Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарт Вэйдэр замест Леніна ў Адэсе: «Ён нават лепш зроблены, чым зыходнік»


Мастак і кінарэжысэр з Адэсы Аляксандар Мілаў ператварыў помнік Уладзіміру Леніну на тэрыторыі завода «Прэсмаш» у статую Дарта Вэйдэра. Помнік Леніну, як і ўсе іншыя манументы таталітарнай эпохі, павінен быў быць зьнесены ў адпаведнасьці з украінскім законам аб дэкамунізацыі, аднак новай вэрсіі нічога не пагражае.

Дарт Вэйдэр — ня проста адзін з цэнтральных герояў сагі «Зорныя войны», але і папулярны ва Ўкраіне палітык, кіраўнік Інтэрнэт-партыі. Менавіта таму перайначаная статуя Леніна цяпер распаўсюджвае бясплатны сыгнал WI-FI.

Дарт Вэйдэр спрабаваў стаць кандыдатам на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ў 2014 годзе, аднак у рэгістрацыі яму было адмоўлена. У яго праграме была, у прыватнасьці, прапанова ўзмацніць моц узброеных сіл Украіны шляхам пабудовы баявой арбітальнай касьмічнай станцыі («Зоркі Сьмерці»), павысіць заробкі і пэнсіі да касьмічнага ўзроўню і перанесьці Чарнобыль далей ад Кіева. На мясцовых выбарах ва Ўкраіне 25 кастрычніка ажно тры Дарты Вэйдэры, хоць і з рознымі імёнамі па бацьку, спрабавалі ўзначаліць Кіеў, Адэсу і Харкаў. Дарт Віктаравіч Вэйдэр, які балятаваўся на пасаду мэра Адэсы і быў афіцыйна зарэгістраваны, не знайшоў сябе ў сьпісе выбарнікаў і ня змог прагаласаваць. Да таго ж яго паплечніка Чубаку затрымала паліцыя. Чараду непрыемнасьцяў завяршыў апошні ўдар: мэрам Адэсы быў пераабраны Генадзь Труфанаў. І ўсё ж Вэйдэра можна лічыць трыюмфатарам, таму што за два дні да выбараў ён атрымаў прыжыцьцёвы помнік. На п’едэстале былога Леніна напісана: «Айцу нацыі ад удзячных дзяцей і пасынкаў».

— Ідэя паставіць помнік Дарту Вэйдэру паўстала выпадкова? Проста не хацелі зносіць Леніна і прапанавалі вам яго мадэрнізаваць?

— Мы вясной сустракаліся зь сябрамі, якія займаюцца праектам Дарта Вэйдэра, я гэты праект вяду як куратар па вонкавым выглядзе, раблю для іх машыны, транспарт, усю відэарэкляму. Яны хацелі зносіць Леніна, я кажу, што неяк мне не па душы, я магу ўзяцца за яго рэканструкцыю. Яны сказалі: ну падумай. Я паралельна зрабіў Burning man, у мяне не было часу шмат думаць, гэта значыць, я зрабіў літаральна адзін эскіз таго, як гэта будзе выглядаць у контуры Леніна, як яго абалонка, папрасіў хлопцаў-скульптараў зьляпіць мне гэта. Мы хутка ўдарылі па руках, і я яго нават ня бачыў, калі шчыра. Я прыехаў ужо на фінал, убачыўшы яго гатовым. Па ходзе зьявілася задача ўсё гэта маляўніча і дружна аформіць. Цяпер ён зроблены з супэрматэрыялаў, залеплены клеем NASA — увогуле, паводле стандарту.

— Доўга ён пратрымаецца?

— Думаю, да наступнай зьмены ўлады дакладна прастаіць.

— Зіма яго не пашкодзіць?

— Не, ён зроблены добра, на гады, ён нават лепш зроблены, чым зыходнік. Таму што зыходнік гіпсавы, але пакрыты зьверху быў меднай адчаканенай пласьцінай. Вельмі нетыповае выкананьне для помніка. Мабыць, за савецкім часам вырашылі зэканоміць, але надаць яму аўтарытэтны выгляд, кшталту ён у бронзе. Спачатку я наагул думаў, што ён з бронзы, парадаваўся, а потым высьветлілася, што справа не такая простая. Мы яго вельмі доўга змацоўвалі, каб ён не рассыпаўся, таму што ён ледзь трымаўся.

Цалкам гутарку з Аляксандрам Мілавым можна прачытаць тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG