Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кабзон і стрэлы ў Менску. Як рыхтуюцца да 9 траўня ВІДЭА


9 траўня ў Менску афіцыйныя ўрачыстасьці пройдуць у новым фармаце. Шэсьця вэтэранаў ня будзе, як ня будзе і параду вайсковай тэхнікі. На шэсьце выйдуць гараджане і грамадзкія ды моладзевыя арганізацыі.

Беларусь рыхтуецца адзначыць Дзень перамогі ў Другой усясьветнай вайне 9 траўня ў незвычайным фармаце, апавяла на прэсавай канфэрэнцыі першая намесьніца міністра культуры Ірына Дрыга.

Так, замест традыцыйнага шэсьця вэтэранаў, якіх апошнімі гадамі везьлі аўтакалёнай да плошчы Перамогі, будзе шэсьце «Беларусь памятае», у якім возьмуць удзел «гараджане, прадстаўнікі грамадзкіх і моладзевых арганізацыяў». Калёны ад розных раёнаў будуць рухацца па праспэкце Незалежнасьці да плошчы Перамогі, дзе іх будуць чакаць вэтэраны. У руках удзельнікі шэсьця маюць несьці партрэты сваіх родзічаў, якія бралі ўдзел у Другой усясьветнай.

Падобную акцыю, «Бесьсьмяротны полк», ад 2012 году ладзяць у Расеі. У 2015 годзе ўдзел у маскоўскай акцыі браў Уладзімер Пуцін, у 2016-м ён «дапусьціў», але не паабяцаў, што будзе зноў удзельнічаць.

Ці возьме ўдзел у менскай акцыі Аляксандар Лукашэнка, не паведамляецца. Звычайна на Дзень Перамогі ён з сынамі ідзе наперадзе калёны.

Паводле зьвестак Міністэрства працы, у Беларусі засталося 14 з паловай тысяч вэтэранаў Другой сусьветнай ды каля 23 тысяч былых вязьняў канцлягераў, гета і нацысцкіх турмаў. Тым, каму на канец вайны было прынамсі 10 год, сёньня за 80.

Імпрэзы, зьвязаныя з гадавінай Перамогі, плянуюцца і перад 9 траўня. Так, 6 траўня адбудзецца ўрачысты сход і канцэрт «Па праву памяці жывой» у менскім Палацы Рэспублікі. Прагучыць новая песьня кампазытара Васіля Раінчыка «Кветкі вялікай перамогі». 7 траўня каля менскага Палаца спорту а 16 гадзіне выступіць народны артыст СССР, цяпер дэпутат расейскай Дзярждумы ад «Единой России» і «герой ДНР» Ёсіф Кабзон, а зь ім — ляўрэаты расейскага конкурсу «Крыштальныя зорачкі». 8 траўня пад Палацам спорту будзе працяг забаўляльнай праграмы, але ўжо з разьлікам на «моладзевую аўдыторыю».

9 траўня на менскай плошчы Перамогі заплянаваны вялікі вечаровы канцэрт з Прэзыдэнцкім аркестрам і салістамі беларускай эстрады, а 10-й вечара — салюты ў Менску і абласных цэнтрах.

У адрозьненьне ад Расеі, дзе на Дзень Перамогі актыўна выкарыстоўваецца «георгіеўская стужка», у Беларусі сымбалем дзяржаўных урачыстасьцяў можа зноў стаць чырвона-зялёная стужка з кветкай яблыні — менавіта такая раней выкарыстоўвалася ў акцыі БРСМ «Кветкі вялікай перамогі», якая пройдзе і сёлета.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG