Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тое, што кажуць расейскія афіцыйныя асобы пра тэракты ў Брусэлі, яны счытваюць з твару Пуціна, — палітоляг


Дзьмітры Арэшкін
Дзьмітры Арэшкін

Да спачуваньняў Бэльгіі далучыліся розныя расейскія палітыкі, але пры гэтым некаторыя абвінавачвалі Эўропу ў падтрымцы тэрарызму. Адкуль і навошта ідуць такія выказваньні, разважае расейскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін.

На тэракты ў Брусэлі афіцыйны Крэмль адрэагаваў спачуваньнямі ад імя Ўладзімера Пуціна. Рэакцыя афіцыйных асобаў, ніжэйшых па рангу, была меней стрыманая. Так, афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава да спачуваньняў дадала папрокі на адрас Захаду ў нібыта палітыцы дваістых стандартаў, падзеле тэрарыстаў на «добрых» і «дрэнных», падтрымцы Захадам тэрарыстаў на Блізкім Усходзе і Паўночным Каўказе. Старшыня ж кампартыі Генадзь Зюганаў заявіў, што «эўрапейцы плоцяць крывавую даніну за тое, што прадаліся дзядзьку Сэму».

Дэпутат Дзярждумы, лідэр ЛДПР Уладзімер Жырыноўскі заявіў на адным з расейскіх тэлеканалаў, што Расеі выгадныя тэракты ў Эўропе.

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў назваў «прыдуркам» кіраўніка службы бясьпекі Ўкраіны, які казаў, што «ня зьдзівіцца», калі тэракты ў Брусэлі акажуцца элемэнтам «гібрыднай вайны Расеі».

«Псяры добра ўлоўліваюць унутраныя інтэнцыі цара»

Чаму тэракт у іншай краіне выклікаў у Расеі такую рэакцыю афіцыйных асобаў? Пра гэта ў гутарцы з карэспандэнтам Свабоды разважае вядомы расейскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін:

«Гэтыя заявы былі, вядома, адрасаваныя ў Расею, не ў Эўропу! Што там у Эўропе, будуць яны слухаць словы спадарыні Захаравай? Гэта ўсё на ўнутраны рынак, каб паказаць, што мы ўсе моцныя, што ў нас такое немагчыма, бо ў нас моцная дзяржава, вэртыкаль, бо мы ўсе падтрымліваем Уладзімера Ўладзімеравіча Пуціна. Больш за тое, у значнай ступені гэта адрасавана самому Пуціну, каб ён зразумеў, хто больш за ўсіх яго любіць.

Мне здаецца, што самая разумная, правільная і самая афіцыйная пазыцыя — пазыцыя Пуціна: афіцыйныя спачуваньні і больш нічога. Ня царская гэта справа — публічна радавацца няўдачам праціўніка. Але адна справа — цар, іншая — псяр. Псяры добра ўлоўліваюць унутраныя інтэнцыі цара, нават калі той іх не артыкулюе. Іначай яны б не былі псярамі пры цару.

Тое, што кажуць лідэры Думы, даволі ручной, лідэры МЗС, рознага кшталту сьпікеры — гэта падсьвядомае, тое, што яны добра счытваюць з выразу твару і вачэй Уладзімера Пуціна, а потым артыкулююць тое, што Пуцін як разумны чалавек ня можа сабе дазволіць».

«Вельмі слабая пазыцыя»

У заявах расейскіх афіцыйных асобаў Арэшкін бачыць прызнаньне ўласнай слабасьці і помсьлівасьць. Ён лічыць падобныя заявы пройгрышнымі для Расеі і немагчымымі ад эўрапейскіх палітыкаў адносна Расеі:

«Я нават не кажу пра тое, што гэта не па-чалавечы, негуманна, не па-хрысьціянску — чыста з функцыянальнага боку вельмі слабая пазыцыя, дурная. Бо чаго радавацца?

Гэта інстынктыўная радасьць людзей, якія страцілі адэкватнасьць успрыманьня. Яны адчуваюць, што прайграюць паўсюль, і хоць у гэтым сэнсе хочуць паквітацца.

Выканалі задачы ў Сырыі, кажа Пуцін, і адтуль своечасова выйшлі. І ўсе кажуць — так-так, ён цудоўна выканаў, таго і таго дабіўся. Ды ніхто ня згадвае пра 224 чалавек, узарваных у самалёце пасьля таго, як пачалася вайна з ІДзІЛ. А яна ж пачалася, гэта быў удар у адказ па правілах тэрарыстычнай вайны: вы пачынаеце бамбіць нас, мы пачынаем узрываць вашы самалёты. Тады на Захадзе ніхто не казаў: вось вам, Уладзімер Уладзімеравіч, дасталося, так вам і трэба за вашу агрэсію. Мо гэта і казалі журналісты, але я ня памятаю, каб хто з больш ці менш афіцыйных асобаў казаў. Усе выказвалі спачуваньні».

«Робяць выгляд, што наша сыстэма больш бясьпечная»

Калі ў Расеі здараліся тэракты, рэакцыя ўладаў была зусім іншая — сябе расейскія ўлады не абвінавачвалі ні ў якіх «дваістых стандартах». На іншае здарэньне, калі жанчына хадзіла па цэнтры Масквы з адрэзанай галавой дзіцяці і крычала «Алаху акбар!», афіцыйныя расейскія асобы наагул ніяк не адрэагавалі. Што хочуць сказаць афіцыйныя асобы, калі ў нечым абвінавачваюць Захад пасьля тэрактаў?

«Ёсьць супярэчаньне па сутнасьці — яны робяць выгляд, што наша сыстэма больш бясьпечная, чым іхная сыстэма, і спрабуюць данесьці гэтую ідэю да шырокіх масаў.

Але наша сыстэма большай бясьпекі не гарантуе, у нас таксама ўвесь час кагосьці ўзрываюць-забіваюць. Наша сыстэма гарантуе толькі большы кантроль над СМІ.

Такая лёгіка насамрэч фальшывая, бо галоўную ролю тэрарыста як крыніцы страху ў аўтарытарнай краіне бярэ на сябе дзяржава.

Калі на Захадзе зараз усе будуць выказваць прэтэнзіі ўладам і спэцслужбам, гаварыць пра недастатковую каардынацыю, нават што Эўразьвяз памірае ад талерантнасьці — бог ведама што могуць казаць, маюць на тое права. А ў нас ствараецца ілюзія, што ў нас няма такой дэмакратызацыі, але мы жывём у бясьпецы.

Але калі нешта такое здарыцца, пра гэта хутка забудуць. І калі хто будзе казаць, што ў гэтым вінаватая ўлада, гэтых людзей будуць вінаваціць у цынізьме».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG