Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фармат прэзыдэнцкага пасланьня прадугледжвае шчырую размову з грамадзтвам пра актуальныя праблемы. Няхай сабе і не зусім шчырую, але, ва ўсялякім разе, гэта павінна быць сурʼёзнае тлумачэньне дзяржаўнай палітыкі насельніцтву. Толькі ў такім выпадку падобнае мерапрыемства мае сэнс.

І што мы маем цяпер? За два гады сярэдні заробак у краіне ў валюце зьменшыўся амаль удвая (у 2014 годзе ён быў звыш 600 даляраў, а на 1 сакавіка 2016 году скараціўся да 307). У любой краіне гэта прыкмета эканамічнай катастрофы. Плюс масавае спыненьне вытворчасьці, скарачэньні на прадпрыемствах, рост камунальных тарыфаў, павелічэньне пэнсійнага ўзросту і іншыя крызісныя зьявы. Сытуацыя ў нечым падобная да пачатку 1990-х гадоў. Для значнай часткі беларусаў адзіная надзея, апора, ад якой чакаюць выратаваньня, — гэта дзяржаўныя інстытуты. Людзі спадзяваліся, што будзе нарэшце сказана, у якую яму трапіла краіна, што прывяло да гэтага і як будзем выбірацца.

Але не дачакаліся. Зьмест пасланьня сьведчыць пра тое, што кіраўніцтва дзяржавы і народ жывуць у розных рэальнасьцях. Трэба было здарыцца гэтаму крызісу, каб убачыць, што на шчырую, хоць і цяжкую, размову з народам Лукашэнка ці то ня здольны, ці то не гатовы да яе. Замест адказу на пытаньні, якія хвалююць, людзі пачулі звыклыя прапагандысцкія тэзісы. Кшталту таго, што насельніцтва не пярэчыць супраць падвышэньня пэнсійнага ўзросту.

Не прагучала прызнаньня самога факту сацыяльна-эканамічнага крызісу. Лукашэнка абмежаваўся нязграбным эўфэмізмам, кшталту «тэмпы разьвіцьця запаволіліся». Насамрэч даўно ўжо няма ніякага разьвіцьця, адмыслоўцы разважаюць пра маштаб падзеньня. Як пісалі сатырыкі, «спад пайшоў угору». Кіраўнік жа дзяржавы робіць выгляд, што нічога не адбываецца.

Калі няма крызісу, то дзіўна было б разважаць пра аналіз яго прычын. І, зразумела, ня можа быць адказу на пытаньне — што рабіць? Калі няма прызнаньня катастрофы, то няма сэнсу і разважаць, як зь яе выбірацца. Таму ня трэба ніякіх перамен, рэформаў, будзем працягваць ранейшы курс. У выніку мы пачулі стандартны набор заклікаў, патрабаваньняў: «павысіць», «паглыбіць», «пашырыць» і «палепшыць». Хоць цягам усяго выступу Лукашэнка сам жа прыводзіць прыклады, якія сьведчаць, што ранейшыя мэтады кіраваньня не працуюць. Напрыклад, мы даведаліся, што ўлады, дзяржсэктар ня могуць прапанаваць акупныя праекты ня толькі пад кітайскія крэдыты, але ўжо і пад крэдыты Ўсясьветнага банку.

Ці вось яшчэ. Як павысіць эфэктыўнасьць навукі, перайсьці да інавацыйнай вытворчасьці? Правільна. Напісаць яшчэ адну праграму.

Усе гэтыя разважаньні мы чуем ужо амаль 22 гады. І чым далей, тым менш каго яны кранаюць. Беларусы прызвычаіліся ня толькі да дэвальвацыі рубля. Адбываецца дэвальвацыя слоў, прамоваў, яны ні на што не ўплываюць.

Больш за тое, калі палітык, які ў сілу сваёй пасады павінен браць на сябе адказнасьць, прымаць насьпелыя рашэньні, спрабуе рабіць выгляд, што ўсё нармальна, нічога рабіць ня варта, — то адбываецца ўжо дэвальвацыя ўлады. А лідэр, які ўхіляецца ад адказнасьці, ня хоча вырашаць праблемы, абʼектыўна страчвае давер. Пра што і сьведчаць вынікі сакавіцкага сацыялягічнага апытаньня.

А само прэзыдэнцкае пасланьне перастае быць падзеяй грамадзкага жыцьця. І ператвараецца ў пусты рытуал.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG