Паводле інфармацыі народнага дэпутата Ўкраіны Аляксандра Брыгінца, напярэдадні ўвечары Аляксей Ганчарэнка выехаў зь Кіева ў Адэсу на тэрміновую сустрэчу. «Учора ён казаў, што гэта вельмі важная і публічная сустрэча. У залі (на сэсіі парлямэнту ў Кіеве — РС) яго няма... Блізкія і родныя ня ведаюць пра ягонае месца знаходжаньня. Тэлефон не адказвае. Пракуратура, мае больш інфармацыі, якая пацьвярджае, што, хутчэй за ўсё, вэрсія — выкраданьне. Упэўнены, што гэта палітычнае злачынства», — заявіў Аляксандр Брыгінец.
У сваю чаргу дарадца старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны Юры Тандзіт заявіў, што праваахоўныя і спэцыяльныя службы зробяць усё, каб знайсьці Аляксея Ганчарэнку. «Зараз Служба бясьпекі Ўкраіны праводзіць спэцыяльныя пошукавыя захады», — запэўніў ён.
Да свайго абраньня ў Вярхоўную Раду Ўкраіны Аляксей Ганчарэнка быў прыхільнікам Партыі рэгіёнаў, але пасьля ўцёкаў у Расею Віктара Януковіча і іншых прадстаўнікоў тагачаснай улады выступаў на іх адрас з рэзкай крытыкай.
На парлямэнцкіх выбарах у 2014 годзе Аляксей Ганчарэнка балятаваўся ўжо ад Блёку Пятра Парашэнкі па мажарытарнай акрузе ў Адэсе. Абураны выказваньнямі амбасадара Нямеччыны адносна магчымасьці правядзеньня выбараў на Данбасе, арганізаваў флэш-моб, намаляваўшы фарбай на кавалку Бэрлінскай сьцяны ў Кіеве слова «не» на нямецкай мове.