Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дубавец: Сабе я б даў другое месца, а першае — Бахарэвічу


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Як успрынялі шорт-лістэры прэміі імя Ежы Гедройця Сяргей Дубавец, Андрэй Гуцаў і Антон Францішак Брыль сваю паразу ў літаратурным конкурсе? Ці згодныя яны з рашэньнем журы і як ацэньваюць уплыў вялікай грашовай узнагароды на беларускую літаратуру?

Сяргей Дубавец, аўтар фантасмагорыі «Сіні карабель у блакітным моры плыве», сказаў, што верыць у прыкметы. Таму, забыўшыся перад выхадам з дому запальнічку, пэўна ведаў — першага месца не атрымае.

— Спадар Сяргей, ці разьлічвалі вы атрымаць прэмію імя Ежы Гедройця? І якія фактары спрычыніліся да таго, што не атрымалі?

— Увогуле не разьлічваў на перамогу. Я ведаў, што не атрымаю прэмію, таму што, выйшаўшы з дому на цырымонію, забыў запальнічку. І я вяртаўся дахаты, каб яе забраць — а гэта кепская прыкмета. Я, праўда, паглядзеўся ў люстэрка, але гэта не заўсёды дапамагае. Таму па выніку я ўжо ведаў, што першага месца я не атрымаю.

— Забытая запальнічка — адзіны фактар, які паўплываў на вынікі прэміі для вас?

— Гэта магутны фактар незямных сілаў, якія кіруюць нашым зямным жыцьцём.

— Напэўна, ня крыўдна саступіць жывому клясыку Віктару Казько і папулярнаму сярод моладзі Альгерду Бахарэвічу. Але што вы адчулі, калі вас абышла Тацяна Барысік, чалавек абсалютна новы ў беларускай літаратуры?

— Саступіць жанчыне — гэта першы прынцып этыкету для мужчыны. Як можа быць крыўдна выканаць першы прынцып этыкету? Наадварот — гэта пасяляе ў сэрцы гонар і агульнае задавальненьне ад таго, што ты ўсё зрабіў правільна.

— Як бы выглядала тройка пераможцаў, калі б вы разьмяркоўвалі месцы ляўрэатаў?

— Вядома, гэта ўжо трошкі варажба... Першае месца я б аддаў Альгерду Бахарэвічу, які напісаў вельмі працаёмісты і якасны раман, і ўсе ведалі, што гэты раман пішацца пад прэмію Гедройця. Таму я лічу, што раман «Дзеці Аліндаркі» вельмі гарманічна ўкладаўся ў тое, каб атрымаць першае месца. Гэта было б лягічна. Віктара Казько я вельмі паважаю, але я ўспрымаю яго сапраўды як клясыка, і ўганараваць яго для мяне — тое самае, як даць прэмію Якубу Коласу. Што, вядома, спрыяла б папулярызацыі беларускай літаратуры, але, скажам, сябе я ў гэтым шэрагу не ўяўляю. Таму другое месца я даў бы сваёй кніжцы. Наконт трэцяга месца, то тут я вымушаны прызнаць сваю хібу, што я не пасьпеў прачытаць іншых прэтэндэнтаў. Ня хочацца асуджаць ці ўхваляць, не чытаючы твораў, гэта было б парадыйна.

— Большасьць кніг, якія ўвайшлі ў шорт-ліст прэміі Гедройця, невялікага памеру. Гэта адказ пісьменьнікаў на попыт з боку чытача, які хутчэй возьмецца чытаць маленькі твор?

— Для мяне памер ня мае значэньня. Ды ён і ў прынцыпе ня мае значэньня, асабліва ў кантэксьце беларускай літаратуры, дзе няма маштабных тэндэнцыяў, дзе не выходзіць тысяча кніг у год і мы ня можам адсочваць, што важна і што няважна. А тое, што мы ў сусьветныя мэйнстрымы нашымі аб’ёмамі не трапляем, для мяне неаспрэчны факт. Да таго ж у нас абсалютна спэцыфічная сытуацыя, у якой, напрыклад, важны фактар кошту друку кнігі, які, у сваю чаргу, залежыць ад аб’ёму. Як сказаў Віктар Казько, усё нашы жарсьці вакол прэміі — ад беднасьці. Для мяне важна іншае — кніга павінна быць кнігай, а ня нейкім зборнікам ці нашкробаным з кавалкаў чагосьці, хоць бы гэта выглядала на кніжны фармат, што ў нас частка здараецца.

— Аўтары часта кажуць, што прэміі для іх ня важныя. Але калі яны ўдзельнічаюць у прэміі, значыць, нейкае значэньне месцы і прызы для іх маюць. Што для вас — як аўтара і як чытача — значыць той ранжыр, які зроблены ў выніку абвяшчэньня пераможцаў прэміі Гедройця?

— Па-першае, гэта «дзьвіжуха» вакол літаратуры, прычым «дзьвіжуха» з пазытыўнымі вынікамі. Гэта заўсёды добра. Прэмія, вядома, стымулюе і да таго, каб пісаць, і да таго, каб чытаць. Было б какецтвам гэта адмаўляць. Ясна, што творца піша сам для сябе, найперш. Але гэта не выключае адсочваньня тэндэнцыяў, якія адбываюцца ў літаратуры, каб не сядзець у рэтраградзтве. Кожны пісьменьнік шмат чытае. Гэта для таго, каб выбудоўваць для сябе дух часу і знаходзіць сябе ў ім. Ясна, што, удзельнічаючы ў прэміях, мы супастаўляем сябе з калегамі, параўноўваем творы, а гэта такое ўнутранае літаратурнае сумоўе. Таму ў прэміях я бачу толькі пазытыўныя стымулы і наступствы.

Гуцаў: Прэміі — вітаміны для літаратуры і цыяністы калій для аўтараў

Андрэй Гуцаў
Андрэй Гуцаў

Андрэй Гуцаў, аўтар містычнага дэтэктыву «Кніга зданяў», кажа, што хацеў нават адмовіцца ад удзелу ў конкурсе, калі ягоны твор трапіў у лонг-ліст прэміі імя Ежы Гедройця. На прэмію не разьлічваў ад пачатку і лічыць, што такія ўзнагароды — гэта вітаміны для літаратуры і атрута для аўтараў.

«З вынікамі, якія абвясьціла журы, я згодны. Калі б першае месца атрымаў ня Віктар Казько, то было б мала даверу да прэміі імя Ежы Гедройця.

Мне, па шчырасьці, было ўсё роўна, якое я займу месца і ці ўвайду ў тройку лідэраў. Я кнігу пісаў ня дзеля грошай і прэмій. І ў гэтым яе апраўданьне, ніякія прэміі не азначалі б таго, што яна спрацавала і дасягнула сваёй мэты.

Сапраўдная кніга павінна ня толькі адлюстроўваць рэчаіснасьць, а ствараць яе. „Кніга зданяў“ здольная на гэта.

Нехта казаў, што прэміі — вітаміны для літаратуры. Я б дадаў — „...і цыяністы калій для аўтараў, якія іх атрымліваюць“. Таксама кажуць: хочаш забіць аўтара — дай яму прэмію.

Ці павінна існаваць такая прэмія зь вялікім прызавым фондам? Так, павінна быць. Таму што гэта выклікае цікавасьць да літаратуры.

Мяне прыемна парадавала колькасьць людзей, якія прыйшлі на цырымонію ўзнагароджваньня. Ведаю, што цікавасьць да яе ёсьць і па-за межамі Беларусі».

Брыль: Прэмія Гедройця папулярызуе беларускую літаратуру

Антон Францішак Брыль
Антон Францішак Брыль

Антон Францішак Брыль, аўтар казкі «Ян Ялмужна», кажа, што вынікі прэміі для яго не былі нечаканымі — фаварыты былі вядомыя загадзя. Што да сябе асабіста, то празаік лічыць посьпехам уваходжаньне ў шорт-ліст.

«Падчас абмеркаваньняў перад прэміяй было добра бачна, што на ўваходжаньне ў тройку прэтэндуюць тыя, хто ў яе і ўвайшоў па выніку, і Сяргей Дубавец. Была яўная чацьвёрка фаварытаў.

На дадзены момант я цалкам прачытаў толькі раман Альгерда Бахарэвіча, таму не магу меркаваць пра тое, як бы я разьмеркаваў месцы сярод шорт-лістэраў.

Што да сябе, то крыўдаў ніякіх у мяне няма. Калі шчыра, не чакаў перамогі. Зрэшты, я нават да шорт-ліста ставіўся вельмі асьцярожна, не чакаў пабачыць там свой твор. Таму для мяне вынікі прэміі ў цэлым — прыемныя.

Я заўважыў адну рэч. Калі ўзяць практычна любога з шорт-лістэраў прэміі імя Ежы Гедройця і спытаць у Google, у сувязі з чым пра гэтага аўтара пішуць, то стане зразумелым, што ў шалёнай ступені ўвага да гэтых кніг і аўтараў прыцягнутая менавіта прэміяй Гедройця. Гэтая прэмія заяўляла сваёй мэтай папулярызацыю беларускай літаратуры. Можна спрачацца, ці аптымальна яна дасягае гэтай мэты, але нейкіх вынікаў яна безумоўна дасягае ў гэтым кірунку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG