Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыпляматычны баль падчас эканамічнай чумы


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Калі ацэньваць інтэнсіўнасьць і ўзровень замежнапалітычных кантактаў, то сёньня Беларусь перажывае, можа, самы плённы пэрыяд у сваёй незалежнай гісторыі. Ніколі раней палітыкі такога міжнароднага ўзроўню не наведвалі краіну ў такой колькасьці і ў такі кароткі прамежак часу.

Летась 26 жніўня ў Менску адбыўся саміт з удзелам кіраўнікоў Беларусі, Казахстану, Расеі, Украіны, трох камісараў Эўразьвязу, а таксама Вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан. 11–12 лютага 2015 году ў беларускай сталіцы прайшла сустрэча «нармандзкай чацьвёркі», у якой узялі ўдзел канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд, прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Гэтыя візыты, статус Беларусі як міратворцы дзеля ўрэгуляваньня ўкраінскага канфлікту дазволілі кіраўніцтву Беларусі пачаць працэс нармалізацыі адносін з Захадам. У Менск адна за адной пацягнуліся эўрапейскія дэлегацыі. Нават выстраілася чарга. Чакаецца дэлегацыя Эўрапарлямэнту, якая правядзе перамовы з Палатай прадстаўнікоў Беларусі. Нарэшце ЭЗ прызнаў беларускі «парлямэнт».

У траўні адбыўся трохдзённы візыт у Менск кіраўніка Кітая Сі Цзіньпіна. Днямі Беларусь наведаў прэзыдэнт Індыі Пранаб Мукерджы. З улікам таго, што цэнтар эканамічнага, а значыць, у будучыні і палітычнага разьвіцьця сьвету перамяшчаецца ў Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён, гэтыя візыты набываюць значную вагу і, нібыта, сьведчаць, што Беларусь упісваецца ў глябальны трэнд.

Аляксандар Лукашэнка не хавае сваёй эўфарыі. Прымаючы старшыню КНР Сі Цзіньпіна, ён адзначыў, што «ніякай ізаляцыі дзяржавы быць ня можа, калі ў гэтай дзяржавы добрыя і тым больш дружалюбныя адносіны з Кітайскай Народнай Рэспублікай». А падчас перамоваў з прэзыдэнтам Індыі Пранабам Мукерджы кіраўнік Беларусі казаў: «Спробы ізаляваць Беларусь, неяк паставіць на месца, націснуць — беспэрспэктыўныя, пакуль мы маем адносіны з такімі гіганцкімі дзяржавамі, як ваша». Такое лёгкае галавакружэньне.

Але трэба было так здарыцца, што ў момант найвялікшага замежнапалітычнага трыюмфу Беларусь пад кіраўніцтвам Лукашэнкі апынулася ў сытуацыі надзвычай глыбокага эканамічнага крызісу. І такое супадзеньне не выпадковае. Яно азначае, што міжнародныя посьпехі ніяк не пераўтвараюцца ў эканамічныя бонусы і дывідэнды.

Міжнародныя посьпехі ніяк не пераўтвараюцца ў эканамічныя бонусы і дывідэнды

Вось толькі апошняя інфармацыя. Мала таго, што аб’ём замежнага гандлю абваліўся, дык яшчэ за студзень-люты гэтага году дэфіцыт гандлёвага балянсу па таварах склаў 930 млн. даляраў. Амаль мільярд. Другі прыклад. Беларускія афіцыйныя асобы ўвесь час цьвердзяць пра неспрыяльныя вонкавыя ўмовы — маўляў, крызіс у краінах, якія зьяўляюцца галоўнымі рынкамі збыту. Але Беларусь ня можа карыстацца нават спрыяльнымі чыньнікамі. Памятаеце, у жніўні мінулага году, калі толькі РФ увяла эмбарга на пастаўкі харчаваньня з ЭЗ, намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Марыніч радасна адзначыў, што для Беларусі гэта Кландайк. Але, здаецца, той Кландайк скончыўся. За чатыры месяцы гэтага году на экспарце прадуктаў харчаваньня ў Расею Беларусь страціла 180 млн даляраў.

То бок беларуская сацыяльная мадэль настолькі кансэрватыўная, што ня здольная адаптавацца да вонкавых умоваў, ня можа рэагаваць на зьнешнія раздражняльнікі. Таму ўсе гэтыя візыты пакуль ніяк не ўплываюць на эканоміку. Хвораму ад наплыву гасьцей ні холадна, ні сьпякотна. І ўсе грандыёзныя пляны, пра якія сьпяваюць дзяржаўныя мэдыі, так і застануцца пражэктамі.

Толькі адзін прыклад у зьвязку з плянамі. Калі праектаваўся Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк, Лукашэнка настойліва паўтараў, што там будзе толькі інавацыйная вытворчасьць, толькі найбольш сучасныя тэхналёгіі і інш. Але вось цяпер высьвятляецца, што ў гэтым парку кітайцы плянуюць будаваць лягістычны цэнтар у рамках праекту «Шаўковы шлях». Калі гаварыць спрошчана, то лягістычны цэнтар — гэта вялікі склад.

Другі прыклад плянаваных інавацыяў. Падчас візыту ў Пакістан Лукашэнка рэклямаваў гэты індустрыяльны парк і прапаноўваў пакістанскаму бізнэсу ствараць там тэкстыльныя і швейныя прадпрыемствы. Вось дык інавацыі, вось дык найноўшыя тэхналёгіі!

Калі сацыяльна-эканамічная мадэль у заняпадзе, то застаецца толькі атрымоўваць маральнае задавальненьне ад камунікацыяў з высокімі замежнымі гасьцямі. Дыпляматычны баль падчас эканамічнай чумы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG