Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі дэфляцыя: цэны зьнізіліся на 0,1%


У жніўні цэны на спажывецкія тавары і паслугі ў параўнаньні зь ліпенем 2016 году зьнізіліся на 0,1%. Пра гэта сьведчаць дадзеныя Белстата.

Цэны на харчовыя тавары ў Беларусі пры гэтым зьнізіліся на 0,5%.

Памесячныя зьвесткі Белстату паказваюць, што дэфляцыі не назіралася са жніўня 2009 году, калі цэны ўпалі на 0,22% у параўнаньні зь ліпенем.

Між тым у параўнаньні са сьнежнем 2015 году індэкс спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі склаў 107,6%.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка ў камэнтары Свабодзе назваў дэфляцыю ў 0,1% у жніўні «нармальнай зьявай», якая ня сьведчыць пра нейкія істотныя зьмены ў беларускай эканамічнай сытуацыі.

«Гэта нармальная зьява. У асноўным спрацаваў мэханізм Мытнага саюзу, расейскі фактар. Беларусь ляснулася на расейскім рынку. Напрыклад, продажы нашай каўбасы ў Расеі моцна ўпалі, а вытворцы, ня маючы магчымасьці прадаваць па-за межамі Беларусі, вымушаныя зьніжаць цэны на каўбасу ўнутры краіны, што і адбілася на разьліках паказчыкаў інфляцыі. Бо цана вызначаецца на падставе попыту і прапановы. Калі ў людзей няма грошай, яны ня могуць купляць, то вытворцы вымушаны зьніжаць цэны. Плюс заўсёды прысутнічае фактар сэзоннага ваганьня коштаў. Бо ўлетку паступае ў продаж вялікая колькасьць садавіны, ягад і г.д.», — тлумачыць эканаміст.

XS
SM
MD
LG