Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дымавая заслона грузінскага візыту Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка і Георгі Маргвелашвілі

Аляксандар Лукашэнка і Георгі Маргвелашвілі

Падчас свайго першага афіцыйнага візыту ў Грузію Аляксандар Лукашэнка падзякаваў кіраўніцтву гэтай краіны (цяперашняму і былому) за падтрымку пазыцыі Беларусі на Захадзе.

Кіраўнікі Грузіі і Беларусі вырашылі, што ўзаемны таваразварот можна павялічыць да 200 мільёнаў даляраў на год. На думку Лукашэнкі, Беларусь і Грузія знойдуць такія варыянты супрацы, каб «партнэры ў Эўразійскім эканамічным саюзе і Эўразьвязе ня мелі прэтэнзіяў».

Падчас сёньняшняй сустрэчы з прэзыдэнтам Грузіі Георгіем Маргвелашвілі Аляксандар Лукашэнка падзякаваў за падтрымку і цяперашняму кіраўніцтву, і былому прэзыдэнту Грузіі Міхаілу Саакашвілі:

«Я ўдзячны і былому прэзыдэнту, і вам за тое, што вы паўсюль на Захадзе нас падтрымлівалі і падтрымліваеце,» — цытуюць Лукашэнку мэдыі.

«Грузія сапраўды падтрымлівае Лукашэнку на міжнароднай арэне, паколькі яна ўдзячная кіраўніку Беларусі за ягоную пазыцыю па Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі», — адзначае намесьнік кіраўніка руху «За свабоду» Алесь Лагвінец:

Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

«Лукашэнка не прызнаў Абхазію і Паўднёвую Асэтыю як сувэрэнныя дзяржавы. За гэта Грузія спрабавала ўвесь час уцягнуць Беларусь у больш шчыльнае супрацоўніцтва з Эўразьвязам. А Саакашвілі нават меў пэўныя амбіцыі стаць пасярэднікам паміж Беларусьсю і Захадам.

Тут трэба разумець: калі размова ідзе пра тэрытарыяльную цэласнасьць, бясьпеку сваёй дзяржавы, то прасоўваньне дэмакратыі за мяжой (на чым таксама спрабаваў спэцыялізавацца Саакашвілі) адыходзіць на другі плян. Тое ж самае адбываецца і цяпер. Выглядае, што ў Грузіі, незалежна ад таго, якія сілы пры ўладзе, ёсьць агульнанацыянальны кансэнсус адносна акупаваных тэрыторыяў. І любая ўлада, якая б яна ні была, ня будзе адкрыта ісьці насуперак жаданьням усяго народу. Бо там жа ўладу сапраўды выбіраюць».

На разьвіцьцё дачыненьняў з Грузіяй Лукашэнка глядзіць аптымістычна. Сёньня ён заявіў, што сяброўства Беларусі ў Эўразійскім эканамічным саюзе, з аднаго боку, і жаданьне Грузіі далучыцца да Эўразьвязу, з другога, не супярэчаць іх узаемнай супрацы. Больш за тое, на думку Лукашэнкі, «калі гэтым буйным саюзам патрэбны будзе больш працяглы час, каб прыйсьці да пагадненьня, то паміж дзьвюма краінамі, якія ўваходзяць у гэтыя саюзы, гэта зрабіць вельмі проста».

«Такая супраца сапраўды выглядае рэальнай», — лічыць палітоляг Андрэй Фёдараў:

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

«Мы ж ведаем, што ў Беларусі вельмі добрыя гандлёвыя стасункі зь Літвой, Латвіяй, Польшчай, якія ўжо ў Эўразьвязе. А Грузія яшчэ толькі імкнецца туды. І гэта ня шкодзіць ні нашаму сяброўству ў ЭАЭС, ні нашым стасункам з асобнымі краінамі Эўразьвязу. Гэта цалкам магчыма».

Палітоляг лічыць, што чакаць паляпшэньня агульных дачыненьняў паміж Эўразійскім эканамічным саюзам і Эўразьвязам давядзецца доўга:

«Такія напружаныя адносіны склаліся паміж Эўразьвязам і лідэрам ЭАЭС Расеяй, што спадзявацца на дасягненьне паміж імі нейкага паляпшэньня эканамічных стасункаў бліжэйшым часам не выпадае, хоць бы з-за гэтага».

Апошнія некалькі гадоў узаемны таваразварот паміж Грузіяй і Беларусьсю вагаецца ў межах 50–60 мільёнаў даляраў. Сёньня Лукашэнка пасьля перамоваў з Георгіем Маргвелашвілі паведаміў пра жаданьне давесьці гэтую лічбу да 200 мільёнаў.

«У нас ужо даўно адмоўнае сальда ў гандлі з Грузіяй, і яно пры такім падыходзе будзе толькі павялічвацца», — упэўнены кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

«У Грузіі многія нашы тавары неканкурэнтаздольныя. Грузіны купляюць лепшае. Там побач Турэччына, недалёка Кітай. І з Украінай яны вельмі добра працуюць, і з ЗША. Таму, каб прасоўваць туды нашы тавары, трэба мець вельмі добры маркетынг. А нашы дзяржаўныя прадпрыемствы гэтага ня могуць. Тое, што мы туды прапануем, не вытрымлівае канкурэнцыі альбо па якасьці, альбо па цане. На грузінскім рынку ўжо дзейнічаюць правілы капіталізму, да якіх мы пакуль ня можам адаптавацца».

Эканамічны складнік візыту для Лукашэнкі не галоўны, лічыць Яраслаў Раманчук:

«Асноўная мэта паездкі, безумоўна, ня гэта. А тое, каб грузінскі бок яшчэ раз паўплываў на сьвядомасьць Эўразьвязу, каб Аляксандра Лукашэнку запрасілі ў Рыгу на форум „Усходняга партнэрства“. І каб далі грошай.

Лукашэнку вельмі важна замацаваць за сабой статус міратворцы. Вось вам прыклад Украіны, вось Грузіі. А таму Беларусі трэба дапамагаць. А перамовы пра таваразварот, інвэстыцыйны форум, я думаю, вядуцца дзеля таго, каб стварыць такую дымавую заслону над сапраўднымі мэтамі візыту Лукашэнкі ў Грузію».

XS
SM
MD
LG