Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Атрымалі пад Воршай, атрымаеце і пад Веткай!» — «Малады Фронт» заклікае адзначыць Дзень беларускай вайсковай славы


Актывісты заклікаюць 8 верасьня а 18-ай гадзіне прыйсьці да расейскай амбасады ў Менску, дзе адбудзецца акцыя «Атрымалі пад Воршай, атрымаеце і пад Веткай!»

Як патлумачыў Свабодзе лідэр «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч, назва акцыі тлумачыцца тым, што «беларускі раённы цэнтар Ветка знаходзіцца каля мяжы з Расеяй, і менавіта ў тым баку цяпер сьцягваюцца войскі РФ».

«Перамога беларускай зброі ў 1514 годзе на многія дзесяцігодзьдзі спыніла імпэрскі шал Масквы. Праз паўтысячы год ад тае паразы пад Воршай Масква ізноў прагне крыві і суседзкіх земляў. Сёньня як ніколі актуальныя словы героя Беларусі Кастуся Каліноўскага: „Народзе, тады толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою маскаля ўжо ня будзе!“ Таму мы заклікаем адзначыць 502-ую гадавіну Бітвы пад Воршай — Дзень беларускай вайсковай славы! Нагадаем Расеі, што яе чакае, калі яна паспрабуе рэалізаваць у Беларусі свае імпэрскія комплексы», — гаворыць лідэр «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч.

Паводле арганізатараў, на акцыі будуць бел-чырвона-белыя сьцягі, а таксама расьцяжкі зь лёзунгамі.

8 верасьня ў Беларусі адзначаецца неафіцыйны Дзень беларускай вайсковай славы — у гэты дзень у 1514 годзе адбылася Бітва пад Воршай, у якой 30-тысячнае войска Вялікага княства Літоўскага перамагло 80-тысячнае войска Масквы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG