Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэльдоній «выбіў» яшчэ адно мэдалёвае спадзяваньне Беларусі — у таэквандо


Зборная Беларусі на адкрыцьці Алімпійскіх гульняў у Рыё
Зборная Беларусі на адкрыцьці Алімпійскіх гульняў у Рыё

Цэлы россып алімпійскіх узнагародаў, здабыты беларусамі пасьля безвыніковага першага тыдня ў ролі статыстаў, дадаў аптымізму заўзятарам. Ці зможа скарбонка зборнай Беларусі папоўніцца яшчэ?

Сёньня ў Рыё-дэ-Жанэйра беларускія атлеты выступяць у сямі дысцыплінах. Пачынаюцца спаборніцтвы весьляроў на байдарках і каноэ, на якія яшчэ да пачатку Алімпіяды ўскладаліся мэдалёвыя спадзяваньні. Аднак скандал з адхіленьнем мужчынскай каманды за сьляды мэльдонію, знойдзеныя падчас трэніровачных збораў у Францыі, паставіў крыж на такіх плянах.

Зрэшты, кампэнсаваць страты паспрабуюць жанчыны: на 500-мэтровай дыстанцыі за выхад у галоўны фінал пазмагаюцца Надзея Ляпешка і Марына Літвінчук.

Мяркуючы па ўсім, па-за бортам турніру застаецца і яшчэ адзін спартовец, на якога разьлічвалі як на патэнцыйнага мэдаліста. Прадстаўнік таэквандо, 22-гадовы Арман-Маршал Сіла, родам зь Менску, на патрабаваньне Нацыянальнага алімпійскага камітэту часова адхілены ад Алімпіяды за нібыта знойдзеныя ў допінг-пробе сьляды мэльдонію.

У панядзелак дэлегацыя адзінаборцаў вылецела ў Бразылію, але ці далучыцца да калегаў сёлетні чэмпіён Эўропы — пакуль невядома. Напярэдадні Арман Сіла і яго трэнэр Юлія Сухавіцкая прайшлі тэст на паліграфе, які паказаў, што яны ня маюць дачыненьня да ўжываньня нейкага забароненага прэпарату. Але часу на далейшыя разборы ўжо амаль не застаецца.

Сёньня ў трэкавым шматбор’і на велатрэку — омніюме — стартуе раварыстка Тацяна Шаракава. Адмыслоўцы ўпэўненыя, што беларуска здольная пазмагацца як мінімум за месца ў дзясятцы найлепшых.

Уступае ў барацьбу цэлая група беларускіх лёгкаатлетаў. У трайным скачку паспрабуюць пераадолець кваліфікацыйную стадыю Максім Несьцярэнка, Дзьмітры Платніцкі і Арцём Бандарэнка. Праўда, канкурэнцыя ў гэтым відзе настолькі сур’ёзная, што шанцы на посьпех ацэньваюцца як ня самыя высокія.

Ганна Малышчык выступіць у фінале спаборніцтваў па кіданьні молата. На папярэдняй стадыі яна паказала сёмы вынік і мае намеры яго палепшыць. На дыстанцыі 400 мэтраў з бар’ерамі ставіць за мэту выйсьці ў паўфінал Кацярына Белановіч.

У грэка-рымскай барацьбе спадзяваньні хіба на пераможцу кваліфікацыйнага алімпійскага турніру ў вагавай катэгорыі 85 кіляграмаў Джавіда Гамзатава. Прадстаўнік Беларусі мінае папярэдні раўнд і стартуе з 1/8 фіналу.

Нагадаем, пасьля 10 алімпійскіх дзён у актыве беларусаў чатыры ўзнагароды: золата здабыў батутыст Уладзіслаў Ганчароў, два срэбры прынесьлі штангісты Вадзім Стральцоў і Дар’я Навумава, бронза на рахунку плыўчыхі Аляксандры Герасімені. З гэтым паказьнікам Беларусь замыкае трэцюю дзясятку неафіцыйнага мэдалёвага заліку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG