Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Маленькія — ды ўдаленькія. Дзе месьцяцца самыя невялічкія музэі Беларусі


Аптэка-музэй у Горадні, фота Sergei Afanasev / Shutterstock.com

Аптэка-музэй у Горадні, фота Sergei Afanasev / Shutterstock.com

Самы маленькі ў сьвеце музэй зьмяшчаецца ў тэлефоннай будцы ангельскага гарадка Ўорлі (Warley) і разьлічаны на аднаго наведніка. У нашай краіне таксама ёсьць невялікія і незвычайныя музэі — аптэка, пакой, кватэра, дом, нават музэй-вагон калісьці быў. Наша аўтарка Яна Шыдлоўская запрашае вас у самыя маленькія беларускія музэі.

1. Лябараторыя Жылібэра і гербарыі Ажэшкі

Аптэка-музэй у Горадні, бясспрэчна, прэтэндуе на званьне аднаго з самых маленькіх і цікавых музэяў краіны. Ён разьмешчаны на цэнтральнай Рынкавай плошчы гораду ў старым будынку, што быў узьведзены ў 1709 годзе, а адрэстаўраваны ў 1996-м. Першапачаткова двухпавярховай аптэкай і надзелам зь зёлкамі побач апекаваліся браты-езуіты, паступова забясьпечваючы лекамі ня толькі езуіцкі калегіюм, але і ўвесь горад. Пасьля скасаваньня манаскага ордэну аптэка адыходзіць да мэдычнай акадэміі, і ў яе памяшканьнях пачынае гаспадарыць прафэсар Жан Эмануэль Жылібэр. Ён разьбівае ў Горадні каралеўскі батанічны сад, расьліны і зёлкі зь якога выкарыстоўваліся і ў аптэцы. У ХІХ-ХХ стагодзьдзях у будынку дзейнічалі хімічная і зёлкавая лябараторыі, адзін за адным зьмяняліся гаспадары і арандатары. Кожны зь іх працаваў на прэстыж і статус найлепшай у горадзе аптэкі, якую ў розныя часы называлі езуіцкай, фарнай, аптэкай Адамовіча, дзяржаўнай № 3.

Амаль палову мінулага стагодзьдзя будынак не выкарыстоўваўся па прызначэньні. Пасьля рэстаўрацыі ў ім зноў запрацавала сапраўдная аптэка, а побач у невялікім памяшканьні — музэй, на кожны квадратны мэтар якога прыпадае вялікая канцэнтрацыя гістарычных фактаў. У музэйнай экспазыцыі — аптэчны посуд, хірургічныя інструмэнты, лекі мясцовай і замежнай вытворчасьці розных часоў, касмэтычныя сродкі вядомых брэндаў, дакумэнты, зборы старажытных рэцэптаў. Сярод экспанатаў знаходзяцца і гербарыі Элізы Ажэшкі, зробленыя пісьменьніцай падчас вандровак па гарадзенскіх ваколіцах.

Тут жа разьмясьціліся і фрагмэнты какторыю — зёлкавай лябараторыі для прыгатаваньня мазяў, парашкоў, налівак і экстрактаў, а таксама — экспэдыцыйнай залі са сталом аптэкара і прывабна аздобленымі шафамі з бутэлечкамі лекаў.

2. Маленькі дом вялікага мастака

Маленькі музэй вялікага мастака дзейнічае на Пакроўскай вуліцы у Віцебску. Двухпавярховыя турыстычныя аўтобусы, што паркуюцца побач на час экскурсіі, амаль цалкам закрываюць сабой аднапавярховы цагляны будынак бацькоўскага дома Марка Шагала.

Дом-музэй Марка Шагала

Дом-музэй Марка Шагала

Пасьля вайны сваякоў мастака ў Віцебску не засталося, і ў цудам ацалелым доме селіцца сямʼя маляра Зіновія Мейцына. У 70-я гады да новых гаспадароў даходзяць чуткі, што дом, дзе яны жывуць, калісьці належаў усясьветна вядомаму мастаку, імя якога, аднак, у горадзе амаль ня ўзгадваецца. На пачатку 90-х пасьля стварэньня Шагалаўскага камітэту на чале з Давідам Сімановічам у адным з пакояў дому, дзе працягвае жыць сямʼя Мейцыных, адкрываецца першая музэйная экспазыцыя. Паступова дом-музэй Марка Шагала займае ўвесь будынак. Дарэчы, сярод тых, хто вяртаў імя Шагала гораду, былі Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін.

Аднавіць інтэрʼеры дому сямʼі Шагалаў аказалася няпроста. У 1920 годзе мастак разам з жонкай едзе ў Маскву, дзе яны пражывуць два галодныя гады, выменьваючы ў спэкулянтаў упрыгажэньні Бэлы на хлеб. Тады Шагал ня ведаў, што ў Віцебск ён ужо ніколі ня вернецца. Пасьля Масквы Шагалаў чакалі Бэрлін, Парыж, Нью-Ёрк. Мэбля і прадметы быту з віцебскага дому не вывозіліся. У вайну яны былі разрабаваныя альбо зьнішчаныя, бо наўрад ці ў той неспакойны час хтосьці задумваўся, што яны могуць яшчэ спатрэбіцца, тым больш — у якасьці музэйных экспанатаў. Таму асновай для стварэньня экспазыцыі стала аўтабіяграфічная кніга Шагала «Маё жыцьцё», дзе ён падрабязна апісвае сваё жыцьцё да таго, як пакінуў Віцебск. Створаная мастаком Юрыем Чарняком экспазыцыя пераконвае турыстаў, што пры жыцьці прызнаны творца калісьці жыў у невялікім доме з малюсенькімі пакойчыкамі.

Працягнуць знаёмства з творчасьцю Шагала і яго віцебскай дзейнасьцю турысты едуць у арт-цэнтар праз раку, а таксама на перайменаваную вуліцу Марка Шагала, дзе стаіць гістарычны будынак Віцебскай мастацкай вучэльні.

3. Прасы для карункаў і шынялёў

Убачыць мініятурны прас памерам з пачак запалак, адпрасаваць і зьмякчыць ільняную тканіну драўляным прасам магчыма ў маленькім, часткова інтэрактыўным прыватным музэі. Гарадзенскі Музэй праса — першы і адзіны ў краіне, прысьвечаны гісторыі разьвіцьця бытавога прадмета, безь якога да сёньня ня можа абысьціся ні адна гаспадыня.

Аляксей Белы

Аляксей Белы

Музэйны фонд складаюць каля трохсот адзінак разнастайных прасаў, зробленых на мяжы ХІХ–ХХ стагоддзяў. Ёсьць у музэі і больш раньнія экспанаты. Паравыя, газавыя, сьпіртавыя, электрычныя, чыгунныя і драўляныя, лятуневыя, працоўныя і дэкаратыўныя, зробленыя ў розных краінах і нават частках сьвету, яны займаюць асноўны пакой невялічкага музэю. Тут можна ўбачыць элегантны прас, якім разгладжвалі тонкія карункі, грубы казарменны прас для шынялёў, ангельскі карабельны прас, што выглядае як патэльня.

Асобнае памяшканьне музэю займае посуд і кухоннае начыньне — мясарубкі, сокавыціскалкі, прыстасаваньні для абіраньня гародніны і расколваньня гарэхаў, таркі і нават пральныя машыны. Некаторыя прадметы знаходзяцца ў працоўным стане, і могуць быць прадэманстраваныя ў дзеяньні.

4. Кнігі і кветкі Ажэшкі

Музэй адной з самых адукаваных жанчын Горадні і ўсясьветна вядомай пісьменьніцы, творы якой двойчы вылучаліся на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі, складаюць малы салён і працоўны кабінэт у рэканструяваным доме адваката Станіслава Нагорскага. Яго жонкай Эліза Ажэшка стала ў 1894 годзе.

Дом-музэй Элізы Ажэшкі

Дом-музэй Элізы Ажэшкі

На той час новая гаспадыня ўжо была аўтаркай «Малюнка з галодных гадоў», «Пана Грабы», «Марты», «Элі Маковер», «Мэіра Эзафовіча», аповесьцяў «Нізіны» і «Дзюрдзі». Яна мела прызнаньне як літаратарка і публіцыстка, а яе творы — станоўчыя водгукі ад вядомых тагачасных крытыкаў.

У працоўным кабінэце пісьменьніцы стаіць грунтоўны стол з масіву, на якім раскладзеныя кнігі, аркушы. Магчыма, менавіта тут Эліза Ажэшка рыхтавала да друку аповесьць «Хам», пісала «Мэлянхолікаў», выводзіла радкі раману «Арганаўты», складала апошні зборнік навэляў «Gloria victis». На кніжных паліцах стаяць прыжыцьцёвыя выданьні пісьменьніцы, у тым ліку раман «Над Нёманам», а таксама кнігі аўтараў, творчасьцю якіх захаплялася гаспадыня кабінэта, — Пруса, Сянкевіча, Дзюма, Дыкенса, Эліёта. Утульную гасьцёўню ўпрыгожвае камін, пры цяпле і сьвятле якога зьбіраліся госьці Элізы Ажэшка, сярод якіх быў і Францішак Багушэвіч. Сьцены пакоя аздоблены карцінамі, фатаздымкамі і зробленымі гаспадыняй гербарыямі. У пошуках матэрыялаў для іх стварэньня пісьменьніца езьдзіла па ваколіцах, зьбірала беларускія назвы расьлінаў, шукала ім лацінскія адпаведнікі. Апроч гербарыяў, вынікам тых вандровак стаў краязнаўчы нарыс «Людзі і кветкі над Нёманам».

Дом з мэмарыяльным пакоем-музэем Элізы Ажэшкі стаіць на вуліцы, што носіць яе імя, — у горадзе, да якога пісьменьніца неаднойчы зьвярталася ў сваёй творчасьці.

5. Самагонны апарат, пустая бутэлька і расьпіска

Маючы вялікае значэньне і для асобнай вёскі, і для ўсёй краіны, гэты маленькі музэй паўстае сымбалем барацьбы з пʼянствам. Антыалькагольны музэй быў закладзены ў Мосары ксяндзом Ёзафам Булькам у 90 гады ХХ стагодзьдзя. Ён разьмясьціўся ў невялікім драўляным будынку каля касьцёла Сьвятой Ганны.

Касьцёл Сьвятой Ганны ў Мосары

Касьцёл Сьвятой Ганны ў Мосары

Самагонныя апараты вяскоўцаў, бутэлькі з-пад моцных напояў, посуд для іх ужываньня сталі экспанатамі. З часам экспазыцыя папоўнілася агітацыйнымі плякатамі і расьпіскамі жыхароў вёскі ў тым, што яны адмаўляюцца ад выпіўкі. У пытаньнях цьвярозасьці ксёндз Булька быў надзвычай прынцыповым: адмаўляўся выконваць рэлігійныя абрады ў доме, дзе знаходзілася сьпіртное, забараняў мосарскім парафіянам нападпітку заходзіць у касьцёл. Аднак ксёндз ня проста забараніў ужываць сьпіртное, ён прапанаваў пастве альтэрнатыву — вольнае наведваньне парафіяльнага дому, дзе можна адпачыць, паглядзець тэлевізар, выпіць гарбаты, згуляць у більярд або тэніс. Цьвярозіць і створаная ксяндзом прыгажосьць вакол касьцёла. Яшчэ пры жыцьці Ёзаф Булька, сустракаючы гасьцей, абавязкова вёў іх у музэй, дзе праводзіў грунтоўную лекцыю-экскурсію, заклікаючы да жыцьця, у якім няма месца алькаголю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG