Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы і расейцы па-рознаму рэагуюць на дэвальвацыю?


Ад пачатку году расейскі рубель патаньнеў больш як на 40%. З чымсьці падобным беларусы сутыкнуліся тры гады таму. Праўда, глыбіня падзеньня беларускага рубля ў 2011-м годзе была значна большай: ён абрынуўся на 200%. Адметна, што, калі беларусы нэрвова рэагуюць нават на нязначную дэвальвацыю, адразу кідаючыся штурмаваць абменныя пункты, суседзі захоўваюць адносны спакой. Чаму беларусы і расейцы па-рознаму ўспрымаюць абвал нацыянальнай валюты?

Расейскі рубель усталяваў новы рэкорд, спыніўшыся каля псыхалягічнай адзнакі 60 рублёў за 1 эўра. Гэтак жа ўпэўнена ён падцягваецца да плянкі ў 50 рублёў за даляр — пакуль не хапае двух рублёў. Але чаму істотнае абясцэньваньне грашовай адзінкі, якое цягне за сабой цэлы ланцуг узаемазьвязаных наступстваў, не спараджае паніку ды ажыятажны попыт на даляры ці эўра, як гэта звычайна здараецца ў Беларусі?

Журналіст Дзяніс Шаравар пераехаў зь Менску ў Маскву на пачатку 2000-х, працаваў у розных мас-мэдыя, цяпер шэф-рэдактар на тэлеканале «ТВ Центр». Адносны спакой расейцаў тлумачыць наступным чынам:

«Пакуль розьніца ў курсе — тое, што даляр і эўра растуць, а рубель становіцца слабым — на звычайных людзях ня моцна адбіваецца. Кошты вырасьлі, але не катастрафічна. То бок не падскочылі настолькі, наколькі абваліўся рубель. Прынамсі, у Расеі няма таго, што пару гадоў таму было ў Беларусі. Пакуль няма, бо, мяркуючы па ўсім, прадаюцца яшчэ тыя запасы, якія завозіліся па старых закупных коштах. Што будзе пасьля Новага году — гэта пытаньне. Можа быць горш. Пачнуць закупляць тое, што не вырабляецца ў Расеі, за даляры і эўра, і ўсё гэта, адпаведна, уздымецца ў кошце на тыя самыя 30–40%. Зразумела, што ніхто кампэнсаваць заробкі ня будзе. Існуе верагоднасьць, што іх пад маркай крызісу могуць нават панізіць — як гэта было ў 2008-м. Але да Новага году для звычайных жыхароў Расеі наўрад ці што зьменіцца».

Між тым, удакладняе Дзяніс Шаравар, напярэдадні традыцыйна доўгіх навагодне-калядных вакацыяў, якія сёлета для расейцаў працягнуцца да 11 студзеня, адпачынак для многіх выльецца ў нашмат большую суму, чым у ранейшыя гады. Пацьверджаньнем таму — шматлікія адмовы ад ужо забраніраваных паездак, якія атрымліваюць турфірмы:

Дзяніс Шаравар
Дзяніс Шаравар

«Хто трапіў, скажам так, у „засаду“, дык гэта найперш тыя, хто едзе адпачываць за мяжу — на той жа Новы год, на Каляды. Сытуацыя наступная: людзі забраніравалі сабе квіткі, забраніравалі гатэлі, аўтамабілі, якія можна ўзяць напракат, і шмат што іншае. Але калі яны рабілі гэта месяцы 2–3 таму, грошы ў той момант сьпісаныя не былі, яны былі заблякаваныя на картках. То бок іх здымуць пасьля таго, як тая ці іншая паслуга будзе аказаная. Умоўна кажучы, тры месяцы таму ў людзей заблякавалі, прыкладам, 60 тысяч расейскіх рублёў, але калі яны скарыстаюцца гэтай паслугай, сьпішуць ужо 80–90 тысяч. У фінансавым пляне гэта, вядома, непрыемнасьць».

А ці адчуваецца ажыятажны попыт ля банкаўскіх абменных пунктаў? Ці скупляюць расейцы валюту, як робяць беларусы пры першым жа намёку на нестабільнасьць курсу?

«Ды не, асаблівага ажыятажу няма. Адзін раз паспрабавалі забараніць, дакладней, абмежаваць продаж валюты. Але гэта былі збольшага ініцыятывы на месцах, якія хутка спыніліся. Цяпер валюту можна набыць свабодна. Іншая справа, мала хто гэтым займаецца: і таму, што асаблівай панікі няма, і курс для абмену ўсё ж велікаваты — на пачатку лістапада за даляр давалі пад 50 рублёў, потым курс крыху адкаціўся, за адзін дзень рублі два адгуляў назад. Насамрэч асноўная маса расейцаў за курсам больш-менш пачала сачыць толькі цяпер. Але панікі няма, таму пакуль ніхто сур’ёзна гэтым не заклапочаны. Вагаецца — ну і няхай вагаецца. Вядома, калі ўсе пачынаюць перці і скупляць даляры, як бывае ў Беларусі, то ў адказ на гэта ўсё пачынае расьці. І тут, акрамя ўсяго, няма такіх вось спэкулятыўных настрояў. Так, даляр вырас, але гэта не павінна аўтаматычна азначаць, што скокнуць кошты ў крамах. Хоць, зь іншага боку, прадукты ў дарагіх крамах, такіх як „Бахетле“, „Азбука вкуса“, ужо вырасьлі на 15%».

Адрозна ад беларусаў, расейцы сваёй валюце збольшага давяраюць нават цяпер — адток рублёвых укладаў з банкаў неістотны. Але, як лічыць Дзяніс Шаравар, цяперашні крызіс урэшце падштурхне расейцаў да таго, каб трымаць зьберажэньні ў розных валютных кошыках:

«Так, проста людзі прызвычаілася да стабільнага рубля. У бальшыні расейцаў ашчаджэньняў у валюце папросту няма. То бок, калі ў той жа Беларусі гэта правіла добрага тону — мець запас на чорны дзень у далярах ці эўра — то тут зьбіралі ў асноўным у рублях. Я не кажу, вядома, пра алігархаў ды іншых варацілаў бізнэсу. Але ёсьць такое прадчуваньне, што пасьля крызісу гэтага году, году наступнага пачнуць і ў Расеі таксама трымаць грошы ў далярах, у эўра. Гэта ж ня жарты: яшчэ ў жніўні за даляр давалі 35 рублёў, а цяпер — ажно пад 50».

Беларусы, навучаныя экспэрымэнтамі з боку дзяржавы, даўно лічаць за лепшае мець валютныя запасы. Чым цяпер пасьпяхова карыстаюцца падчас крызісу ў суседзяў. Як кажа суразмоўца, найчасьцей беларускі акцэнт сёньня можна пачуць у аўтасалёнах:

«Аўтасалёны актыўна распрадаюць рэшткі, каб выйсьці ў прыбытак. Дык вось, беларусам выгадна купляць машыны, згуляўшы на розьніцы курсу, перадусім новыя. Ужываныя, у прынцыпе, таксама, хоць у гэтым выпадку цэны прынамсі ня падаюць, крыху нават вырасьлі. А салёны мала таго, што распрадаюць запасы, дык яшчэ ладзяць розныя акцыі, фактычна даюць яшчэ дадатковыя зьніжкі. Таму ў гэты момант — так, беларусам тут выгадна купляць машыны. Але баюся, што ад пачатку 2015-га таксама ўсё зьменіцца. Дарэчы, тое самае тычыцца бытавой тэхнікі, кампутараў, тэлефонаў — усё збольшага застаецца на ранейшым узроўні, толькі па некаторых пазыцыях рост на 5%, што зусім няшмат. Дакладна такая ж сытуацыя: распрадаюцца запасы, закупленыя яшчэ па ранейшым курсе. Але прагнозы ня вельмі аптымістычныя — цэны, вядома, падвысяцца. Таму, калі хто плянаваў нешта купляць, то лепш памяняць валюту і зрабіць гэта цяпер».

Пры гэтым, удакладняе Дзяніс Шаравар, беларусы цягнуць на радзіму ня толькі аўтамабілі, але і паліва — асобныя гатункі бэнзіну ў Расеі цяпер ледзь не ўдвая таньнейшыя, чым у Беларусі:

«Так, беларусы вывозяць ня толькі тэхніку ці прадукты, але і паліва. Бэнзін, салярка калі і даражэлі, дык літаральна на капейкі. Скажам, 92-гі каштуе дзесьці пад 35 расейскіх рублёў, па цяперашніх коштах — 60 цэнтаў у эквіваленце. У Беларусі, наколькі ведаю, цана прывязаная да 1 даляра. Таму мяняюць даляры на рублі, закупляюць цэлыя бэнзавозы, вязуць у Беларусь і прадаюць».

Пры гэтым расейская прапаганда (гэтаксама як і беларуская) намагаецца падаць дэвальвацыю ледзь ня як магчымасьць атрымаць «дадатковыя дывідэнды». Вось што кажа мой суразмоўца:

«Ня так даўно паглядзеў сюжэт на НТВ. Там спрабавалі высмактаць з пальца, у чым прыгажосьць слабога рубля, падзеньня курсу ў адносінах да даляра. Дык вось, найперш у тым, што рэчы ў Маскве, у якім-небудзь ЦУМе, сталі таньнейшыя, чым на распродажы ў Міляне. Але пры гэтым забываюць дадаць адну штуку: яны сталі таньнейшыя для замежнікаў, а для расейцаў нічога не зьмянілася, дакладней — зьмянілася зусім ня ў лепшы бок. Для іншаземцаў, для тых, у каго валютныя запасы, хто атрымлівае заробак у далярах — гэта так. Але ж тых, хто зарабляе ў валюце, у Расеі, па-мойму, усяго 6% — перадусім супрацоўнікі замежных кампаніяў і прадстаўніцтваў».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, абсалютная бальшыня расейцаў — 87% — трымаюць свае зьберажэньні ў рублях, 8% — у далярах, 3% — у эўра. Але, як прагназуюць экспэрты, з улікам абясцэньваньня расейскага рубля давер да ўласных грошай можа істотна зьменшыцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG