Улады Нямеччыны мяркуюць, што сакрэтныя дакумэнты аднаго з камітэтаў бундэстагу, апублікаваныя сайтам Wikileaks, былі атрыманыя расейскімі хакерамі ў выніку кібэратакі на бундэстаг вясной 2015 году. Пра гэта паведамляе 11 сьнежня газэта Frankfurter Allgemeine Sonntagszeitung са спасылкай на крыніцу ў нямецкіх спэцслужбах.
Дакумэнты зьявіліся на сайце Wikileaks 1 сьнежня і датаваныя пэрыядам зь вясны 2014 да студзеня 2015 году. Яны захоўваліся на сэрвэры адміністрацыі бундэстагу, і доступ да іх быў у дэпутатаў, якія ўваходзяць у камітэт, што расьсьледуе дзейнасьць Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША на тэрыторыі Нямеччыны.
Фэдэральная выведная служба Нямеччыны і Фэдэральнае ведамства аховы канстытуцыі пасьля распаўсюджаньня ў Нямеччыне фэйкавых навінаў пра «дзяўчынку Лізу» рыхтуюць даклад аб магчымых расейскіх кібэратаках і мэтадах дэзінфармацыі, паведамляе «Нямецкая хваля».
Паводле інфармацыі Frankfurter Allgemeine Sonntagszeitung, вынікі працы спэцслужбаў будуць апублікаваныя ў пачатку наступнага году. Нямецкія палітыкі і кіраўніцтва спэцслужбаў ужо неаднаразова казалі пра небясьпеку хакерскіх нападаў з Расеі напярэдадні выбараў у бундэстаг ў 2017 годзе, мэтай якіх можа стаць дэстабілізацыя ўнутрыпалітычнай абстаноўкі ў Нямеччыне.