Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе ў Беларусі знайсьці справядлівасьць? Разважаюць берасьцейцы


Сёньня Міжнародны Дзень сацыяльнай справядлівасьці. Дзе ў Беларусі можна знайсьці справядлівасьць? Куды вы зьвяртаецеся, калі вас несправядліва пакрыўдзілі? Адказваюць жыхары Берасьця.

Пэнсіянэрка: «Калі дзялілі кватэры на той працы, дзе я рабіла, там была несправядлівасьць. А куды зьвярталася? Толькі ў прафкам зьвярталіся тады, а да дэпутатаў не хадзілі ні да якіх».

Карэспандэнт: «Ну, але ці справядлівае жыцьцё ў Беларусі?»

Пэнсіянэрка: «Ну, рознае ж бывае. Яно ня толькі ж у Беларусі несправядлівае, яно ва ўсім сьвеце такое, несправядлівае».

Спадарыня сярэдняга веку: «У нас нідзе справядлівасьці ніяк не даб’есься. Колькі разоў зьвярталіся ў ЖКГ — дах цячэ, сьцены пацьвілі, як рамонт зрабіла. А толку з гэтага? Яны мне ўсё нейкія адказы даюць ды даюць. Затое сабе камунальныя працаўнікі ўцяпляюць сьцены. У нас справядлівасьці нідзе ніякае, ой, Госпадзі...»

Пэнсіянэр: «Ніякай тут справядлівасьці — гэта ўсё дэклярацыі і пустыя словы. Нічога за імі не стаіць. Ну, але я неяк і не зьвяртаюся, я ведаю, што гэта нічога ня дасьць. Гэта толькі затраты. Спадзявацца толькі на Бога можна, а болей тут... на гэту ўладу?»

Маладая спадарыня: «Справядлівасьць — гэта абстрактная штука. Яна, напэўна, не для простых людзей. Таму што чыноўнікі заўсёды сваімі інтарэсамі кіруюцца. Яны ж ня думаюць, ці справядліва, калі чыноўнік бярэ вялікі хабар. Яму гэта добра, а тое, што ў дачыненьні да іншых людзей несправядліва — яму напляваць. Адстойваць у нашай краіне справядлівасьць — гэта... гэта бессэнсоўна. Свае праблемы трэба вырашаць самому».

Спадарыня сярэдняга веку: «Я, напрыклад, ніколі справядлівасьці не дабілася. Таму што яны абараняюць толькі свае крэслы. Больш нічога. Простых людзей проста ня лічаць за людзей».

Спадар сярэдняга веку: «Калі я быў на прыёме ў губэрнатара, перад мной паставілі такую задачу — прывядзіце факты парушэньняў дзяржаўных служачых, і мы па гэтых фактах будзем разьбірацца. Мне прыйшоў адказ — „вашы факты не пацьвердзіліся“. Чалавек практычна зрабіць нічога ня можа. Дзяржаве можна ўсё. Чалавеку — таксама можна ўсё, але толькі ў сябе на кухні».

XS
SM
MD
LG