Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатка Вярхоўнай Рады: Нашы дзеці і ўнукі расейцам вайны не даруюць


Аляксандра Кужаль

Аляксандра Кужаль

Ваенныя дзеяньні на Данбасе суправаджаюцца імклівым падзеньнем курсу грыўні, што наўпрост адбіваецца на платаздольнасьці насельніцтва. Але ці толькі вайна вінаватая ў абясцэньваньні ўкраінскай валюты, якая дагэтуль дэманстравала стабільнасьць? Ці пагражае Ўкраіне дэфолт і хто мусіць узяць на сябе адказнасьць за неакрэсьленую будучыню эканомікі?

Пра бліжэйшыя пэрспэктывы 45-мільённай дзяржавы разважае дэпутатка Вярхоўнай Рады ад партыі «Бацькаўшчына», кандыдат эканамічных навук Аляксандра Кужаль. Яна небеспадстаўна лічыцца «маці» лібэральных рэформаў у бізнэсе і прадпрымальніцтве і лічыць, што ад абвяшчэньня банкруцтва Ўкраіне стане толькі лепш.

Але найперш, лічыць спадарыня Кужаль, улады мусяць пазбавіцца ад паслугаў старшыні Нацыянальнага банку Валерыі Гонтаравай. Менавіта яна, як перакананая Аляксандра Кужаль, вінаватая ў развале фінансавай сыстэмы Ўкраіны:

«Адносна таго, што мы ўжо маем — абранага прэзыдэнта, Вярхоўнай Рады і ўраду. Ёсьць людзі, якія абралі прэзыдэнта — адразу скажу, што гэта ня я. Але я паважаю выбар народа і як дэпутат цяпер зь ім у кааліцыі, стараюся дапамагчы прэзыдэнту зрабіць мір. Бо ва ўсім іншым гатовая біцца зь ім з ранку да ночы — у тым ліку па яго прызначэньнях, па іншых сумнеўных рэчах. Яшчэ раз кажу: разумеючы, што дзеля ўсталяваньня міру яму вельмі патрэбная шырокая падтрымка, я гатовая нават рот сабе заклеіць, абы гэта толькі дало нейкі вынік. Але каб быў вынік, трэба прызначаць прафэсійных людзей. А ён прызначае кіраўніком Нацбанку спадарыню Гонтараву. Асабіста я за яе не галасавала, бо было зразумела: яна — абсалютна не на сваім месцы».

2 сакавіка адным з пытаньняў у парадку дня дэпутатаў Вярхоўнай Рады значыцца якраз абмеркаваньне даверу да кіраўніцы Нацбанку, пры якой курс грыўні абваліўся ў разы — да 32–34 за даляр на канец лютага. А гэта, словамі Аляксандры Кужаль, сапраўднае злачынства:

«Сёньня мы маем злачынства, за якое трэба судзіць, бо яна зруйнавала фінансавую сыстэму Ўкраіны. Гэта ж не адзін банк зьнік, а пахіснулася ўся сыстэма! За той год, зь яе прыходам, зьнікла 36 банкаў, і ад пачатку году — ужо сёмы банк. Калі ў краіне зьнікае адзін банк — гэта ўжо надзвычайная сытуацыя. Бо ўсе дэпазыты перакладаюцца на што — на Дзяржаўны фонд гарантаваньня. А ніхто не кантралюе, як вывелі актывы. А калі ў актыву няма ўласьніка, то няма каму адказваць. У выніку адказнасьць перакладаецца на дзяржаву. І так у кожным банку. У „Надра-банк“ калі ўвялі кіраваньне? Месяц таму. А калі Фірташ усё вывеў з Фурсіным? Паўгода гулялі, выводзілі актывы. Яна зрабіла эмісію больш як на 300 мільярдаў грыўняў. Гэта электронныя грошы, якія выкідваліся на рэфінансаваньне банкаў, і банкі выходзілі зь імі на валютную біржу. А калі ёсьць такая гульня з валютай, то мы маем сёньня курс 34 грыўні. За ўсю незалежнасьць Украіны даляр быў 3 грыўні, потым 5 — надзвычайная сытуацыя, потым 8 — катастрофа. А цяпер — 34. І калі мы зьвяртаемся да яе, што будзе з курсам, валютным крэдытаваньнем, яна адмахваецца: а мне гэта нецікава. За ўсё павінна адказаць пэрсанальна спадарыня Гонтарава».

Паводле эканамісткі, у цяперашняй сытуацыі, калі даводзіцца змагацца на два франты — ваенны і эканамічны, кіраўніцтву Ўкраіны трэба прыняць мужнае рашэньне і абвясьціць банкруцтва. Іншага варыянту, на яе думку, практычна не застаецца:

«Цяпер дзяржаўны доўг Украіны складае 90% ад ВУП. А гэта і ёсьць дэфолт. Бо кожны новы крэдыт, атрыманы ад МВФ, будзе тупа вяртацца ў тыя ж праграмы МВФ. Ні пра якае разьвіцьцё тут гаварыць не выпадае. А банкруцтва — гэта выйсьце, што бачна па любым бізнэсе. Я 5 гадоў ва Ўкраіне змагалася, каб Агенцтва па недапушчэньні банкруцтва перайменавалі проста ў Агенцтва па банкруцтве. Банкруцтва — гэта аздараўленьне. Калі ўсім, каму ты вінен, кажаш: я вам дарую і нікому ні халеры не аддам. І пачынаеш з гэтай хвіліны пісаць новую кнігу з чыстага аркуша. Прынамсі, цябе ня цягнуць вось гэтыя 90% запазычанасьці ВУП. Мне кажуць: вы што, якое банкруцтва, да нас ня пойдуць інвэстары! Ну колькі яны ня пойдуць? Якія ўвогуле патрабаваньні да інвэстыцыяў ва ўсіх краінах сьвету? Не свабода слова, іх гэта не цікавіць. Першае — гэта існаваньне прававой сыстэмы, якая захавае ўласнасьць. Няхай любая афрыканская краіна, але калі там суд стаіць на абароне ўласнасьці, яны туды пойдуць. Другое — тое, каб я свабодна ўвезла свае грошы і вывезла. І трэцяе — каб я магла там зарабіць, а гэта неабходна забясьпечыць. Усё, больш інвэстараў нічога не цікавіць».

Іншы складнік, які можа дапамагчы Ўкраіне пераадолець эканамічны крызіс, — шырокія прэфэрэнцыі мясцоваму насельніцтву. Чым менш будуць прадпрымальныя людзі абкладацца непад’ёмным аброкам, тым з большым задавальненьнем яны будуць вымаць свае заначкі:

Дарэчы, у нашага насельніцтва на руках 69 мільярдаў даляраў. Можаце ўявіць, які ў нас інвэстар унутры краіны?

«Я ўвесь час кажу: бізнэс ня можа быць маральны. Гэта бізнэсовец, які займаецца справай, можа быць маральны. Само азначэньне бізнэсу заўсёды прадугледжвала атрыманьне прыбытку. Гэта мой погляд на эканоміку. Дарэчы, у нашага насельніцтва на руках 69 мільярдаў даляраў. Можаце ўявіць, які ў нас інвэстар унутры краіны? І каб яму даць зямлю, свабоду прадпрымальніцтва — калі ласка, зарабляй. Ня хочаш атрымліваць пэнсію — зьбірай сам. Вось у Беларусі ёсьць пэнсія, а ў Грузіі — няма. І ва ўсіх мусульманскіх краінах пэнсіі таксама няма, бо там лічыцца так: калі ты ня ўтрымліваеш старых, ты ня маеш права на жыцьцё, табе рукі ніхто не падасьць, з табой дамову ніхто не заключыць».

Адзін з асноўных чыньнікаў абясцэньваньня грыўні — агрэсіўная палітыка Расеі спачатку ў Крыме, а потым і на ўсходзе Ўкраіны. Менавіта з пачаткам расейскай агрэсіі на гэтых напрамках украінскую валюту найбольш ліхаманіла, а з ваеннымі дзеяньнямі на Данбасе працэс набыў незваротны характар. У такой сытуацыі, як кажа Аляксандра Кужаль, наіўна спадзявацца, што ўкраінцы будуць за нешта ўдзячныя расейцам. На гэтай хвалі ў Кіева не застаецца іншых варыянтаў, як спыніць калі не ваенную, то ідэалягічную агрэсію, забараняючы найбольш агрэсіўных творцаў, а таксама сумнеўную кіна- і тэлепрадукцыю. Пры гэтым спадарыня Кужаль кажа, што яе ўнукаў нават ня трэба настройваць на адпаведную хвалю — злачынстваў яны не даруюць ніколі:

«Прычым мы іх так не настройваем, ня кажам, што вось расейцы дрэнныя, ворагі і г.д. У нашай сям’і гэтага няма. Але яны ўжо не даруюць. І іх ня трэба нічым агітаваць. Таму, вядома, калі мы бачым на экране які-небудзь „Брат-2“, дзе калі бандыт, то гэта абавязкова ўкраінец, — вядома ж, гэта выклікае ў нас жорсткую рэакцыю. Зразумела, Парэчанкава, які страляў у хлопцаў-„кібаргаў“, мы ня ўспрымем у ніводным фільме. Само сабой, гэтага ўрода Ахлабысьціна зь ягонымі „Інтэрнамі“ мы выцерлі ўсе, пазьнішчалі, што было зь ім, на любых носьбітах. Нас ня трэба ўгаворваць, нас ніхто не правяраў, гэта было ўласнае рашэньне. Але ёсьць частка насельніцтва, якая да гэтага ставіцца індыфэрэнтна. Як іх у нас называюць — „ватнікі“, так?»

Пры гэтым Аляксандра Кужаль адзначае, што нармалізацыі становішча ва Ўкраіне ня можа быць без адной важнай умовы — міру. Таму людзі хапаюцца за любую магчымасьць, якая здольная прывесьці да спыненьня вайны, уключна зь менскімі дамоўленасьцямі:

Я ня ведаю, як ізраільцы прызвычаіліся ўвесь час жыць у стане вайны, кажуць, што да гэтага прызвычайваесься, але ў нас не атрымліваецца

«Калі ў мяне нядаўна зьявіўся ўнук і я напісала ў Фэйсбуку, што нарадзіўся сапраўдны бандэравец — гэта быў канец сьвету. А ўсяго толькі пажартавала: сын зь нявесткай зачалі яго ў Львове, калі адпачывалі, а нарадзіўся ён на дзень Саборнасьці. Ну, і кажу, што вось будзе ўнук-бандэравец. Божа, што мне толькі не прыйшло, гэта быў нейкі кашмар. Ёсьць такая палітызацыя ў грамадзтве, вельмі балюча мы ўсе гэты разлом перажылі. Ведаеце, кожная сьмерць — гэта катастрофа. А, паверце, увесь мінулы тыдзень бальшыня сем’яў плакала, пастаянна, калі была жалоба за жалобай, калі згадвалі загінулых хлопцаў, кожнага хавалі праз сэрца. Вы не ўяўляеце — мы ўсе сталі як зомбі. Мы прачынаемся, адразу ўключаем тэлевізар ці кампутар і глядзім навіны. Я ня ведаю, як ізраільцы прызвычаіліся ўвесь час жыць у стане вайны, кажуць, што да гэтага прызвычайваесься, але ў нас не атрымліваецца. Мы вельмі хочам, каб быў мір. І каб менскія пагадненьні, як бы яны нам падабаліся ці не падабаліся, усё ж далі нейкі плён».

11 сакавіка Рада дырэктараў Міжнароднага валютнага фонду мае разгледзець новую антыкрызісную праграму для Ўкраіны. Мяркуецца, што агулам за некалькі гадоў Украіна можа атрымаць крэдыт на 40 мільярдаў даляраў. Эканамісты разьлічваюць, што пры ўмове, калі Расея спыніць агрэсіўную палітыку, выдзеленыя сродкі змогуць стабілізаваць сытуацыю ў эканоміцы, заклаўшы падмурак для разьвіцьця прынцыпова новай Украіны.

XS
SM
MD
LG