Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі лідэр грузаперавозчыкаў пайшоў ва ўрад. Пакуль не арыштавалі


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Грузаперавозчыкі ня трацяць спадзяваньняў дамовіцца з чыноўнікамі наконт амністыі штрафаў, выпісаных за першыя тры месяцы карыстаньня платнымі дарогамі сыстэмы BelToll у тэставым рэжыме.

Нягледзячы на тое, што за дзень да заплянаванай на 4 лютага акцыі пратэсту быў затрыманы і асуджаны яе ініцыятар Сяргей Штода, сёньня на прыём у Савет міністраў пайшоў ягоны калега Алег Новікаў. Прадпрымальнікі лічаць вялізныя спагнаньні незаслужанымі — па выніках «экспэрымэнту» некалькім тысячам грузаперавозчыкаў прыйшлі рахункі на сумы да 100 тысяч эўра.

Перад аўдыенцыяй у чыноўнікаў Алег Новікаў назваў Свабодзе асноўныя прэтэнзіі да профільных ведамстваў, адказных за эксплюатацыю платных дарог:

«Нас ужо накармілі абяцанкамі: маўляў, падрыхтуйце тлумачэньні, адпраўце туды і туды, будзем разьбірацца. Ну, пахадзілі мы зь Сяргеем, паслухалі ўсе гэтыя размовы. Ды яны і не адмаўляюць, што не дапамаглі нам з усім гэтым разабрацца, і, прынамсі, давалі зразумець, што гатовыя хоць бы часткова загладзіць сваю віну. Таму што пад гэтую шуміху, як ні круці, адназначна былі і нядобрасумленныя людзі. Але калі ўжо шукаць тых, хто пасьпеў „наварыцца“, то гэта тычыцца толькі пэўнай катэгорыі, а ня ўсіх агулам.

Напрыклад, самыя вялікія праблемы былі, калі вялікагрузы даюць бартавое прыстасаваньне на папаўненьне сродкаў і зь невядомых прычынаў зьбіваецца колькасьць восяў. Адпаведна, ідзе іншая аплата: скажам, у мяне пяць восяў, а бярэцца за дзьве, то бок, сума ў 4–5 разоў меншая. А пасьля — санкцыі. Уявіце: сядзіць кіроўца, ён жа ня мае вышэйшай адукацыі. І нават калі мае, ён учора гэты апарат упершыню ў вочы ўбачыў. Ну, пікае яна два разы, і хай сабе. А колькі там восяў — хто яго ведае. Аддаў прыбор дзяўчынцы-апэратару, якая гэтаксама без паняцьця, што там да чаго. Першы час яны ўвогуле нічога параіць не маглі, адказвалі поўную лухту. Вось і ўсё. А ў людзей урэшце панабіраліся такія штрафы.

200 тысяч перавозчыкаў зарэгістраваныя ў сыстэме BelToll. Дык вось памнажайце спакойна гэтую лічбу на 25 эўра, колькі выходзіць? 5 мільёнаў эўра крэдыту!

Характэрна, што мы плацілі. У нас балянсаў па месяцы адмоўных няма. Разумееце, я наезьдзіў, дапусьцім, за месяц на мільён — у мяне, адпаведна, і плацяжоў на мільён. А вось і не, бо яны лічаць за кожны асобны ўзяты момант часу. У цябе павінна быць на рахунку мінімум 25 эўра. Хто так вырашыў? Насамрэч ёсьць такі маленькі пункцік: апэратар мае права разьмяшчаць свабодныя грашовыя сродкі на дэпазытах, а ўсе прыбыткі — уласнасьць Рэспублікі Беларусь. То бок, вы, хлопцы, скідвайцеся грашыма, а мы іх падзелім. Памятаеце, былі рэляцыі, што 200 тысяч перавозчыкаў зарэгістраваныя ў сыстэме BelToll. Дык вось памнажайце спакойна гэтую лічбу на 25 эўра, колькі выходзіць? 5 мільёнаў эўра крэдыту! Ідзіце вазьміце крэдыт на 5 мільёнаў эўра. Вось і адказ. Яны „разумныя“, а мы павінны за гэта плаціць. Прыкладна такая раскладка...»

У 2013 годзе ў Беларусі была ўведзена сыстэма платных дарог. Яшчэ на этапе рэалізацыі праекту Міністэрства транспарту прапанавала аўстрыйскаму інвэстару пачаць паралельна выкарыстоўваць сыстэму ў тэставым рэжыме. Перавозчыкаў абавязалі ўсталяваць бартавыя прыстасаваньні, не паклапаціўшыся, каб навучыць кіроўцаў імі карыстацца, арганізаваць пункты папаўненьня рахункаў і г.д. У выніку тысячы машын выходзілі на маршруты, а гаспадары не падазравалі, што нешта парушаюць. Пачаўшы атрымліваць штрафы, перавозчыкі прапанавалі профільным ведамствам амніставаць спагнаньні прынамсі за тэставы пэрыяд. Але ніякага зацікаўленьня з боку чыноўнікаў пакуль няма.

XS
SM
MD
LG