Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі палітоляг: У Пуціна няма рэсурсаў зьліквідаваць Лукашэнку


Дзьмітры Арэшкін

Дзьмітры Арэшкін

Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў расейскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін.

Стратэгія Пуціна разбуральная для Расеі

Паводле слоў экспэрта, Аляксандар Лукашэнка «як абсалютна рацыянальны аўтарытарны лідэр» сёньня аддаляецца ад Расеі, бо ў эканамічным пляне стратэгія Пуціна разбуральная і Расея ўжо ня можа аказваць Беларусі фінансавую дапамогу на тым узроўні, як гэта было раней.

«Расея страчвае магчымасьць аказваць такую дапамогу, і нават калі яна захавае ў ранейшым аб’ёме нафтагазавыя датацыі, з-за двухразовага зьніжэньня цэнаў на энергарэсурсы гэтая падачка зьмяншаецца ўдвая. А Лукашэнку ў год прэзыдэнцкіх выбараў востра патрэбныя грошы, таму ён будзе ўсё шырэй і шырэй усьміхацца ў бок Захаду. І гэта таксама зразумела, бо, як і ўсе аўтарытарныя лідэры, больш за ўсё ён клапоціцца пра захаваньне ўласнай улады. Таму Лукашэнка будзе займаць такую амбівалентную пазыцыю, спрабуючы, як належыць ласкаваму цяляці, смактаць па чарзе фінансавыя крыніцы ў Расеі і ў Эўропе, і, паколькі Расея слабее, заканамерна патрошку міграваць у бок Захаду», — кажа ён.

Лукашэнка дрэйфуе ад Расеі ў кірунку Захаду

Як адзначае Арэшкін, падабаецца гэта Пуціну ці не падабаецца, але гэта цалкам аб’ектыўны і непазьбежны працэс:

«Ліквідаваць Лукашэнку яму, бадай, не па магчымасьцях, няма рэсурсаў для гэтага. Дый каго іншага можна паставіць на гэтае месца? У тым і праблема, што на самой справе той стратэгічны шлях, які быў абраны 1,5 года таму ў сувязі з далучэньнем Крыму, адпуджвае ад Пуціна ў тым ліку ягоных бліжэйшых паплечнікаў — што Казахстан, што Беларусь. Украіна страчана цалкам, Беларусь страчаная калі не напалову, то, скажам, на траціну. І гэты працэс будзе працягвацца, таму што людзі, у тым ліку аўтарытарныя лідэры, імкнуцца далучацца да пасьпяховых мэнэджэраў, а Пуцін дэманструе правальны мэнэджмэнт. Таму, натуральна, ад пуцінскай Расеі яе саюзьнікі трохі аддаляюцца, і тут нікуды ня дзенесься. Трэба мяняць унутраную палітыку, каб Расея была багацейшая і, адпаведна, магла дарыць Лукашэнку больш. Сілай Лукашэнку не ўтрымаеш, уводзіць туды войскі Пуціну не па кішэні — гэта спалучана зь вялікай колькасьцю выдаткаў, дый Лукашэнка ўжо заявіў, што будзе ваяваць, калі яго паспрабуюць узяць сілай».

На думку Арэшкіна, працэс страты расейскіх пазыцыяў у сусьветнай канкурэнтнай прасторы непазьбежны, бо пуцінская Расея «абрала самагубны шлях арыентацыі на сілавыя рэсурсы, замест таго каб разьвіваць эканоміку, прыцягваць інвэстыцыі, падтрымліваць канкурэнцыю і г.д.».

Рэакцыя Крамля на новыя санкцыі будзе шызафрэнічная

Камэнтуючы вынікі саміту «Вялікай сямёркі», падчас якога сусьветныя лідэры вырашылі захаваць дзейныя санкцыі супраць Расеі і ўзгаднілі крытэры ўзмацненьня такіх санкцыяў, Арэшкін адзначыў, што рэакцыя Крамля на гэта будзе «шызафрэнічная»:

Cпрабаваць прабіць калідор у бок Прыднястроўя ці Крыму — гэта Пуціну не па кішэні

«На ўзроўні практычных дзеяньняў гэта будзе магутны сыгнал да таго, што далейшая эскаляцыя будзе суправаджацца несувымернымі стратамі ў рэпутацыйным і эканамічным пляне. Але пры гэтым ёсьць такая рэч, як прастора рыторыкі і прапаганды — вось там якраз непазьбежна зьявяцца больш агрэсіўныя заявы, больш пераможнай рыторыкі пра тое, што санкцыі нам абвяшчаюць, а мы ад гэтага толькі мацнеем. Пры тым, што зразумела, што рыторыка ўсё далей адыходзіць ад практычнай дзейнасьці. На досьведзе мінулага году разумнай частцы калектыўнага Пуціна стала відавочна, што такога роду дзеяньні вядуць да вельмі сур’ёзных эканамічных стратаў. Таму адна справа — патрыятычныя развагі, а іншая справа — штодзённая практыка. Рухацца далей, спрабаваць прабіць калідор у бок Прыднястроўя ці Крыму — гэта Пуціну не па кішэні. Але яму па кішэні рабіць пераможны выгляд і дакладваць пра тое, як мы зьядналіся перад тварам агрэсіі Захаду», — кажа ён.

Паводле слоў Арэшкіна, у гэтай сытуацыі галоўная задача Пуціна — утрымацца ва ўладзе:

«Дзеля гэтага трэба нагнятаць патрыятычную рыторыку аж да гістэрыкі і тлумачыць, што аб’ектыўнае пагаршэньне эканамічнай сытуацыі — вынік інтрыгаў варожага Захаду, а не стратэгічных промахаў і лухты вышэйшага кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі».

XS
SM
MD
LG