Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна ёсьць казка. Называецца яна «Сказка о попе и о работнике его Балде». Там апавядаецца пра кемлівага работніка, які надурыў свайго гаспадара папа.

І вось жа дзіва, казка стала яваю ў сёньняшняй Беларусі. Пра рэінкарнацыю Балды ў чыноўным апараце паведаміў сам Лукашэнка 22 лютага. Завёўся ён у сыстэме ЖКГ. Менавіта ягонымі хітрыкамі і інтрыгамі кіраўнік дзяржавы патлумачыў рост камунальных тарыфаў. І загадаў: «Тут павінен быць сьпіс, хто гэтую „балду“ прыдумаў. Хопіць зь імі жартаваць. Мы тут нешта лічым, плянуем, а яны робяць усё па-свойму». То бок атрымліваецца, што, як і ў казцы Пушкіна, работнікі-чыноўнікі надурылі гаспадара, то бок кіраўніка дзяржавы.

Раней Лукашэнка ўвесь час падкрэсьліваў, што палітыка ў Беларусі будуецца не на аснове нейкіх тэорыяў, але «ад жыцьця», «ад зямлі». А вось цяпер атрымліваецца, што «ад балды». Эвалюцыя заканамерная. Куды ішлі, туды і прыйшлі.

20 гадоў мы глядзім гэты стары спэктакль аднаго актора пад назвай «Добры цар і дрэнныя баяры». Лукашэнка запатрабаваў надзець кайданкі на тых, хто павысіў камунальныя тарыфы. Гэтае нейкае вяртаньне ў лістапад 1994 году, калі ён, вярнуўшыся з адпачынку, запатрабаваў вярнуць назад цэны на харчаваньне. Верагодна, камунальныя рахункі сапраўды трохі патаньнеюць за наступны месяц. А там і вясна хутка, ня трэба будзе плаціць за ацяпленьне, людзі адчуюць палёгку. І зразумела, каму дзякаваць за шчасьлівае жыцьцё. Гульня няхітрая, але эфэктыўная.

Аднак з гэтай камунальнай гісторыі пра беларускага Балду вынікае некалькі важных высноваў. Па-першае, ад самага пачатку свайго прэзыдэнцкага кіраваньня Лукашэнка высунуў ідэю «моцнай дзяржавы», здольнай навесьці «жалезны парадак». Пытаньне пра «моцную ўладу» стала галоўным элемэнтам ягонай палітычнай філязофіі. Палітычны імідж беларускага лідэра ў значнай меры грунтуецца на ідэі жорсткай уладнай вэртыкалі, парадку, дысцыпліны, якая супрацьпастаўляецца хаосу ў некаторых суседніх дзяржавах.

І вось цяпер высьвятляецца, што ў краіне моцнага парадку такое важнае для ўсяго насельніцтва пытаньне, як кошт камунальных тарыфаў, вырашаецца «ад балды». Больш за тое, дасюль ніхто ня ведае, якая насамрэч цана паслугаў ЖКГ. Інтэрнэт-газэта «Салідарнасць» апавядае, што пачынаючы з красавіка 2013 году Лукашэнка пяць разоў (!) даваў даручэньне правесьці калькуляцыю і паказаць, колькі ж насамрэч каштуюць камунальныя паслугі. І вось 22 лютага кіраўнік дзяржавы чарговым разам даручыў, каб да 1 сакавіка старшыня КДК, кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта, прэм’ер-міністар прадставілі яму разьлікі коштаў жыльлёва-камунальных паслуг. А назаўтра, 23 лютага, Лукашэнка расказаў, што пакрыцьцё кошту паслуг насельніцтвам складае не 40%, а 80%. Вось такі хаос, беспарадак і бязладзьдзе ў «моцнай дзяржаве».

Мяркую, што сапраўдную цану камунальных тарыфаў мы так і не даведаемся. Бо ва ўмовах дзяржаўнай манаполіі ў ЖКГ зрабіць рэальную калькуляцыю проста немагчыма. Манапаліст аб’ектыўна зацікаўлены ў накручваньні цаны на свой тавар. І ўвогуле, як вядома з падручнікаў, цану тавару вызначае рынак.

А паколькі рынкавых адносін у сыстэме ЖКГ няма, усе развагі пра сапраўдную цану паслуг бессэнсоўныя.

Па-другое, у беларускай сацыяльнай мадэлі падвышэньне камунальных тарыфаў — гэта замах на сьвятое, гэта разбурэньне апошніх падвалін сацыяльнай дзяржавы. У сёньняшніх умовах гэта галоўны чыньнік, які можа ўдарыць па прэстыжы ўлады, па іміджы і рэйтынгу Лукашэнкі. Ён гэта разумее. Таму быў праведзены тэст. Тарыфы павысілі і паглядзелі на рэакцыю людзей. Яна аказалася рэзка нэгатыўная. Раззлаванае насельніцтва атакавала ЖЭСы і іншыя структуры ЖКГ. Беларусы да такога ня звыклі. І Лукашэнка, зладзіўшы папулісцкі спэктакль, адкруціў назад. Цяпер будуць павышаць тарыфы значна павольней.

А пабочным вынікам гэтага спэктаклю стануць страты сярод высокіх чыноўнікаў ЖКГ. Распачата 13 крымінальных спраў. Ну дык такая іх доля. Сацыяльная функцыя намэнклятуры — быць ахвярнымі казламі. І чым мацнейшы крызіс, тым больш спатрэбіцца ахвяр.

Па-трэцяе, Лукашэнка, адмаўляючыся ад эканамічных рэформаў, спасылаецца на клопат пра народ. Маўляў, рэформы балючыя для насельніцтва. У рэальнасьці ж выходзіць, што за адмову ад рэформаў той самы народ плаціць таксама немалую цану. І яна з кожным месяцам падвышаецца. Вось, напрыклад, улады адмаўляюцца рэфармаваць сыстэму ЖКГ, ліквідаваць манаполію дзяржавы ў гэтым сэктары, дапускаць туды прыватны бізнэс, што стварыла б канкурэнцыю, зьнізіла б выдаткі і камунальныя тарыфы. Замест гэтага ўлады банальна і тупа павышаюць плату за паслугі, перакладаюць усе выдаткі і заганы захаваньня старой неэфэктыўнай мадэлі на насельніцтва.

Дарэчы, у казцы Пушкіна пра Балду ўся гісторыя скончылася для гаспадара дрэнна. Казка завяршаецца маральлю:

А Балда приговаривал с укоризной:
«Не гонялся бы ты, поп, за дешевизной».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG