Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карэспандэнты Свабоды прайшлі па першых ад вакзалу кварталах беларускіх гарадоў і паспрабавалі адказаць на пытаньне турыста, які ня ведае, куды трапіў.

«Алёша зь Цьвяры» і ручнік з надпісам «Беларусь — краіна шчырых сяброў»

З прывакзальнай плошчы ў цэнтар Віцебску вядзе вуліца Кірава. вуліца шырокая, пасярэдзіне падзеленая сквэрам — у іншых гарадах такія магістралі называюць праспэктамі.

На гэтым адметнасьці, бадай што, і сканчаюцца: калі чужы чалавек прыедзе сюды і азірнецца па бакох, то адразу можа і ня ўцяміць — ці ён у беларускім Віцебску, ці ў якім расейскім Смаленску або Пскове.

На рагу вуліц Кірава і Касманаўтаў месьціцца крама пад шыльдай «Белорусский мех», побач «Аптека». Па правым баку вуліцы Кірава — харчовая крама сеткі «Веста», крама ювэлірных вырабаў «Изумруд» і фірмовая крама «Yves Rocher», якая прыцягвае ўвагу лацініцай на шыльдзе. Лацініцу можна ўгледзець і насупраць: на левым баку вуліцы Кірава скрозь лістоту сквэру праглядаюцца «Adidas» і «Belwest».

Уласна беларуская назва ўсяго адна: над фірмовай крамай Віцебскага хлебакамбінату «Каравай Прыдзвіння». Але чамусьці прадубляваны ўверсе вялікімі літарамі па-расейску — «Каравай Придвинья». Паблізу невялікая кавярня, якая належыць таму ж прадпрыемству. Галоўная шыльда — па-беларуску, але паабапал дзьвярэй яшчэ дзьве: зьлева — «Кафе», справа — «Кофейня».

Асартымэнт кандытарскіх вырабаў ня дужа багаты, затое слова «кава» тут зразумелі. Праўда, афіцыянтка відавочна зьдзівілася, пачуўшы беларускую мову. І адзіны наведнік, нецьвярозы «Алёша зь Цьвяры», як ён назваўся, прэтэндуючы на знаёмства, таксама быў дужа ўражаны. «Ну нічога сабе, па-беларуску гаворыць», — так магла б прагучаць ягоная фраза, калі зь яе выкінуць мацюкі...

Далей, да скрыжаваньня з вуліцай Дзімітрава, воку заежджага турыста ня ўдасца зачапіцца за ніводнае беларускае слова. І толькі на другім баку вуліцы Кірава стаіць шапік з традыцыйнай назвай «Віцебскаблсаюздрук». А побач — невыразная «Фотостудия № 2».

Нацыянальнага калярыту мэтазгодна было б чакаць у краме «Витебский лён», хоць расейскамоўная шыльда над уваходам нібыта папярэджвае — «пакінь надзею»... Усё-ткі заходзім усярэдзіну. І адразу бянтэжым гандлярку словам «вышыванка». На просьбу паказаць, якія вышыванкі ёсьць у асартымэнце, гандлярка пачынае гаварыць зусім не пра тое:

«З вышыўкай? Нічога ў нас такога няма. Вось адзінае, што ёсьць, зараз пакажу, — гэта ручнік. Але гэта проста каляровы друк, тут напісана „Беларусь — краіна шчырых сяброў“. Але гэта ня вышыўка, так, просьценькі ручнік. Такі вось, беларускі такі...»

Гандлярка відавочна не разумее, пра што ў яе пытаюцца. Бо ў мужчынскім аддзеле ёсьць некалькі вышыванак. Жаночых, праўда, няма.

І попыту дужа няма, кажа работніца крамы. У тым ліку і на беларускую мову, якой дзяўчына практычна не валодае — кажа, што цалкам хапае расейскай:

«Не, нас ня вучаць! Калі прыяжджаюць турысты, дык яны зь перакладчыкам. І то — калі ўжо ангельскую мову ведаць. А так — расейцы пераважна прыяжджаюць. Бяруць абрусы, посьцілкі. Ручнікі бяруць, зараз пакажу якія — калі засталіся. Ну во, ёсьць з хлебам-сольлю, ёсьць «Спаси и сохрани», 100% лён. Можна на стол паслаць, а можна рукі выціраць. Такія вось ручнікі аршанскія. Во! Ёсьць яшчэ кепачка такая, з надпісам „Белорусский лён“».

Прывакзальная плошча

Прывакзальная плошча

Пасьля гэтай крамы беларускага калярыту на віцебскай вуліцы шукаць зусім не выпадае. Наперадзе толькі крамы «Мегатоп», «Цветы», «Лента», а ўдалечыні паўстае будынак віцебскага вакзалу. На ім, дарэчы, надпіс па-беларуску — «Вакзал». Як празрысты намёк: «Зьяжджайце, Беларусь — гэта ня тут». А трошку збоку, каля прывакзальнага сквэрыку, як на зьдзек, вядомы рэклямны слоган на бігбордзе: «Маё першае слова „Каханьне“. Якім будзе тваё першае слова на роднай мове?».

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG