Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Банкір з прэстыжнай польскай адукацыяй у Беларусі будзе працаваць за 3 мільёны», — каліновец Яўген Скрабутан


Яўген Скрабутан
Яўген Скрабутан

30 сакавіка адзначае 10-годзьдзе навучальная праграма імя Кастуся Каліноўскага. З гэтай нагоды ў Варшаве адбудзецца сустрэча выпускнікоў зь яе кіраўніцтвам, а таксама зь міністрам адукацыі Польшчы.

Гарадзенец Яўген Скрабутан — каліновец першага набору, паступіў на праграму адразу пасьля яе ўтварэньня. У інтэрвію Свабодзе ён разважае, чаму выпускнікі праграмы не заўсёды ўладкоўваюцца на працу ў Беларусі і чым карысны досьвед, атрыманы студэнтамі за мяжой.

«Я паступіў на вучобу ў Польшчу ў 2006 годзе. Трапіў адразу на трэці курс — на спэцыяльнасьць „Беларуская філялёгія“ ў Варшаўскі ўнівэрсытэт. Скончыўшы там жа магістратуру, у 2009 годзе вярнуўся ў Беларусь.

У нас настаўнікі ў асноўным займаюцца не адукацыяй дзяцей, а пісаньнем плянаў і справаздач. З аднаго боку, гэта высокая адказнасьць перад адміністрацыяй, зь іншага — не застаецца прасторы для крэатыўных унёскаў у працэс адукацыі.

Плянаваў працаваць у школе, але дырэктары зэльвенскіх школ, куды я зьвяртаўся, з пэўных прычын браць мяне не захацелі. Зрэшты, пазьней я зразумеў, што праца ў школе — гэта не маё. У нас настаўнікі ў асноўным займаюцца не адукацыяй дзяцей, а пісаньнем плянаў і справаздач, а таксама запаўненьнем журналаў. З аднаго боку, гэта высокая адказнасьць перад адміністрацыяй, але зь іншага — не застаецца прасторы для крэатыўных унёскаў у працэс адукацыі, бо ўсё даўно зацьверджана. Таму я зразумеў, што ў школе рэалізаваць сябе не змагу. Да таго ж — малыя настаўніцкія заробкі. Празь некаторы час я зразумеў, што мне трэба яшчэ павучыцца, і вярнуўся ў Польшчу — у Познань па праграму пасьлядыплёмнай адукацыі, дзе я атрымаў яшчэ адзін дыплём — ужо ў галіне польскага самакіраваньня. Я дасьледаваў працэс трансфармацыі ад сацыялізму да самакіраваньня ў Польшчы. Але выявілася, што ў Беларусі такія веды і такія адмыслоўцы сёньня не патрэбныя — бо самакіраваньня ў Беларусі няма. Але я спадзяюся, што ў пэрспэктыве, калі прыйдзе час рэформаў, я буду запатрабаваны ў нашай краіне».

Некаторыя каліноўцы наракалі, што за кароткі тэрмін было цяжка вывучыць польскую мову на такім узроўні, каб вучыцца ў ВНУ. Але Яўген Скрабутан кажа, што не сутыкнуўся з моўнай праблемай:

На маім факультэце большасьць прадметаў выкладалася па-беларуску, а ў інтэрнаце жыло шмат беларусаў.

«Праблемаў з польскай мовай не было. Першую адукацыю я атрымліваў у Варшаве, дзе збольшага лёгка можна паразумецца па-беларуску. На маім факультэце большасьць прадметаў выкладалася па-беларуску, а ў інтэрнаце жыло шмат беларусаў. Таму можна сказаць, што ў Варшаве была праблема іншага характару — не было магчымасьці асабліва вучыць польскую мову, нават калі хацеў. Зрэшты, я даволі добра яе вывучыў, бо неяк так склалася, што зь дзяцінства добра разумеў па-польску. Да таго ж у межах праграмы Каліноўскага была магчымасьць хадзіць на бясплатныя моўныя курсы — хто хацеў, мог „схапіць“ польскую мову за якія два месяцы».

Яўген узгадвае, што ў параўнаньні зь Беларусьсю ў Польшчы была вельмі смачная і танная для студэнтаў ежа — кебабы:

«Калі казаць пра бытавыя рэчы, то я ж трапіў у Польшчу ўжо дасьведчаным студэнтам, які ўжо раней перажыў шок пераезду ад бацькоў. Увогуле пераезд у Польшчу ў мяне асацыюецца з кебабамі — экзатычная для беларуса, хуткая і даступная ежа. Гэтыя кебабы мы елі штодня, бо яны вельмі танныя. Пасьля нейкага часу мы зь сябрамі нават вырашылі, што трэба абмінаць кебабныя, каб ня чуць гэтага спакусьлівага паху. Увогуле ў Польшчы была вельмі даступная ежа нават у кавярнях. Часам гэта было нават таньней, чым набываць прадукты ў краме».

Крытыкуючы праграму імя Кастуся Каліноўскага, часта кажуць пра тых студэнтаў, якія не давучыліся, — каго адлічылі або хто сам зьехаў дадому, ня скончыўшы адукацыі. Яўген Скрабутан кажа, што праз стаўленьне да вышэйшай адукацыі ў Польшчы маладыя людзі часта робяць выбар на карысьць працы, а не вучобы.

У Польшчы вельмі мала аддаецца ўвагі наяўнасьці дыплёма. Польскія маладыя людзі больш імкнуцца атрымаць веды.

«У Польшчы вельмі мала аддаецца ўвагі наяўнасьці дыплёма. А ў Беларусі дыплём — гэта мэта кожнага выпускніка школы. Польскія ж маладыя людзі больш імкнуцца атрымаць веды. І калі чалавек, адвучыўшыся тры гады ва ўнівэрсытэце, разумее, што далей яму гэта ня трэба, — тое ня лічыцца правалам у яго жыцьці. Хутчэй за ўсё, такія людзі вырашаюць, што важней для іх працаваць, а не вучыцца, бо на працы можна атрымаць больш досьведу, чым ва ўнівэрсытэце. Пазьней, праўда, некаторыя вырашаюць вярнуцца да вучобы і скончыць яе — ужо калі заробяць грошай. Вось у Беларусі можна сустрэць безьліч маладых спэцыялістаў зь некалькімі дыплёмамі, якія нікуды ня могуць уладкавацца — працадаўцы разумеюць, што ў галовах такіх людзей можа быць пуста.

Увогуле беларускія студэнты мала чым адрозьніваюцца ад польскіх. Вось па беларускім тэлебачаньні былі прапагандысцкія сюжэты пра тое, што каліноўцы кураць і п’юць. Ну, я магу сказаць, што нават калі такое і было, то польскія студэнты паводзяць сябе яшчэ горш. Студэнты ўсюды аднолькавыя — гэта маладыя людзі, для якіх адкрываецца новы сьвет, новая свабода. Разам з тым гэтыя студэнцкія гады не перашкаджаюць палякам пасьля ўнівэрсытэту адкрываць уласныя бізнэсы і станавіцца пасьпяховымі грамадзянамі. Таму тут нельга вылучаць каліноўцаў як разгільдзяяў».

Праблема навучаньня па праграме імя Кастуся Каліноўскага — тое, што шмат хто выбіраў прэстыжныя спэцыяльнасьці, напрыклад, эўрапеістыку ці банкаўскую справу, але пасьля разумеў, што скарыстаць набытыя веды на практыцы практычна немагчыма.

Калі ёсьць галава на плячах, можна зарабляць і ў Беларусі, плюс тут ты гаспадар свайго жыцьця, дый сям’я бліжэй, і сябры побач.

«Гучныя спэцыяльнасьці, у прынцыпе, вельмі часта не даюць магчымасьці рэалізаваць свае веды. Таму часта людзі, трапіўшы на прэстыжны факультэт у межах праграмы Каліноўскага, хутка мянялі магчымасьць вучыцца ў Польшчы на магчымасьць зарабляць там грошы. Але часта людзі разумелі, што няма асаблівай розьніцы, дзе працаваць — у Польшчы ці ў Беларусі. Калі ёсьць галава на плячах, можна зарабляць і ў Беларусі, плюс тут ты гаспадар свайго жыцьця, дый сям’я бліжэй, і сябры побач. Дый які б блізкі ні быў польскі народ, беларусу камфортней жыць у Беларусі.

На жаль, нярэдкія выпадкі, калі людзі атрымалі некалькі дыплёмаў у Польшчы, прыехалі ў Беларусь, а тут няма чым заняцца. Таму і сустракаюцца людзі з дыплёмамі, напрыклад, банкіра самага прэстыжнага эканамічнага ўнівэрсытэту Польшчы, якія працуюць касірамі за 3 мільёны рублёў. Ён працуе і разумее, што гэта як на трактары па булачкі езьдзіць. Кідае ўсё, едзе ў Польшчу і працуе там лягістам ці мэнэджэрам. Атрымліваецца, людзі вучыліся, а што далей рабіць з адукацыяй — невядома. Зрэшты, у Польшчы таксама цяпер вялікая канкурэнцыя, і пры іншых роўных працадаўца возьме паляка, а не беларуса.

Увогуле, складана сьцьвярджаць, што абавязкова было давучвацца. Можа, некаторыя людзі замест дыплёма атрымалі досьвед. І гэта лепш, чым мець дыплём з пустой галавой».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG