Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка днямі наведаў Менскі трактарны завод. Што зьмянілася пасьля візыту кіраўніка краіны, ці задавальняе праца на прадпрыемстве? На гэтыя і іншыя пытаньні працаўнікі МТЗ адказвалі каля прахадной.

Перад прахадной Менскага трактарнага заводу вялікая пляцоўка, спрэс застаўленая легкавікамі. На заводзе сярэдзіна працоўнага дня, але працаўнікі раз-пораз выходзяць ці заходзяць. У пераважнай бальшыні — мужчыны маладых і сярэдніх гадоў. Размаўляю зь людзьмі:

Карэспандэнтка: Днямі ваш завод наведваў кіраўнік краіны. Ці пачаліся на прадпрыемстве нейкія зьмены ў выніку гэтага візыту?

Працаўнік сярэдніх гадоў: Па-першае, ён быў толькі некалькі дзён таму. А МТЗ — гэта не якая кантора на дзесяць чалавек, а буйное прадпрыемства. І калі нешта будзе зьмяняцца, то не за дзень-два, а цягам нейкага пэрыяду, плянава.

Карэспандэнтка: А калі безь візыту — ці ёсьць на прадпрыемстве праца, ці добрыя заробкі, ці задаволеныя людзі?

Працаўнік сярэдніх гадоў: Бачыце колькі машын стаіць — як вы думаеце, ёсьць праца? Працуе завод, як і працаваў.

Карэспандэнтка: Але кажуць, што на склад працуеце.

Працаўнік сярэдніх гадоў: Ну, ужо склады разгружаюцца. У некаторыя месяцы тэндэнцыя нават такая, што прадаюць больш, чым выпускаецца.

Карэспандэнтка: То, магчыма, заробкі падвышаюцца — задаволеныя?

Працаўнік сярэдніх гадоў: Ну.... па-рознаму бывае...Агулам — нармальна...

Карэспандэнтка: Ці трымаюцца людзі за працу, ці звальняюцца?

Працаўнік сярэдніх гадоў: Цяпер нашмат спакайней. Неспакойны пэрыяд быў — сярэдзіна мінулага году, калі становішча ў суседніх краінах станавілася напружаным. Гэта ўплывала і на нашу дзяржаву. Тады нехта звальняўся, а нехта прыходзіў. Цяпер больш спакойна.

Карэспандэнтка: А калі чалавек сышоў, а на новае месца ня здолеў уладкавацца і праз гэта трапіў у «дармаеды», вы як да гэтага ставіцеся?

Працаўнік сярэдніх гадоў: Я, дзякаваць Богу, такім ніколі ня быў, таму ня ведаю, што пра гэта думаць.

Іншы працаўнік: Як было ўсё, так і засталося адносна памеру заробку. Праца ёсьць, канвэер працуе, але ня гэтак, як мінулымі гадамі, — менш.

Карэспандэнтка: А ці разгружаюцца склады, ці прадаюцца трактары?

Іншы працаўнік: Ну — папрыбіралі, а ці прадалі, ці не — невядома.

Карэспандэнтка: То, можа, дадалі заробку, калі прадалі?

Іншы працаўнік: Не, нічога не дадалі.

Карэспандэнтка: Як працуецца вам, нешта зьмяняецца на вашай працы?

Працоўных сталага веку па дарозе на прахадную спаткалася найменьшая колькасьць. Пры гэтым яны адмаўляліся хоць што-небудзь казаць аб сваёй працы на вытворчасьці. Ахвотна размаўлялі людзі маладзейшыя, якіх была бальшыня:

Юнак: Нічога не зьмяняецца — як было, так усё і засталося. Праца ёсьць, заробак плацяць — я практыкант, таму мне хапае.

Карэспандэнтка: Ці загружаныя вы працай, ці задаволеныя ёю, заробкам?

Іншы юнак: Праца ёсьць на заводзе. А наконт заробку... Ну, ня ведаю, можа, ён падымецца бліжэйшым часам. А так працы хапае — трактары вырабляюцца.

Карэспандэнтка: А ці прадаюцца?

Іншы юнак: Нібыта прадаюцца. На трактары плян зьменшылі, але на дэталі — пакуль не.

Карэспандэнтка: А заробак так і не пабольшаў з-за таго, што трактары прадаюцца?

Іншы юнак: Пакуль ня бачна. Пабачым, але галоўнае — каб менш яшчэ не было.

Карэспандэнтка: Кажуць, што моладзь ня хоча заставацца з-за нізкіх заробкаў?

Працы тут многа, а плацяць за гэтую працу мала. Таму тут мала хто хоча працаваць

Іншы юнак: Так, працы тут многа, а плацяць за гэтую працу мала. Таму тут мала хто хоча працаваць. І праца тут цяжкая, вельмі цяжкая. У мяне пакуль практыка, а пасьля паглядзім...

Карэспандэнтка: Месца ўжо знайшлі?

Іншы юнак: Так, у Салігорску — там больш будуць плаціць.

Працоўны маладога веку: У прынцыпе, праца ёсьць — ня так, як хацелася б, як гэта было ў мінулыя гады, але ёсьць. Каля 6 мільёнаў заробак, у каго 5, 4 — у залежнасьці ад працоўнага месца. Таксама ня так, як бы таго хацелася — па цяперашніх коштах гэта мала. Асабліва ў каго сям’я.

Карэспандэнтка: Ці звальняюцца людзі з гэтай прычыны, ці ўсё ж трымаюцца за працоўнае месца?

Працоўны маладых гадоў: Ну, трымаюцца, бо ў Менску ж працы, фактычна, не знайсьці. Некаторыя, якія сыходзілі, нават грузчыкамі ня могуць уладкавацца і дворнікамі таксама. Таму людзі і трымаюцца. Тым больш, там у асноўным адны старыя перадпэнсійнага веку. Куды ім ужо ісьці?

Карэспандэнтка: Але ж вы малады.

Працоўны маладых гадоў: Я таксама нічога лепшага не знайду пакуль. Мне патрэбна нешта з пэрспэктывай. Але нічога падобнага няма.

Карэспандэнтка: А шмат моладзі ўвогуле?

Працоўны маладых гадоў: Хапае. Але тыя, якія прыходзяць пасьля вучэльні — яны ня хочуць працаваць. Ім мала — ім падавай усё і адразу, а адразу — ну што яны будуць атрымліваць? Я іх у нечым і разумею, але і яны мусяць разумець: ты прыходзіш амаль са школы і хочаш адразу ўсё ўмець і шмат зарабляць. А тут стаж патрэбны.... шмат што патрэбна.

Карэспандэнтка: А калі раптам у выніку падобных абставінаў чалавек апынецца бяз працы, а яго адразу ў «дармаеды» залічваюць — ці патрэбная такая кампанія супраць дармаедзтва?

Працоўны маладых гадоў: Вы ведаеце, каля майго дому такіх «дармаедаў» — навалам. Я б для іх працоўны лягер стварыў бы. Бо яны ня хочуць працаваць увогуле — і такіх шмат. І пазбаўляюцца працы яны ў пераважнай бальшыні з-за сваёй дурноты, з-за алькагалізму. І жывуць жа за нешта, не працуючы па паўгода і больш. Гэта менавіта для такога кантынгенту. Але ж ёсьць і такія выпадкі, што чалавек працаваў у прыватніка, фірма закрылася, а мужыку 50 гадоў — куды яму пайсьці? Супраць такіх ніякіх мераў не патрэбна. А вось супраць 30-гадовых алькаголікаў, якія ў мамы на шыі сядзяць, то супраць такіх — усялякія меры падтрымліваю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG