Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арэшкін: трэба чакаць эскаляцыі канфлікту, прычым пагібельнай


Дзьмітры Арэшкін

Дзьмітры Арэшкін

Навошта Крамлю авіябаза ў Беларусі і якой будзе далейшая зьнешняя палітыка Ўладзімера Пуціна, Свабодзе расказаў расейскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін.

— Як далёка можа зайсьці сёньняшняе абвастрэньне адносінаў паміж Расеяй і Турэччынай? Чаго чакаць далей ад Пуціна?

— Далей чакаць эскаляцыі, прычым пагібельнай. Праблема ў тым, што ў вайны свая лёгіка. Пуцін хацеў паказаць сваю геапалітычную значнасьць і ўвёў войскі (у дадзеным выпадку ваенную авіяцыю) у Сырыю. Раней ці пазьней гэта павінна было прывесьці да таго, што кагосьці зь іх саб’юць, бо вайна — гэта тое месца, дзе страляюць. Зьбілі. Цяпер невядомыя самалёты наносяць удар па канвоі, які ішоў празь мяжу з Турэччыны ў Сырыю. Кажуць, што канвой гуманітарны, хоць, як заўсёды, ёсьць сумневы — магчыма, там было гаручае, магчыма, там была зброя — невядома. Вядома, што загінула некалькі кіроўцаў у гэтым канвоі. Гэта называецца «ответка» ў стылістыцы «пацаноў» з падваротні. На жаль, спадар Эрдаган належыць да такога ж тыпу людзей — ад яго таксама будзе «ответка». Каб такіх «ответок» не было, спадар Пуцін уводзіць на базу ў Сырыі сучасныя зэнітныя комплексы С-400, а гэта значыць, што ён зьбіраецца кантраляваць усю паветраную прастору Сырыі. А з гэтым ужо ня можа пагадзіцца НАТО, таму што там лётаюць і амэрыканскія, і францускія самалёты. Атрымліваецца ў выніку тое, чаго і варта было чакаць: ідзе абмен ударамі. Спачатку нагамі пад сталом, потым рукамі над сталом, і ў цэлым гэта ўсё называецца эскаляцыя канфлікту.

— Навошта ў гэтай сытуацыі Крамлю авіябаза ў Беларусі?

— Для цяперашняга пуцінскага Крамля праблема сілы — ключавая. Таму што Пуцін верыць толькі ў дзьве рэчы: у ваенную сілу і ў грошы. У гэтым увесь яго жыцьцёвы досьвед. Грошай у Расеі ўсё менш, а амбіцыі ў Пуціна не зьмяншаюцца — адпаведна, трэба ўсё больш ставіць на сілавы складнік. Акрамя таго, псыхатып гэтага чалавека так уладкаваны, што ён увесь час чакае агрэсіі супраць сябе, таму што сам унутрана ён вельмі агрэсіўны. Ягоны сьвет размаляваны ў чорна-белыя колеры — або на цябе нападаюць, або ты нападаеш. Таму, як пры Сталіну, з аднаго боку, увесь час вырошчвае вакол сваёй пэрсоны (хоць думае, што вакол Расеі) абарончыя паясы, высільваючы эканоміку, і пашырае зону ўплыву — зноў жа для таго, каб адчуваць сябе ў поўнай бясьпецы. Таму, вядома, у Беларусі яму таксама вельмі патрэбная авіябаза. Ён сур’ёзна баіцца, што на яго нападуць натаўцы. Дарэчы, чым агрэсіўней ён сябе паводзіць з Турэччынай, ва Ўкраіне ці яшчэ дзесьці, дзе ён лічыць ушчэмленымі свае інтарэсы, тым НАТО паводзіць сябе больш насьцярожана і больш мабілізавана. У гэтым сэнсе ідзе тая ж самая эскаляцыя, якая караніцца ў мазжачку ў аднаго чалавека, які кіруе Расеяй. Так што ён будзе пашыраць зону свайго ваеннага кантролю, ваеннай прысутнасьці да той пары, пакуль не разбурыць уласную эканоміку.

У Беларусі яму таксама вельмі патрэбная авіябаза. Ён сур’ёзна баіцца, што на яго нападуць натаўцы

Хоць 150 разоў пра гэта сказана, што мы ня хочам эскаляцыі, мы ня хочам наземнай апэрацыі ў Сырыі, мы ня хочам гонкі ўзбраеньняў — пад гэтыя размовы роўна гэтыя працэсы і ідуць. Натуральна, будуць казаць, што ня мы ж у гэтым вінаватыя, нас жа вымусілі, мы ж гэтага не хацелі. Але мала хто што кажа, галоўнае, што вы робіце. А тое, што робіцца, вядзе да эскаляцыі напружаньня ня толькі ў канкрэтнай Сырыі або ў канкрэтным Крыме, але і на эўрапейскім тэатры таксама, таму што Захад зараз пачне гістэрычным чынам умацоўваць супрацьракетную абарону. А што яму застаецца рабіць? Калі ўжо лётаюць крылатыя ракеты ў Сырыю — ёсьць гарантыя, што ў гэтай галаве што-небудзь не замкне і яны не паляцяць куды-небудзь яшчэ? А ў Расеі на ўмацаваньне супрацьракетнай абароны паспрабуюць адказаць умацаваньнем наступальнай ядзернай моцы, каб яе было цяжэй злавіць ПРА. А Захаду гэта прамы сыгнал — мы ж ствараем абарончыя сыстэмы, а вы — атакуючыя. «Няўжо не відаць розьніца?», — кажуць на Захадзе.

— У Маскве гэтага не разумеюць?

— У галаве ў нашых стратэгаў гэта выглядае так: паколькі яны ўмацоўваюць абарону, значыць, яны хочуць на нас напасьці. Гэта як зь фінамі ў 1939-м годзе: калі яны будуюць лінію Манэргейма, значыць, яны бразгаюць зброяй каля нашых сьвятых межаў.

Пагроза — з боку сусьветнага тэрарызму. А ядзерныя падводныя лодкі нічагуткі ня могуць зрабіць супраць сусьветнага тэрарызму

Хоць Фінляндыя разумела, што Савецкі Саюз рыхтуецца на яе напасьці, і будавала менавіта абарончую лінію. Але я думаю, што цяпер сытуацыя для Пуціна і для Расеі крыху больш трагічная, чым у часы Гітлера і Сталіна — проста таму, што і Сталін, і Гітлер праводзілі мілітарызацыю сваёй краіны на фоне магутнага эканамічнага росту пасьля глябальнай дэпрэсіі 30-х гадоў. А Ўладзімер Уладзімеравіч Пуцін гэта задумаў на фоне рэзкага спаду коштаў на сыравіну. Адпаведна, дзяржава ўсё больш сродкаў траціць на стварэньне нейкіх абарончых рэчаў — кшталту ядзерных падлодак, ракет і бог ведае чаго яшчэ. А прыбыткі пры гэтым зьмяншаюцца. Таму даволі хутка гэта прывядзе да эканамічнага каляпсу, а самае непрыемнае, што пагроза ідзе не адтуль, пагроза ня з боку «праклятага Захаду». Пагроза — з боку сусьветнага тэрарызму. А ядзерныя падводныя лодкі нічагуткі ня могуць зрабіць супраць сусьветнага тэрарызму. Калі, вядома, не зрабіць з Сырыі ядзерную пустыню. Але гэта наўрад ці магчыма, таму што гэта наносіць удар, у тым ліку экалягічны, па ўсіх астатніх раёнах сьвету. Так што ўсё як заўсёды: змагаюцца ня з тымі ворагамі, ня тымі мэтадамі, што ў выніку прыводзіць да разбурэньня ўласнай эканомікі, уласнай краіны.

— Украіна ў дадзены момант Пуціну цікавая? Ці можа Крэмль пайсьці на новы віток эскаляцыі канфлікту на Данбасе?

— Я думаю — пайшоў бы, калі б былі рэсурсы. Але весьці адначасова дзьве кампаніі — у Сырыі і ва Ўкраіне — цяжка. Акрамя таго, ва Ўкраіне ўжо сфармавалася паняцьцевая роўнасьць. Гэта значыць, Захад пазначыў чырвоныя рысы. Хоць ён гэтага не хацеў, ён быў вымушаны гэта зрабіць. Калі пачынаецца экспансія ва Ўкраіне, у Захаду ёсьць узгодненая канва, паводле якой будзе давацца «ответка» — не ваенная, а эканамічная ў першую чаргу, новы этап санкцыяў. Пасьля гэтага адбудзецца дапамога Ўкраіне зброяй — сам Захад умешвацца ня будзе, але ўкраінская армія за паўтара года ваяваць навучылася, а калі яна атрымае сучасную зброю, то гэта будзе яшчэ больш жорсткі адказ. Совацца туды цяпер — гэта занадта высокая рызыка, і ў пуцінскіх штабах гэта разумеюць. Таму, я думаю, у адпаведнасьці з галоўным прынцыпам Пуціна «спрабуй, палохай, і калі атрымаецца — наступай» яны будуць спрабаваць і палохаць. Будуць абстрэльваць, будуць ладзіць нейкія правакацыі, будуць рабіць усё, каб перашкодзіць Украіне стаць нармальнай эўрапейскай дзяржавай. Будуць займацца тым, што раней называлася «падрыўной дзейнасьцю». Але наўпрост агрэсіі ва Ўкраіне Пуцін сабе дазволіць ужо ня можа.

XS
SM
MD
LG