хоць з гэтым няма праблемы, тут ідзе дыялёг», — сказаў спадар Казанс і заклікаў беларускія ўлады далей рабіць пэўныя крокі ў справе мараторыю на сьмяротнае пакараньне і поўнай яго адмены.

«Ня трэба забіваць людзей, каб гарантаваць бясьпеку і захаваць парадак. Часта бывае, што шмат грамадзян краіны супроць адмены сьмяротнага пакараньня, але ўрад мусіць праявіць мужнасьць і пасьлядоўнасьць, каб дамагчыся яго адмены», — сказаў Джым Казанс.

Паводле ягоных зьвестак, сёлета адмянілі такое пакараньне ці ўвялі мараторый ў Фіджы, Мадагаскары, Гвінэі, Сурынаме, Манголіі.

«На маю думку, няма прычын, зь якіх Беларусь ня можа апынуцца ў гэтым шэрагу», — кажа намесьнік кіраўніка прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Джым Казанс.

На пытаньне журналістаў, наколькі прынцыповым пытаньнем ёсьць для Эўразьвязу адмена Беларусьсю сьмяротнага пакараньня, Джым Казанс сказаў, што Эўразьвяз рэагуе на кожны выпадак ужываньня сьмяротнага пакараньня ў Беларусі і падчас абмеркаваньня сытуацыі з правамі чалавека заўсёды ўздымае і тэму адмены сьмяротнага пакараньня. Да гэтага Фляранс Бэліўе, намесьнік прэзыдэнта FIDH, заўважыла, што ўчора ў Вярхоўным судзе, калі разглядалася апэляцыя асуджанага да сьмерці Сяргея Вострыкава, не было нікога з прадстаўніцтва Эўразьвязу і амбасадаў эўрапейскіх краін, якія выступаюць супроць сьмяротнага пакараньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG