Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дызайнэр касмэтыкі «Асобы»: Заказчык хацеў беларусацэнтрычнасьці


Парфумэрна-касмэтычная фірма Modum абвясьціла пра запуск у продаж новай сэрыі прадукцыі — гэта моладзевая касмэтыка, упакоўка якой выкананая ў нацыянальных колерах.

Свабода пагаварыла з Анатолем Лазарам, кіраўніком дызайн-студыі «Адліга», які распрацаваў упакоўку касмэтыкі Asoba. Ён сказаў, што заказчык адразу абазначыў, якім павінен атрымацца прадукт — беларусацэнтрычным і арыентаваным на моладзь, неабыякавую да ўсяго беларускага.

«Modum зьвярнуўся да мяне летась з прапановай распрацаваць дызайн моладзевай касмэтычнай лініі. У якасьці заданьня для пазыцыянаваньня была заяўлена беларусацэнтрычнасьць», — кажа Анатоль Лазар.

Такая замова азначае, што інфармацыйнае аздабленьне ўпакоўкі прадукцыі павінна быць беларускамоўным і прывабным для маладых людзей, якім неабыякавая беларуская мова.

«Я ўзяўся за гэтую працу з імпэтам і распрацаваў у студыі „Адліга“ дызайн прадукцыі, якая ўжо пачынае зьяўляцца ў гандлёвых кропках. Лінія называецца Asoba, яна будзе ўключаць некалькі прадуктаў для моладзі», патлумачыў дызайнэр і дадаў, што назва лініі — гэта гатовая ідэя фірмы Modum:

«Назву прапанаваў кліент, аддзел маркетынгу. Тое, што яна выкананая лацінкай, тлумачыцца галіновай спэцыфікай і таксама разьлікам на зьнешні рынак».

Анатоль Лазар

Анатоль Лазар

Анатоль Лазар кажа, што прапанаваў Modum некалькі варыянтаў аздабленьня. Заказчык, на яго погляд, абраў найбольш сьмелы:

«Адначасова ён і самы трэндавы, бо ёсьць хваля інтарэсу да беларускай прадукцыі, да той жа вышыванкі. Але ў нас атрымалася зрабіць вышыванку нэўтральна-эўрапейскай, безь местачковасьці. Гэты варыянт быў самы сьмелы з прапанаваных, таму хочацца аддаць належнае прадстаўнікам кампаніі Modum, якія абралі менавіта яго».

Дызайнэр перакананы, што важна, каб прадукты з падобным дызайнам зьяўляліся ня толькі ў малых крамках, але і выходзілі на сур’ёзны рынак, выпускаліся вялікімі накладамі:

«Пераломны момант у тым, што гэта не кустарны прадукт, які робіцца невялікім накладам і прадаецца ў некалькіх кропках. Крэм — гэта фабрычны прадукт, маштабы яго выпуску вельмі вялікія, ён адразу зьявіцца ў сотнях крамаў. Да таго ж я перакананы, што ніякіх рызыкаў кліент не нясе. Тым ня менш усё беларускае выклікае ўвагу — прычым і тых, хто гэта любіць, і тых, хто ня любіць».

XS
SM
MD
LG