Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зьявіцца дзяржаўны пракат ровараў з паркаматамі


Велакаранавал у Менску, архіўнае фота

Велакаранавал у Менску, архіўнае фота

У Менску працягнецца будаўніцтва роварных дарожак і зьявіцца пракат гарадзкіх ровараў. Пра гэта паведаміў 2 жніўня намесьнік старшыні Менгарвыканкама Ігар Карпенка на сустрэчы з працоўным калектывам 9-й гарадзкой клінічнай бальніцы Менска.

«Гарадзкія ўлады вітаюць актыўнае імкненьне менчукоў весьці здаровы лад жыцьця, да якога адносіцца і язда на ровары, — адзначыў Ігар Карпенка. — Таму ў Менску прадоўжыцца будаўніцтва веладарожак».

Таксама намесьнік старшыні Менгарвыканкама паведаміў, што жыцьцё для раварыстаў у горадзе стане больш камфортнай са зьяўленьнем цывілізаваных веластаянак з паркаматамі.

«Па такім шляху пайшлі ў Маскве, напрыклад, і ён апраўданы. Гэта вельмі зручна — захацеў пакатацца, дабраўся да стаянкі, аплаціў пракат ровара. На наступным „пункце“ вярнуў яго, — тлумачыць ён. — Ці можна абысьціся і без куплі ровара, які, дарэчы, і захоўваць у нашых кватэрах няма дзе. Мой ровар, напрыклад, стаіць на гаўбцы. І жонка мне б толькі „дзякуй“ сказала, калі б я яго адтуль прыбраў».

Паводле словаў Ігара Карпенкі, цалкам магчыма, што ровары на паркоўках будуць айчыннымі — вытворчасьці ААТ «Мотавела».

Тым часам у Менску дзейнічае шэраг недзяржаўных платных пракатаў ровараў, а таксама бясплатны пракат «Добры ровар», які ўласнымі сіламі ладзяць актывісты-валянтэры.

XS
SM
MD
LG