Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці варта рабіць стаўку на імпартаваных спартоўцаў


Джавід Гамзатаў

Джавід Гамзатаў

Пяты алімпійскі мэдаль у скарбонку зборнай Беларусі паклаў напярэдадні Джавід Гамзатаў — прадстаўнік грэка-рымскага дужаньня. Ці можна бронзавую ўзнагароду аднаго са шматлікіх натуралізаваных замежнікаў лічыць беларускай?

На цырымоніі ўганараваньня Гамзатаў трымаў беларускі сьцяг дагары нагамі. Выпадковасьць, як любіць казаць расейскі тэлепрапагандыст Кісялёў? Магчыма.

За шэсьць Алімпіядаў, на якіх Беларусь выступала самастойнай камандай, празь беларускія дружыны дужаньнікаў прайшлі блізу двух дзясяткаў нараджэнцаў паўднёвых рэгіёнаў Расеі. Даходзіла нават да таго, што народжаных у Беларусі пад беларускімі сьцягамі заставалася, як кажуць, толькі «на развод». Рызван Гаджыеў, Мурад Гайдараў, Саслан Гацыеў, Руслан Шэйхаў, Магамэдкаміль Магамэдаў — гэта ня зборная Паўночнага Каўказу, гэта пералік толькі некаторых беларускіх зборнікаў.

Паказальна, што эфэктыўнасьць падобнай імпартаарыентаванасьці досыць спрэчная. Да ўчорашняга дня на рахунку легіянэраў быў толькі адзін алімпійскі мэдаль — у Пэкіне бронзу здабыў Мурад Гайдараў. І вось праз 8 гадоў ягонае дасягненьне паўтарыў Джавід Гамзатаў.

Тым ня меней Беларуская фэдэрацыя дужаньня не зьмяняе сваёй палітыкі і па-ранейшаму разьлічвае збольшага на замежныя кадры. У Рыё-дэ-Жанэйра выправілася ўжо традыцыйная паводле свайго складу дэлегацыя па грэка-рымскім і вольным дужаньні: асэтын Саслан Даураў, лезгін Джавід Гамзатаў, дагестанцы Амаргаджы Магамэдаў і Ібрагім Саідаў. Удача аказалася толькі на баку Гамзатава.

Дужанка Джавіда Гамзатава і Мікалая Байракова за бронзавы мэдаль

Дужанка Джавіда Гамзатава і Мікалая Байракова за бронзавы мэдаль

Славуты беларускі дужаньнік, заслужаны майстар спорту, чэмпіён сьвету і Эўропы ў вольнай барацьбе Васіль Сюльжын у роспачы ад таго, на каго цяпер робіцца стаўка ў відзе, дзе некалі «грымелі» беларусы:

«У нас дастаткова трэнэраў, базы ёсьць, залі — усе ўмовы. Параўноўваю з тым, як рыхтаваліся ў мой час, і нават не магу зразумець, куды ўсё зьнікла. Ня ведаю, але рэальна крыўдна — тры дагестанцы дужаюцца за Беларусь. Тры чалавекі! Гэта ганьба, проста ганьба. Словаў не знаходжу, што робіцца. Безумоўна, пытаньні да Міністэрства спорту, чаму так адбываецца. Трэба прафэсіяналамі быць у спорце, а не, прабачце, дэмагогамі. Самы час разабрацца, як да таго дакаціліся: столькі трэнэраў, такая інфраструктура, а на Алімпіяду едуць дагестанцы. Дзе лёгіка? Куды глядзяць намесьнікі міністра, хто-небудзь ведае, чым яны займаюцца? Ня можаце самі справіцца — запытайце ў прафэсіяналаў. Якія былі выбітныя вынікі, якія яркія кадры, як бяз збояў працавала сыстэма. І што зараз, як жа так? Мне ўжо 70 гадоў, і я не магу сказаць, на якім этапе адбыўся злом. Але проста ганьба, што ў вольным дужаньні — ніводнага беларуса».

Як відаць зь біяграфічных зьвестак, Джавід Гамзатаў нарадзіўся ў 1989 годзе ў Дагестане, у сяле Куруш Хасавюртаўскага раёну, дзе кампактна жывуць лезгіны. У Беларусь прыехаў 10 гадоў таму, трэніраваўся ў іншага земляка, чэмпіёна сьвету па грэка-рымскім дужаньні Аліма Селімава, цяперашняга генэральнага дырэктара футбольнага клюбу «Дынама» (Менск). Дагэтуль найбольшым посьпехам Гамзатава было трэцяе месца на ўсясьветным першынстве ў 2013 годзе.

Шматразовы чэмпіён і прызэр эўрапейскіх першынстваў па грэка-рымскай барацьбе, срэбны прызэр Алімпійскіх гульняў 1996 году ў Атланце Сяргей Ліштван ня бачыць у нацыянальным перакосе нічога надзвычайнага і лічыць стаўку на каўкаскія кадры цалкам апраўданай:

«Справа ў тым, што той жа Джавід, якога я шчыра віншую, выступае за Беларусь ужо больш як 10 гадоў — гэта ж ня тое, што ён на дыван прыйшоў зь цягніка. Таму адно, калі чалавека проста прывозяць і ён праз год ужо выступае за краіну, і зусім іншае, калі чалавек у гэтае грамадзтва інтэграваны. Розныя ж здараюцца сытуацыі — вайна, канфлікты, уцекачы. То бок нехта прыяжджае да нас, нашы людзі таксама кудысьці зьяжджаюць. Таму, у прынцыпе, праблемаў ня бачу».

Да таго ж, як кажа Сяргей Ліштван, Паўночны Каўказ здаўна славіцца традыцыямі ў адзінаборствах. Адпаведна, канкурэнцыя сярод тамтэйшых спартоўцаў надзвычай высокая. Шмат хто мусіць шукаць альтэрнатыву:

«Дагестан — дужаньніцкая рэспубліка, вырасьціла вялізную колькасьць чэмпіёнаў сьвету, Эўропы, Алімпійскіх гульняў. Але з улікам жорсткай канкурэнцыі ўсім прабіцца на паверхню цяжка. Таму многія выступаюць пад іншымі сьцягамі. І калі да нас прыяжджаюць добрыя, высакаклясныя дужаньнікі, то гэта не праблема, наадварот, нашы хлопцы за імі цягнуцца, атрымліваюць досьвед. А паколькі мы жывём у шматнацыянальным грамадзтве, асабіста я лічу, што мэдаль ёсьць — і гэта ўжо добра. Было б дрэнна, каб ніводнага. На мінулай Алімпіядзе ў нас было некалькі пятых месцаў, усе за крок спыніліся. Таму лепш адна, але рэальная ўзнагарода».

У перапынку паміж заняткамі спортам знаходзіць Джавід Гамзатаў і час для сацыяльных сетак. Ён досыць актыўны ў Фэйсбуку і «Ўкантакце» — сам піша няшмат, але актыўна перапошчвае матэрыялы, якія прыйшліся яму даспадобы. Шмат спасылак, зьвязаных з ісламам, крытыкай агрэсіўнай палітыкі ЗША і ўхваленьнем курсу расейскага кіраўніцтва. І нічога, што сьведчыла б пра беларускія рэаліі дагестанскага дужаньніка.

* * *

Тым часам са штабоў Джавіда Гамзатава і ягонага суперніка ў паўфінале, чарнаскурага ўкраінца Жана Беленюка, прагучалі заявы, якія выключаюць адна адну.

Галоўны трэнэр зборнай Беларусі па дужаньні Ігар Пятрэнка выказаў перакананьне, што ягонага выхаванца бессаромна засудзілі:

«Атрымалася, што паўфінальную сутычку зь Беленюком судзіў баўгарын. Чамусьці нельга паставіць ні кітайца, ні аўстрыйца, ні эгіпцяніна... Як баўгарын змог апынуцца на дыване? Схватку ў нас адназначна забралі, хлопца два разы на сваёй актыўнасьці ставілі ўніз. Гэта судзейскае самаўпраўства. Джавід павінен быў дужацца ў фінале».

Няўдачнік паўфінальнага матчу выходзіў на пераможцу суцяшальнага двубою з баўгарынам Мікалаем Байракавым. Але ў выніку Гамзатаў яго перамог і заваяваў бронзавы мэдаль. Алімпійскім чэмпіёнам стаў расейскі дужаньнік Давіт Чаквэтадзэ, які ў фінале адолеў Беленюка.

У сваю чаргу, кіраўнік Міністэрства моладзі і спорту Ўкраіны Ігар Жданаў заявіў, што ва ўкраінскага дужаньніка грэка-рымскага стылю Жана Беленюка практычна скралі заслужаную залатую ўзнагароду.

«Для нас Жан Белянюк — сапраўдны чэмпіён! А тое, што скрадзена ў несумленнай спартыўнай барацьбе, ня можа лічыцца перамогай на Алімпійскіх гульнях», — сказаў ён.

Адзін з трэнэраў расейскай каманды Тагер Салахетдзінаў на гэта адрэагаваў наступным чынам:

«Давіт упэўнена выйграў у гэтага хлопчыка, зь лікам 9:2».

Беленюка Салахетдзінаў назваў «цікавым і добрым спартоўцам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG