Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два гады ў Страсбуры будуць прымаць зь Беларусі і ўладу, і апазыцыю


Цягам двух бліжэйшых гадоў Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы будзе прыцягваць да супрацы і дыскусіяў па Беларусі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, а таксама дэмакратычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.

Такое рашэньне прыняў 10 кастрычніка ў Страсбуры вядучы камітэт Парлямэнцкай асамблеі — па палітычных пытаньнях і дэмакратыі.

Перадаў гэта з Страсбуру сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі. Ён адзначыў, што да такога рашэньня дэпутаты ПАРЭ прыйшлі пасьля сёньняшняй дыскусіі на пасяджэньні камітэту па сытуацыі ў Беларусі, дзе, акрамя Віталя Рымашэўскага, выступалі праваабаронца Алесь Бяляцкі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Андрэй Навумовіч.

«Я агучыў усе праблемы, якія сёньня ёсьць з правамі чалавека ў нашай краіне, — кажа Рымашэўскі. — У прыватнасьці, што ніякіх станоўчых зьменаў пасьля прыняцьця чэрвеньскай рэзалюцыі не адбылося. Больш за тое, ліцэнзіі на працу пазбаўленыя некаторыя адвакаты, да палітычных партыяў прымяняюцца новыя віды рэпрэсій, за ўдзел у мірнай дэманстрацыі апазыцыянэры атрымліваюць велізарныя штрафы.

З боку прадстаўнікоў улады ў прынцыпе прагучала дэклярацыя аб гатоўнасьці працягваць супрацоўніцтва з Парлямэнцкай Асамблеяй Рады Эўропы па ўсіх пытаньнях, у тым ліку сьмяротнага пакараньня. Аднак, з майго пункту гледжаньня, у эўрапейцаў ужо існуе пэўная стомленасьць ад абяцаньняў беларускіх уладаў за апошнія 20 гадоў і адсутнасьці бачнага прагрэсу, хоць бы ў пытаньнях мараторыю на сьмяротнае пакараньне».

ПАРЭ ачоліла Стэла Кірыякідэс

Прэзыдэнтам Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы абраная прадстаўніца парлямэнта Кіпру Стэла Кірыякідэс, якую сёньня ў трэцім туры падтрымалі 132 сябры ПАРЭ, паведамляе Інтэрфакс.

Эўрапейскія кансэрватары прапанавалі на гэтую пасаду літоўскага парлямэнтара, вядомага прыхільніка дэмакратызацыі Беларусі Эмануэліса Зінгерыса. Аднак нечакана канкурэнцыю яму стварыла дэпутатка з Кіпру Стэла Кірыякідэс. І Зінгерыс, і Кірыякідэс належаць да Эўрапейскай народнай партыі. Падчас выбараў у партыйнай фракцыі кіпрыётка саступіла літоўцу. Аднак нечакана, насуперак партыйнай волі, яна выставіла сваю кандыдатуру як незалежная кандыдатка.

У двух турах перамагла Стэла Кірыякідэс. Аднак двойчы яна не змагла набраць неабходны для прызначэньня кіраўніком ПАРЭ мінімум галасоў. А пераможца трэцяга тура, ужо незалежна ад колькасьці галасоў, стане прэзыдэнтам ПАРЭ.

Як перадаюць аналітыкі са Страсбуру, Зінгерыса падтрымліваюць прыхільнікі жорсткай лініі адносна Расеі. На баку Кірыякідэс тыя дэпутаты, якія хочуць зноў далучыць расейскіх дэпутатаў да працы асамблеі. Сяброўства Расеі ў ПА Рады Эўропы было прыпыненае пасьля анэксіі Крыму.

Былы старшыня ПАРЭ гішпанец Пэдра Аграмунт сышоў са сваёй пасады, пасьля таго як стаў на чале дэлегацыі асамблеі і дэпутатаў Дзярждумы Расеі падчас паездкі ў Сырыю. На летняй сэсіі ПАРЭ фракцыі Эўрапейскай народнай партыі выключылі Аграмунта са свайго складу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG