Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвята на фоне танкаў: «Лінія Сталіна» запрашае ў рэзыдэнцыю Дзеда Мароза


Напярэдадні Новага Году на тэрыторыі гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна» ўпершыню за 10 гадоў існаваньня мэмарыялу адкрылася рэзыдэнцыя Дзеда Мароза. Дзетак запрашаюць на сустрэчу з казачнымі пэрсанажамі, тут будуць ладзіцца гульні, фэсты, рэканструкцыі бітваў. Прадугледжаныя і «дарослыя» атракцыі — арганізацыя карпаратываў з шансонам, стральбой халастымі патронамі, лазьняй і алькаголем. І ўсё гэта — на фоне бюста Сталіна ды ваеннай тэхнікі.

Журналісты паспрабавалі высьветліць, адкуль зьявілася ідэя сумясьціць на адной пляцоўцы Дзеда Мароза, танкі ды ракеты.

Сёлета школьнікам прапануюць экскурсіі з наведваньнем рэзыдэнцыі Дзеда Мароза і Сьнягуркі, дзе кожны можа пакінуць паштоўку з навагоднім пажаданьнем, пра якое пазьней казачныя героі паведамяць бацькам дзіцяці.

Большасьць наведнікаў — беларусы, але, па словах адміністрацыі, часта прыяжджаюць госьці з Расеі. Аніматары тут працуюць не прафэсійныя: сам Дзед Мароз, Аляксандар Галубовіч — памочнік дырэктара Фонду дапамогі воінам-інтэрнацыяналістам «Памяць Афгану», які фінансуе мэмарыяльны комплекс. А Сьнягурка — супрацоўніца кавярні, што месьціцца каля рэзыдэнцыі Дзеда Мароза.

Паводле слоў Галубовіча, тут неаднаразова бывалі з неафіцыйнымі візытамі высокапастаўленыя дзяржаўныя дзеячы, як айчынныя, так і расейскія.

Нядаўна пачалося будаўніцтва праваслаўнай капліцы побач зь бюстам Сталіна на ўезьдзе ў мэмарыял. Намесьнік дырэктара комплексу Міхаіл Мятла кажа:

«Сталін адраджаў праваслаўе падчас Вялікай Айчыннай вайны, трэба ведаць гісторыю. Сёньня важная любая ініцыятыва па захаваньні гістарычнай спадчыны».

Гэтак жа мяркуе і Аляксандар Галубовіч. Аднак праводзіць мерапрыемствы з нацыянальным беларускім калярытам пакуль не плянуецца.

Навагоднія рэзыдэнцыі Дзеда Мароза ёсьць таксама ў Белавескай пушчы і сталічным парку імя Горкага.

ГЛЯДЗЕЦЬ ФОТАГАЛЕРЭЮ

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG