Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клінтан перамагла Трампа ў «брудным баі» на другіх дэбатах — CNN


Дональд Трамп і Гілары Клінтан перад другімі дэбатамі

Дональд Трамп і Гілары Клінтан перад другімі дэбатамі

Увечары нядзелі, 9 кастрычніка, у Сэнт-Люісе (штат Місуры, ЗША) прайшлі другія вялікія тэледэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты ад дзьвюх найбуйнейшых партыяў — дэмакраткі Гілары Клінтан і Дональда Трампа, які выстаўляецца ад Рэспубліканскай партыі.

Паводле вынікаў апытаньня CNN і ORC, на дэбатах упэўнена перамагла Клінтан, 57% апытаных пасьля дэбатаў выступілі за яе і толькі 34% — за Трампа.

CNN акрэсьліла дэбаты як «брудныя», а New York Times правяла праверку выказваньняў кандыдатаў. За Клінтан заўважылі адну падманлівую і адну зусім не слушную заяву, Трампа злавілі на 20 такіх заявах.

Відэа дэбатаў зь перакладам на расейскую

Першай тэмай дэбатаў стаў нядаўна апублікаваны запіс размоваў Трампа 11-гадовай даўніны, у якім ён груба абмяркоўваў даступнасьць жанчынаў. Праз гэтыя заявы вялікая колькасьць рэспубліканцаў адмовілася ад падтрымкі рэспубліканскага кандыдата. Іх сьпіс прыводзіць USA Today.

Клінтан з гэтай нагоды заявіла, што Трамп ня мае дастатковай кваліфікацыі, каб быць прэзыдэнтам, Трамп жа выбачыўся за свае словы, сказаў, што гэта была «звычайная балбатня ў мужчынскай разьдзявальні». У адказ Трамп абвінаваціў Клінтан у тым, што яна чарніла і запужвала жанчын, якія абвінавачвалі ейнага мужа, 42-га прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана, у сэксуальных дамаганьнях.

Цягам дэбатаў Клінтан адкрыта асудзіла Расею за бамбаваньні мірнага насельніцтва сырыйскага гораду Алепа, які часткова кантралюе апазыцыя. Яна заклікала расьсьледаваць расейскія і сырыйскія ваенныя злачынствы ў Сырыі. Трамп жа заявіў, што ЗША не павінны ваяваць з Расеяй у Сырыі, ды дадаў, што Клінтан ня ведае сырыйскіх паўстанцаў, якіх бароніць, затое ён ведае, што Асад, Расея і Іран ваююць з тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы».

Клінтан таксама згадала хакерскія атакі на Дэмакратычную партыю і яе прадстаўнікоў — «беспрэцэдэнтнае» ўмяшаньне Расеі ў справы Злучаных штатаў. Трамп жа сумняваецца, што атакі ўчыніла менавіта Расея.

XS
SM
MD
LG