Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе Беларусь возьме валюту, каб заплаціць 4 млрд даляраў доўгу?


Сёлета беларускім уладам давядзецца вяртаць вялікія запазычанасьці. Ці хопіць дзеля гэтага золатавалютных рэзэрваў? Ці можна павялічыць экспарт? Хто дасьць крэдыт?

Удзельнікі: экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук і фінансавы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб.

Якія крыніцы атрыманьня валюты?

Валер Карбалевіч: «4 млрд даляраў трэба вяртаць сёлета. Золатавалютныя рэзэрвы — каля 5 млрд, то бок на мяжы захаваньня эканамічнай бясьпекі. Дзе ўзяць грошай, каб выплаціць даўгі?»

Зьміцер Крук

Зьміцер Крук

Зьміцер Крук: «У бюджэце прапісана, што на пагашэньне зьнешніх пазыкаў пойдуць грошы ад нафтавага мыта. Гэта напалову здымае пытаньне. А другую палову — каля 2 млрд даляраў — улады будуць імкнуцца рэфінансаваць».

Вадзім Іосуб

Вадзім Іосуб

Вадзім Іосуб: «Тэарэтычна ёсьць тры шляхі атрымаць валюту. Па-першае, яе можна зарабіць, то бок атрымаць за кошт экспарту. Але нават паводле афіцыйных прагнозаў сёлета нас чакае зьніжэньне экспарту, што зьвязана з падзеньнем эканомікі Расеі. Па-другое, прадаць за валюту актывы. Але Лукашэнка адмаўляе прыватызацыю.

Па-трэцяе, пазычыць валюту. Дзе? Ёмістасьць унутранага рынку абмежаваная. У фізычных і юрыдычных асобаў Беларусі можна пазычыць ня больш за некалькі соцень мільёнаў даляраў.

Застаюцца вонкавыя пазыкі. Бягучая даходнасьць па эўрабондах — 12–14% гадавых. Гэта вельмі нявыгадна. Застаецца традыцыйны крэдытор — Расея. Але з улікам тых праблемаў, якія яна перажывае, цяжка разьлічваць на вялікія сумы крэдытаў».

Карбалевіч: «Можа, ад прыватызацыі краіна атрымае шмат валюты?»

Крук: «Патэнцыйна гэта магчыма. У законе аб бюджэце атрыманьне вялікіх грошай ад прыватызацыі не прадугледжана. Але не выключаю, што калі сытуацыя з валютай стане крытычнай, то можа адбыцца прыватызацыя, як гэта адбылося зь „Белтрансгазам“ і „Вэлкомам“».

Ці дасьць крэдыт Расея?

Карбалевіч: «Вось Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі патлумачыў, што 500 млн даляраў Беларусь атрымае з расейскага бюджэту, 500 млн — з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. Плюс рэструктурызацыя доўгу. Гэта рэальна?»

Іосуб: «Пытаньне ў тым, што Расея запатрабуе ўзамен. Хоць Лукашэнка ўжыў тэрмін „рэструктурызацыя доўгу“, але гэта некарэктна. Так кажуць тады, калі краіна ня можа выплачваць бягучыя даўгі, гэта сытуацыя дэфолту. Але пакуль Беларусі гэта не пагражае. Міністэрства фінансаў у сваім прэс-рэлізе удакладніла, што гаворка ідзе не пра рэструктурызацыю, а пра рэфінансаваньне доўгу, то бок пра атрыманьне новых крэдытаў дзеля выплаты старых».

Магчымае палітычнае крэдытаваньне, то бок выдзяленьне крэдытаў пад палітычныя перадумовы

Крук: «У Расеі цяпер разгарнулася барацьба паміж дзяржаўнымі кампаніямі за атрыманьне валюты з Фонду нацыянальнага разьвіцьця. На гэтым тле выдзяленьне валюты Беларусі будзе ўспрынята зь непаразуменьнем. Але магчымае палітычнае крэдытаваньне, то бок выдзяленьне крэдытаў пад палітычныя перадумовы».

Карбалевіч: «Беларусь мае вялікі досьвед атрыманьня крэдытаў ад расейскіх дзяржаўных банкаў: ВТБ, „Сбербанка“. Ці магчыма цяпер спадзявацца на іх?»

Іосуб: «Цяпер фінансавы стан буйных расейскіх дзяржаўных банкаў кардынальна зьмяніўся ў горшы бок. У іх моцна ўскладніўся доступ да заходніх фінансавых рынкаў. Таму імавернасьць фінансаваньня імі Беларусі невялікая.

Крук: «У Расеі цяпер павялічваецца імавернасьць сыстэмнага банкаўскага крызісу. Расейскія банкі самі стаяць у чарзе па дзяржаўныя грошы. Таму лічу цалкам немагчымым крэдытаваньне імі Беларусі».

Якія яшчэ існуюць варыянты атрыманьня валюты?

Карбалевіч: «Ці можна знайсьці іншыя крыніцы крэдытаў? Напрыклад, у Вэнэсуэле, Кітаі ці ў МВФ?»

Крук: «З Кітаем глеба для перамоваў пра крэдыт можа быць. Але кітайскія крэдыты — зьвязаныя. Карысьць для Беларусі ад такіх крэдытаў блізкая да нуля.

Больш імаверным контрагентам Беларусі можа стаць МВФ. Але пакуль рэальных перамоваў пра крэдыт з фондам няма, бо той патрабуе рынкавых рэформаў».

Карбалевіч: «На нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка заявіў, што пакуль ён кіруе краінай, ніякіх рэформаў ня будзе».

Іосуб: «Ранейшы досьвед паказвае, што калі становіцца зусім дрэнна, то беларускія ўлады здольныя на гнуткасьць. Таму слабая надзея на супрацоўніцтва з МВФ захоўваецца. Тым больш што крэдыты МВФ — самыя танныя».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG