Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць зьменаў ладу жыцьця, якія могуць вас выратаваць


Часам здаровы лад жыцьця, які ўключае ў сябе добрую дыету і шмат фізычных практыкаваньняў, зьяўляецца найлепшым лекам.

У 2012 годзе дасьледаваньне ладу жыцьця ў ЗША ахапіла больш за 8300 чалавек. Вынікі паказалі, што рызыка заўчаснай сьмерці на 56 адсоткаў ніжэйшая для тых, хто ня курыць, у параўнаньні з курцамі, і на 47 адсоткаў ніжэйшая для фізычна актыўных людзей у параўнаньні з дамаседамі.

Амэрыканскія навукоўцы распрацавалі пяць простых парадаў, якія дапамогуць вам даўжэй пражыць.

1. Інфармаванасьць. Першы крок на шляху да здаровага ладу жыцьця — гэта абазнанасьць у тым, як вашы дыета і актыўнасьць уплываюць на ваша здароўе. Трэба навучыцца рабіць карысныя крокі і навучыцца прызнаваць няўдачу, калі вы зрабілі няправільны выбар. І, натуральна, шукаць і зьбіраць інфармацыю пра гэта.

2. Дыета. Адзін з амэрыканскіх навукоўцаў, доктар Дын Орніш, які распрацаваў праграму зьменаў ладу жыцьця, сьцьвярджае, што прадукты самі па сабе не зьяўляюцца ні добрымі, ні дрэннымі, але некаторыя зь іх больш карысныя за іншыя. Праграма Орніша робіць акцэнт на садавіне, гародніне, цэльным збожжы, бабовых, соі, малочных прадуктах, яечным бялку і прадуктах, багатых на амэга-3 тлустыя кіслоты, такіх як рыба, арэхі, ільняное насеньне.

3. Фізычныя практыкаваньні. Амэрыканскі Цэнтар кантролю і прафіляктыкі захворваньняў рэкамэндуе практыкаваць 150 хвілін у тыдзень умераныя фізычныя нагрузкі або 75 хвілін у тыдзень энэргічных практыкаваньняў. Па дадзеных Цэнтру, людзі, якія актыўныя, жывуць даўжэй і маюць больш нізкую рызыку сардэчна-судзiнных захворваньняў, інсульту, дыябэту, дэпрэсіі і некаторых відаў раку.

4. Стрэс. Гэта тое, чаго трэба пазьбягаць. Некаторыя віды стрэсу, такія як асалода ад перамогі ў спартовым двубоі або ад рызыкоўных відаў фізычнай актыўнасьці, такіх як горныя лыжы ці палёты на дэльтапляне, зьяўляюцца добрымі і карыснымі. Ад іх гармоны напаўняюць ваша цела, дыханьне пачашчаецца, сэрца б’ецца хутчэй, мышцы напружваюцца і мозг працуе хутчэй. Але калі ў вас ёсьць хранічны стрэс на працы ці дома, вы больш успрымальныя да інфэкцый, да павышэньня крывянога ціску, трывогі, дэпрэсіі і іншых захворваньняў. Доктар Орніш рэкамэндуе штодзённую практыку лёгкай ёгі, мэдытацыі, рэляксацыі або глыбокае дыханьне, каб справіцца са стрэсам.

5. Каханьне і падтрымка блізкіх. Дасьледаваньні паказваюць, што сацыяльная ізаляцыя і адзінота прыносяць нам пагаршэньне фізычнага і псыхічнага здароўя. Людзі з самай вялікай працягласьцю жыцьця, якія жывуць у так званых Блакітных зонах, амаль заўсёды абапіраюцца на тую або іншую надзейную сыстэму грамадзкай падтрымкі. Доктар Орніш прапануе праводзіць больш часу зь сям’ёй і сябрамі, а таксама паляпшаць свае навыкі зносін, навучыцца слухаць людзей са спачуваньнем і суперажываньнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG