Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура адмовілася заводзіць справу за публікацыю на Regnumʼе


Belarus - Homel activist Dzyanis Rabyanok, 4Nov2016
Belarus - Homel activist Dzyanis Rabyanok, 4Nov2016

Генэральная пракуратура пераслала зварот актывіста, які запатрабаваў заблякаваць сайт Regnum, у Міністэрства інфармацыі. Падставаў адкрыць крымінальную справу за абразу Беларусі і беларусаў ня ўгледзела.

Грамадзкі актывіст Дзяніс Рабянок з Каленкавічаў атрымаў сёньня адказ на свой ліст да генэральнага пракурора Беларусі. У лісьце актывіст прасіў распачаць крымінальную справу паводле артыкула 130 у дачыненьні да журналісткі расейскага інфармацыйнага агенцтва Regnum. А таксама заблякаваць доступ да гэтага рэсурсу ў Беларусі з прычыны абразы на адрас краіны, беларусаў і беларускай мовы.

Адказ падпісала начальніца аддзелу Генэральнай пракуратуры з нагляду за захаваньнем правоў і свабодаў грамадзян Марына Папова. Яна паведаміла Дзянісу Рабянку, што ягоны ліст перанакіраваны для разгляду «ў адпаведнасьці з кампэтэнцыяй» у Міністэрства інфармацыі «ў частцы магчымага абмежаваньня доступу да сайту расейскага інфармацыйнага агенцтва Regnum, на якім, паводле меркаваньня аўтара, разьмяшчаецца інфармацыя, накіраваная на дыскрэдытацыю беларускай мовы і распальваньне нацыянальнай варожасьці».

Адначасна актывісту патлумачана, што на падставе артыкулаў 5 і 6 Крымінальнага кодэксу адказнасьці падлягае асоба, якая ўчыніла злачынства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Іншаземцы нясуць адказнасьць, калі ўчынілі «асабліва цяжкія злачынствы, накіраваныя супраць інтарэсаў Рэспублікі Беларусь».

«Улічваючы, што дзеяньні, прадугледжаныя ч. 1 арт. 130 КК, не адносяцца да вышэйназванай катэгорыі злачынстваў, правядзеньне праверачных мерапрыемстваў па факце магчымых супрацьпраўных дзеяньняў журналісткі інфармагенцтва Regnum не ўваходзіць у юрысдыкцыю праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь», — сказана ў адказе з пракуратуры.

Дзяніс Рабянок зьдзіўлены такой пазыцыяй пракуратуры:

«Выглядае, што я магу пасяліцца ў Расеі і кожны дзень буду паліваць брудам Беларусь, а ў Генпракуратуры будуць усё гэта толькі слухаць і патыліцу чухаць».

Нагодай для звароту Дзяніса Рабянка ў пракуратуру стаўся артыкул Алы Бронь «Беларусь сыходзіць з „Русского мира“ цішком, з улікам украінскага досьведу», зьмешчаны на сайце згаданага расейскага агенцтва. Аўтарка называе Беларусь «зварʼяцелай недадзяржавай», беларускую нацыю — выдуманай, а мову — штучнай. Беларуская мова нібыта была створана ў 1920–1930 гадах «трацкістамі», «якіх пазьней вычысьціў Сталін». Сталін зьнішчыў беларусізатараў і спыніў беларусізацыю, але «пасьля развалу СССР недабітыя паліцаі і іх унукі зноў пачалі сваю чорную справу».

«Калі Беларусь называюць «недадзяржавай», то камусьці абавязкова захочацца зрабіць тут «паўнавартасную дзяржаву», — лічыць Дзяніс Рабянок.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG