Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Марзалюк: дэкрэт «пра дармаедаў» не супярэчыць Канстытуцыі


Ігар Марзалюк, архіўнае фота
Ігар Марзалюк, архіўнае фота

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк ня бачыць супярэчнасьцяў у дэкрэце «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».

На ягоную думку, дэкрэт «не зьмяшчае палажэньняў, якія супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававым абавязаньням Беларусі». Тым ня менш старшыня Пастаяннай камісіі адукацыі, культуры і навукі дапускае хібы ў рэалізацыі дэкрэту:

«Адначасова хацеў бы адзначыць, што праваадносіны, прадугледжаныя дэкрэтам, фармуюцца ўпершыню, і толькі практыка выкарыстаньня дазволіць выявіць істотныя праблемы ў ягонай рэалізацыі, якія могуць быць урэгуляваныя шляхам унясеньня кіраўніком дзяржавы зьменаў і дапаўненьняў у дэкрэт»,— адпісаў на калектыўны зварот жыхароў Магілёва Ігар Марзалюк.

Ініцыятар збору подпісаў за скасаваньне дэкрэту, кіраўнік абласной арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў, лічыць, што дэпутат Палаты прадстаўнікоў на зварот магілёўцаў адказаў не па сутнасьці. Партыец заяўляе, што кампанія збору подпісаў працягнецца і Марзалюка змусяць даць справаздачу пра ягоную дэпутацкую дзейнасьць.

«Цяперашні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк быў сэнатарам, калі прымаўся гэты барбарскі закон. Ён галасаваў за ягонае зацьвярджэньне», — кажа Шанцаў.

«Марзалюк у тэледэбатах, калі вылучаўся ў дэпутаты, заяўляў: вастрыё дэкрэту скіраванае супраць тых людзей, якія жывуць за пэрымэтрам Беларусі, зарабляюць там грошы і ня плацяць падаткаў. Аднак, згодна з дэкрэтам, людзі, якія пражываюць больш за 183 дні за межамі Беларусі, вызваляюцца ад выплаты падатку. Дык ствараецца ўражаньне, што Марзалюк, галасуючы за дэкрэт, яго нават не чытаў».

«Мы патрабуем адмяніць гэты дэкрэт як абсурдны, які супярэчыць здароваму сэнсу. Ён парушае правы, годнасьць грамадзян Беларусі», — даводзіць апазыцыйны палітык.

«На момант прыняцьця дэкрэту ўлада налічыла 400 тысяч беспрацоўных. У цэнтрах занятасьці ў гэты час было блізу 20 тысяч вакансіяў. Як паказвае практыка, значная частка гэтых вакансіяў „ліпавая“. Большасьць вакансіяў — гэта нізкакваліфікаваная праца. Дык ці стасуецца гэты дэкрэт з рэаліямі жыцьця і здаровым сэнсам?»

Шанцаў заяўляе, што пасьля прыняцьця дэкрэту ўлада выдала шмат рашэньняў, пастаноў, як дэкрэт рэалізоўваць. Такім чынам, кажа ён, чыноўнікі адгарадзіліся ад насельніцтва «папяровым частаколам».

«Дэкрэт скандальны, выклікаў вялікі рэзананс у грамадзтве. Дэпутаты, перад тым як яго прымаць, меліся пагаварыць з насельніцтвам. На жаль, яны слухаюць ня думкі насельніцтва, а тое, што ім кажуць зьверху. У гэтым выпадку дэпутат Марзалюк прайшоў праверку на ляяльнасьць уладзе», — робіць выснову Шанцаў.

Актывісты перадалі 5 дэпутатам Палаты прадстаўнікоў больш за 500 подпісаў магілёўцаў за скасаваньне дэкрэту «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».

Днямі Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што дэкрэт ад 2 красавіка 2015 году № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» (так званы «дэкрэт пра дармаедаў») захаваюць, але ліквідуюць выяўленыя недахопы.

«Былі прапановы ледзь не адмовіцца ад гэтага дэкрэту: шмат крытыкі, цяжка адміністраваць і многія іншыя пытаньні», — казаў Лукашэнка.

«Тады я сказаў, што, якія б ні былі размовы, для таго, каб прымаць дадатковае рашэньне, трэба пажыць, папрацаваць. Прайшоў больш як год. Мы цяпер ужо больш-менш бачым, што даў гэты дэкрэт, якія станоўчыя бакі гэтага дакумэнту. Недахопы ёсьць? Ну што ж, давайце папраўляць», — заявіў Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG