Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ленін — у музэі, на плошчы — Скарына і Эўфрасіньня. Як Полацак дэкамунізавалі ў часы Лукашэнкі


Помнік Усяславу Чарадзею ў Полацку

Помнік Усяславу Чарадзею ў Полацку

Полацак — узорны горад, дзе савецкага засталося нашмат меней, чым у большасьці нашых местаў. Праспэкт Карла Маркса цяпер носіць імя Скарыны, вуліца Фрунзэ — Эўфрасіньні Полацкай. Невялікія помнікі Леніну тут схаваныя ў парках, а на галоўных плошчах стаяць помнікі Скарыну, Эўфрасіньні, Усяславу Чарадзею. Як гарадзкія ўлады пры Лукашэнку праводзілі дэкамунізацыю ў Полацку, высьвятляла Свабода.

А ці не зашмат у Полацку помнікаў?

Звычайна адраджэньне ў гарадах Беларусі заканчвалася ў сярэдзіне 1990-х. Большасьць перайменаваньняў, помнікаў гістарычным асобам — усё гэта магчыма было ва ўмовах дэмакратычных 1990-х. Так гэта адбывалася, напрыклад, у Маладэчне, калі на чале гораду былі Генадзь Карпенка і Віктар Ганчар.

Сафійскі сабор – сымбаль Полацку

Сафійскі сабор – сымбаль Полацку

Зусім па-іншаму праходзіла дэкамунізацыя ў Полацку. Галоўныя зьмены тут прыпалі пераважна на 2000-я. І дзякуючы чалавеку, якога Аляксандар Лукашэнка прызначыў на пасаду старшыні выканкаму.

У лютым 1999 году Уладзімір Тачыла, сам родам з Полацкага раёну, узначаліў Полацкі гарвыканкам. Разам зь Мікалаем Ільніцкім, дырэктарам Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музэю-запаведніку, яны ўзяліся за адраджэньне гораду.

Вуліца Ніжне-Пакроўская да 2000-х называлася Леніна

Вуліца Ніжне-Пакроўская да 2000-х называлася Леніна

«У Полацку шчасьліва супалі дзьве вельмі патрыятычна настроеныя асобы, — кажа Свабодзе пісьменьнік Уладзімер Арлоў. — Асобы, безумоўна, творчыя, дзейсныя, якія могуць свае ідэі ня толькі генэраваць, але і ўвасабляць. Яны супалі ў часе і трапілі на ключавыя для Полацку пасады».

Кажуць, Тачыла і Ільніцкі дамовіліся штогод або ўстанаўліваць у Полацку новы помнік, або адкрываць новы музэй. І хоць шмат хто паставіўся да такога намеру скептычна, у Полацку цягам 2000-х сапраўды зьявіўся цэлы тузін новых помнікаў і музэяў.

Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў

Адзін за адным узьніклі помнікі Эўфрасіньні Полацкай і Сімяону Полацкаму (першы ў Беларусі). А Ўсяславу Чарадзею паставілі першы ў гісторыі незалежнай Беларусі конны помнік. Менавіта ў часы Тачылы беларускія навукоўцы вызначылі новы цэнтар Эўропы — у Полацку. Недалёка ад яго разьмешчаная яшчэ адна знакавая скульптура — помнік літары «Ў».

«У свой час я пачуў пытаньне: «Ці не зашмат помнікаў у Полацку?» — кажа Арлоў. — Я думаю, не зашмат, бо Полацак даў нашай гісторыі і культуры столькі выбітных асобаў, як ніякі іншы горада».

Скульптура літары «Ў» у Полацку пасьля рэстаўрацыі ў 2016 годзе

Скульптура літары «Ў» у Полацку пасьля рэстаўрацыі ў 2016 годзе

Каб паставіць любы помнік, звычайна трэба змарнаваць шмат часу на бюракратычныя працэдуры. Згодна зь беларускім заканадаўствам, помнік можна ўсталяваць толькі са згоды Мінкульту. Але ў Полацку гэтай бюракратыі пазьбеглі дзякуючы вынаходлівасьці ўладаў. Некаторыя помнікі тут маюць статус малой архітэктурнай формы. А такія скульптуры маюць права ўзгадняць мясцовыя ўлады.

Старшыня выканкаму, які пісаў вершы па-беларуску

Адначасова з новымі музэямі ды помнікамі Полацак часоў Тачылы —Ільніцкага пазбаўляўся ад савецкай тапаніміі. Цэнтральны праспэкт Карла Маркса ў 2009 годзе быў перайменаваны ў гонар Францішка Скарыны.

«Я не хачу тут на сябе коўдру цягнуць, што, маўляў, я быў ініцыятарам, — кажа Арлоў. — Ідэя насілася ў паветры. Але Тачыла раіўся са мной. Я яму кажу: калі б у Менску праспэкт Скарыны застаўся, то, можа, былі б нейкія контраргумэнты ва ўладаў. А раз у сталіцы няма такога праспэкту, дык няхай будзе на радзіме нашага гуманіста».

Доўгі час галоўная вуліца Полацку была названая ў гонар Карла Маркса. З 2009 года – гэта праспэкт Скарыны

Доўгі час галоўная вуліца Полацку была названая ў гонар Карла Маркса. З 2009 года – гэта праспэкт Скарыны

Таксама ў Полацку зьнікла вуліцы Фрунзэ. Яна стала называцца Эўфрасіньні Полацкай. Былая вуліца Леніна цяпер – Ніжне-Пакроўская. Усё гэта рабілася з ініцыятывы гарадзкіх уладаў.

Да 600-годзьдзя бітвы пад Грунвальдам у горадзе магла зьявіцца і вуліца Грунвальдзкая. Аднак у 2010 годзе Тачылу зьнялі з пасады старшыні райвыканкаму. Праз два гады ён увогуле трапіў за краты за «злоўжываньне ўладай». А таму шмат якія задумы ажыцьцявіць яму не ўдалося.

На цэнтральным месцы ў Полацку стаіць Францішак Скарына

На цэнтральным месцы ў Полацку стаіць Францішак Скарына

Сярод нерэалізаваных ідэяў Аляксандра Тачылы — аднавіць сабор сьвятога Стэфана на плошчы Свабоды. (На месцы гэтага помніку XVIII стагодзьдзя савецкія ўлады пабудавалі дзевяціпавярховы жылы дом, вядомы ў горадзе як «дом з вушамі»). Гэта знакавы для Полацку храм, які быў зруйнаваны ў 1964 годзе.

Але Тачыла, па словах Арлова, меў ня толькі намер, але ўжо і праект аднаўленьня сабору.

На месцы «дома з вушамі» Тачыла меў плян аднавіць сабор сьвятога Стэфана

На месцы «дома з вушамі» Тачыла меў плян аднавіць сабор сьвятога Стэфана

«Ён казаў, што гэтая справа вырашальная: людзей можна было б перасяліць, — згадвае Арлоў. — У ягоным кабінэце стаяў макет касьцёлу. Таксама ён хацеў аднавіць касьцёл бэрнардынскага кляштару, дзе цяпер псыхіятрычная лякарня».

Свабода зьвязвалася з Тачылам, але пасьля зьняволеньня былы старшыня адмаўляецца ад любых кантактаў з прэсай.

Былую вуліцы Фрунзэ перайменавалі ў гонар Эўфрасіньні Полацкай. Таксама першай беларускай сьвятой паставілі помнік

Былую вуліцы Фрунзэ перайменавалі ў гонар Эўфрасіньні Полацкай. Таксама першай беларускай сьвятой паставілі помнік

«Нягледзячы на ўсе пэрыпэтыі лёсу Тачылы, я па-ранейшаму яго бясконца паважаю за тое, што ён зрабіў для гораду, — кажа Арлоў. — Згадваю сустрэчы з Тачылам, калі ён чытаў мне свае беларускамоўныя вершы ў сябе ў кабінэце. Мы пілі каву і гаварылі пра ягоныя новыя ідэі. Такога з наступнымі мэрамі нельга было ўявіць».

Муры езуіцкага калегіюму не разбурылі, а аддалі Полацкаму ўнівэрсытэту

Полацак калісьці быў яшчэ і значным адукацыйным цэнтрам. У 1580 годзе Стэфан Баторы дазволіў езуітам адкрыць тут калегіюм. Сучасны будынак калегіюму каля Сафійскага сабору быў пабудаваны ў 1750 годзе. На пачатку XIX стагодзьдзя ён стаў езуіцкай акадэміяй — першай вышэйшай навучальнай установай на тэрыторыі Беларусі.

Гэта самы стары ўнівэрсытэцкі кампус Беларусі, дзе з 2007 года месьціцца Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт

Гэта самы стары ўнівэрсытэцкі кампус Беларусі, дзе з 2007 года месьціцца Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт

За савецкім часам у езуіцкіх мурах разьмяшчаўся ваенны шпіталь, а ў 1990-я гады будынак стаяў закінуты.

Толькі ў 2005 годзе ў езуіцкі калегіюм пераехаў гістарычна-філялягічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Такім чынам, Полацкі ўнівэрсытэт сёньня працягвае традыцыі найстарэйшай навучальнай установы Беларусі і месьціцца ў самым старажытным унівэрсытэцкім будынку ў цяперашніх межах краіны.

У былым калегіюме захавалася старая кафля

У былым калегіюме захавалася старая кафля

Унутры былога калегіюму захавалася кафля пачатку XX стагодзьдзя і прыступкі XVIII-XIX стагодзьдзяў. Ва ўнівэрсытэцкім дворыку ўсталяваная шыльда Габрыэлю Грубэру – генэралу ордэна езуітаў, з чыёй ініцыятывы калегіюм ператварылі ў акадэмію.

«Дзякуючы Тачылу ды Ільніцкаму зьдзейсьнілася мая даўняя ідэя, агучаная ў маіх «Таямніцах полацкай гісторыі» яшчэ на пачатку 1990-х», — кажа Арлоў.

Унутраны дворык унівэрсытэта

Унутраны дворык унівэрсытэта

Сёньня ўнівэрсытэт займае ўвесь будынак, акрамя аднаго крыла, дзе з 2002 году месьціцца мастацкая галерэя. Тамара Джумантаева, дырэктарка музэю-запаведніку, лічыць важным разьмяшчаць музэі ў гістарычных будынках.

«Гэта ў шмат разоў узмацняе экспазыцыю», — сказала Джумантаева Свабодзе.

«Эпоха Леніна» — толькі ў музэі

Помнікі Леніну ў Полацку ня зносілі, бо яны і без таго не дамінуюць у гарадзкой прасторы. У сквэры на праспэкце Скарыны невялікі Ленін без пампэзнага пастамэнту схаваны паміж знакам «Геаграфічны цэнтар Эўропы» і помнікам літары «Ў». Яшчэ адзін Ленін — насупраць чыгуначнага вакзалу. А на цэнтральным месцы ў Полацку з 1974 году стаіць помнік Скарыну вышынёй 5,5 мэтра.

Помнік Леніну на праспэкце Скарыны

Помнік Леніну на праспэкце Скарыны

Як у шмат якіх постсавецкіх краінах Цэнтральнай Эўропы, помнікі ды бюсты Леніна ў Полацку прасьцей пабачыць у музэі, чым на вуліцах. Прыватны музэй Мікалая Панкрата «Эпоха Леніна» адкрыўся тут у 2007 годзе.

Як у шмат якіх постсавецкіх краінах Цэнтральнай Эўропы, помнікі ды бюсты Леніна ў Полацку прасьцей пабачыць у музэі, чым на вуліцах. Прыватны музэй Мікалая Панкрата «Эпоха Леніна» адкрыўся тут у 2007 годзе.

Прыватны музэй «Сэнс жыцьця» ў Полацку

Прыватны музэй «Сэнс жыцьця» ў Полацку

Сёньня музэй называецца «Сэнс жыцьця», бо адлюстроўвае атрыбуты, якія атачалі Мікалая Панкрата цягам усяго жыцьця. Амаль усе экспанаты – з савецкіх часоў. Толькі бюстаў Леніна тут больш за 700. Усяго Панкрат сабраў каля 50 тысячаў экспанатаў савецкіх часоў.

«Да мінулага трэба ставіцца з павагай, - распавёў Панкрат Свабодзе. – У 1990-х Ленінаў вывозілі на сьметніцу. А я зьбіраў іх і прывозіў да сябе. І дзе вы сёньня іх знойдзеце? Нічога з тых часоў ужо не захавалася».

Акрамя музэю Леніна, у Полацку яшчэ 13 музэяў. Адзінаццаць зь іх уваходзяць у Нацыянальны Полацкі гістарычны музэй-запаведнік. У яго адміністрацыі думаюць зрабіць Полацк горадам-музэем. Але такі юрыдычны статус у нашым заканадаўстве пакуль не прадугледжаны.

«Такі статус варта распрацаваць, — кажа Джумантаева. — Гэта можа быць базай для разьвіцьця турызму. Калі тут няма горадаўтваральных прадпрыемстваў, то чаму б не зрабіць горадаўтваральнымі музэі?»

Інэрцыя Тачылы і Ільніцкага дзейнічае

Прыклад Полацку паказвае, як разумная дэкамунізацыя ідзе на карысьць гораду. Гісторыя тут зрабілася падмуркам для разьвіцьця адукацыі і турызму.

Полацкі праспэкт Скарыны

Полацкі праспэкт Скарыны

Магчымым гэта стала толькі пры моцнай мясцовай уладзе. Пасьля сьмерці Ільніцкага ў 2006 годзе, а потым сыходу Тачылы ў 2010-м, прынцып «штогод па новым помніку ці музэі» ўжо не выконваецца.

«Інэрцыя дзейнічае, — кажа Арлоў. — Напрыклад, ужо пасьля Тачылы ўстаялвалі помнік Дойліду Іанну. Але і ідэя помніка, і праспэкта Дойліда Іанна – гэта справа яшчэ ранейшых гарадзкіх уладаў. Дарэчы, помнік стваральніку славутай Спасаўскай царквы ўсталяваны ў 2012 годзе – адзіны ў горадзе помнік гістарычнай асобе, дзе надпіс зроблены па-расейску».

Помнік Усяславу Чарадзею - першы сучасны конны помнік у незалежнай Беларусі

Помнік Усяславу Чарадзею - першы сучасны конны помнік у незалежнай Беларусі

Аднаўляць гістарычную спадчыну ў Полацку стала яшчэ складаней пасьля ліквідацыі гарвыканкаму. Як і ў шмат якіх гарадах, тут аб’ядналі раённую і гарадзкую ўлады.

«Адбылося проста злачынства перад Полацкам і палачанамі, — кажа Арлоў. — Пакуль што мы спадзяемся, што Полацку ўсё ж вернуць асаблівы статус. Гэта будзе і даніна гісторыі, і адкрые выдатныя магчымасьці і для горада і краіны».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG