Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя скрыпача і віялянчэліста, якія за паўгода скарылі шлях ад невядомых вулічных музыкаў да пазнавальнага струннага дуэту.

Андрэй Ходас і Данііл Кулікоўскіх сябруюць з 6 гадоў, калі пачалі займацца ў адной музычнай школе. Андрэй згадвае, што напачатку бацькі бачылі ў ім скрыпача, але засмуцілі выкладчыкі: маўляў, у вашага сына занадта вялікія рукі, патрэбны інструмэнт куды «большага калібру». Так зьявілася віялянчэль.

Данііла пачалі прывучаць да музыкі нашмат раней, яшчэ ў 3 гады. Спачатку было піяніна, выбар на карысьць скрыпкі зроблены ў школе. Дзеля справядлівасьці, фартэпіяна не прастойвае і зараз — нараджаюцца новыя мэлёдыі, рыхтуецца да запісу альбом аўтарскіх сачыненьняў. А першы твор Данііл паклаў на ноты ў 6-гадовым узросьце — два радкі, але асэнсаваныя. Паўнавартасную кампазыцыю напісаў у 12 гадоў, пазьней яна нават увайшла ў «дарослы» рэпэртуар.

Падземны пераход як спосаб натуральнага адбору

Цяпер хлопцам па 18, яны вучацца на апошнім курсе музычнага каледжу. Менавіта тут іх сяброўства набыло прафэсійныя абрысы, а працы Данііла леглі ў аснову першых выступаў. Цікаўлюся, якім чынам сыграліся да дуэту і што азначае абрэвіятура ў назьве?

Данііл Кулікоўскіх і Андрэй Ходас

Данііл Кулікоўскіх і Андрэй Ходас

Маладыя людзі тлумачаць, што ў якасьці брэнду ўзятыя тры першыя літары імёнаў абодвух удзельнікаў дуэту — лацінкай атрымалася DANAND. Але раней абрэвіятура была яшчэ больш складаная, бо спачатку быў квінтэт удзельнікаў. Як кажа Андрэй, упершыню ў падземны пераход яны спусьціліся струннай пяцёркай: два кантрабасы, дзьве скрыпкі і віялянчэль:

Андрэй: Паўтара года таму мы пачалі выступаць калектывам зь пяці чалавек, а назва была складзеная зь першых літар імёнаў удзельнікаў (дарэчы, упершыню як вулічных музыкаў нас мэдыі заўважылі якраз у тым складзе). Цяжка толкам сказаць, чаму ўрэшце распаліся — відаць, мэты ў жыцьці ў розных людзей розныя. Усе маюць свае прыярытэты: хтосьці грошай зарабіць, хтосьці пагуляць. Пры канцы было нават складана сабрацца на рэпэтыцыю, а калі зьбіраліся, то як творчыя, гарачыя людзі, пастаянна спрачаліся. Зьявіліся свае погляды на музыку і большую частку рэпэтыцыі даказвалі адзін аднаму, як трэба граць.

Данііл: Дый мне як кампазытару ўжо неяк непрыкольна стала ўвесь час паўтараць: не, давайце ўсё ж будзем граць менавіта так, як я гэта напісаў.

Да фармату дуэту хлопцы вярнуліся сёлетнім летам і ўжо нарабілі нямала шуму ў пераходах сталічнага мэтрапалітэну. Сам быў сьведкам, як звычайна абыякавыя да «самадзейнасьці» мінакі надоўга спыняліся і, паслухаўшы пару кампазыцый, шчодра напаўнялі купюрамі футляр ад скрыпкі:

Данііл: Наш тандэм пачаў фармавацца ў каледжы. У музычнай школе, па-першае, мы былі дзецьмі, па-другое, тады нам яшчэ не прывілі такой любові да музыкі, каб зьбірацца і граць. Шчыра кажучы, я думаў, што ў музыкалцы даюць праграму і ты яе проста выконваеш. Шырэй нават ня мысьліў. А вось у каледжы рэальна адчуў: музыка ніяк ня скоўвае, яна шматгранная — можна і займацца музыкай, і ствараць уласныя творы. І ўжо на першым курсе мы пачалі заставацца пасьля вучобы. Аднойчы я граў свае сачыненьні на фано і папрасіў Андрэя падыграць на віялянчэлі. Атрымалася досыць цікава. А потым падумалі: што, калі ўвесьці скрыпку? Адзін раз сыгралі, другі; потым штосьці ўдасканальвалі, адшліфоўвалі.

Андрэй Ходас падчас запісу трэку

Андрэй Ходас падчас запісу трэку

Арыгінальнасьць гучаньня, незвычайная для такіх «канцэртных заляў» як падземны пераход, зьвярнула на сябе ўвагу ня толькі транзытнай публікі, але і журналістаў. Некалькі разоў Андрэй і Данііл станавіліся героямі публікацыяў на моладзевых рэсурсах — як прыклад нестандартнага ўвасабленьня вулічнай музыкі. Пасьля інфармацыйнага розгаласу некаторыя тэлеканалы нават запрасілі на ранішнія эфіры. А ці не ўзьнікала пасьля гэтага думку зноў вярнуцца да напаўаркестравага фармату?

Данііл: Ёсьць, як кажуць, сэсійныя музыкі, калі чалавека можна запрасіць на нейкую адну мэлёдыю. Прыкладам, мы нядаўна запісалі партыю з гітарыстам. Зразумела, гэта нічога не зьмяняе і DANAND — па-ранейшаму два чалавекі. Але здараецца, што пад канкрэтную рэч патрэбен дадатковы «штык», які нам дапамагае. Так выступае папулярны харвацкі дуэт 2Cellos: наогул там два віялянчалісты, але падчас канцэрту да іх падсаджваецца ўдарнік і яны валяць АС/DC. Дарэчы, у адной з нашых мэлёдый, якая ёсьць на iTunes, таксама прысутнічае барабан. То бок, экспэрымэнтуем.

Інтэрнэт-тэхналёгіі на службе вулічнага мастацтва

Як хлопцы самі характарызуюць свой стыль? Прынамсі з боку застаецца ўражаньне ледзь не «струннага хард-року» — жорстка, эмацыйна, напорыста. І ці часта пераігрываюцца вядомыя творы іншых музыкаў?

Выпрабаваньне падземным пераходам

Выпрабаваньне падземным пераходам

Андрэй: У тым уся і справа, што кавэраў у нас няма, зусім. Раней былі дзьве рэчы, а цяпер няма ніводнай. Мы вызначыліся так: калі кавэр-гурт — то кавэр, калі аўтарскае выкананьне — то аўтарскае. Linkin Park ніколі не рабіў кавэры на іншыя песьні... Нехта можа сказаць, што гэта клясыка, зьмешаная з поп-музыкай, але на самой справе няма такога накірунку. Калі музыка замешана на розных жанрах, то гэта ўжо нешта новае. Цяжка адназначна сказаць, але думаем, што ў нашых сілах прыдумаць свой уласны стыль. Прынамсі, калі людзям, якія хоць пару разоў нас чулі і збольшага памятаюць, уключыць запіс, яны адразу скажуць, што гэта мы.

Данііл: У розных людзей нашае гучаньне выклікае свае асацыяцыі. Адны гавораць, што гэта падобна — ні больш, ні менш — на галівудзкія саўндтрэкі, другія ўлоўліваюць падабенства зь нечым скандынаўскім, кажуць пра нарвэскае адценьне. Але насамрэч кожны твор успрымаецца па-рознаму. Таму і я ня ведаю, як наш стыль абазваць.

А ці адчуваецца, што зь цягам часу нават у шараговых людзей узровень запатрабаванасьці да вулічных музыкаў падвысіўся? Калі раней, каб зарабіць, «ганарар» хапала трох акордаў і прымітыўнага шансону, то цяпер наўрад ці хто нават запаволіцца, не пачуўшы нешта арыгінальнае...

Перш чым пакінуць тую ці іншую мэлёдыю, спачатку граем, глядзім на рэакцыю людзей. Калі не адпавядае чаканьням, адмаўляемся

Данііл: Калі мы пачалі выходзіць у пераходы, само сабой, чулі, што граюць іншыя. Адно і тое ж, што проста прыводзіла ў шаленства. Хацелася падысьці і сказаць: ты ж музыка, якога д’ябла халтурыш? І калі ўзяліся самі, у нас ужо быў свой рэпэртуар, мы ўжо тады самае большае два разы гралі кампазыцыю, якая спадабалася слухачам. Побач шапікі, жывыя людзі, якія, хочаш ня хочаш, чуюць. Дый непрыемна ганяць па коле. Зараз наш рэпэртуар — гадзіна. Перш чым пакінуць тую ці іншую мэлёдыю, спачатку граем, глядзім на рэакцыю людзей. Калі не адпавядае чаканьням, адмаўляемся. Сартыруем рэпэртуар, каб наша творчасьць сапраўды прыносіла задавальненьне. Мы ці ня першымі зрабілі групу «Вконтакте» https://vk.com/danandgroup, паставілі спасылкі, пасьля чаго гурты пачалі прыдумляць назвы, даваць спасылкі. Узяліся інфармаваць падпісчыкаў, на якой станцыі граем, іншыя падхапілі і гэтую ідэю. І цяпер, калі нам тэлефануюць — давайце здымем сюжэт пра вулічных музыкаў — мы даем каардынаты знаёмых, якія граюць на вуліцы, чым спрыяем іх разьвіцьцю. Бо таксама выйшлі з «падземкі».

У рацыёне 18-гадовых музыкаў — выключна малако

У рацыёне 18-гадовых музыкаў — выключна малако

Напачатку наступнага году хлопцы маюцца прэзэнтаваць першы паўнафарматны альбом, а пакуль за сымбалічную плату спрабуюць прадаць свае творы на інтэрнэт-сэрвісах:

Андрэй: Калі пра бліжэйшыя пляны, то дапісваем свой альбом. Днямі наш трэк Everest выйшаў на iTunes, Amazon і Google Music, а бясплатна яго можна паслухаць на стрымінгавых сэрвісах Deezer і Spotify. Гэта, паўтару, не альбом, а адзін трэк. Мы вырашылі выпускаць патрэкава, а потым наладзіць канцэрт. Проста калі будзем трымаць усе трэкі да прэзэнтацыі альбому, то будзе занадта доўга — нашы падпісчыкі падумаюць, што мы проста забілі на гэтую справу.

Засяроджанасьць на музыцы

Засяроджанасьць на музыцы

Данііл: Дэдлайнам канчатковага зьвядзеньня альбому выбрана 22 лютага: ужо і ня памятаю, адкуль узялася лічба, але думаю, да гэтай даты давесьці справу да фінішу было б добра. Паводле тэхнічнага фармату, колькасьць трэкаў можа быць кратнай 9, 12, 18 і 21. На першы раз вырашылі паспрабаваць зь мінімальнага значэньня, то бок, будзе 9 кампазыцый. І ў альбоме, і па-за яго рамкамі ўся музыка ў нас аўтарская.

Apocalyptica — аўтырытэт, але абышлося без капіяваньня

На якую аўдыторыю арыентуюцца ўдзельнікі гурту DANAND? Выглядае, што музыка бяз слоў істотна пашырае аўдыторыю, пакідаючы шанец скласьці больш індывідуальнае ўражаньне ад пачутага:

Супольны выступ з Elizabeth

Супольны выступ з Elizabeth

Андрэй: Зацікаўленасьць выказвае вельмі шырокае кола, літаральна ад малых да старых. Адзінае, што калі раней больш спыняліся жанчыны, то цяпер ухіл у мужчынскі бок. Мабыць, таму, што пачалі граць музыку больш жывую, больш жорсткую. Вядома, у нас засталося некалькі лірычных твораў адмыслова для дзяўчат. Бо калі бачым, што ў натоўпе стаяць пары, і мужыкі хутка заводзяцца, то дзяўчатам трэба крыху іншае. Тады для іх мы граем штосьці больш душэўнае. Як з уласнага назіраньня, то раскід вялікі, ад нашых аднагодкаў — да пэнсіянэраў. Нават малыя пляскаюць у далоні, падтанцоўваюць у вазках. Таму цяжка сказаць, каму музыка найбольш пасуе — па-мойму, усім (сьмяюцца). Паколькі музыка бяз словаў, аўдыторыя аўтаматычна пашыраецца. Калі б былі тэксты, мабыць, мэтавыя спажыўцы былі б больш акрэсьленыя. А так кожны вольны фантазіраваць, што яму пад тую ці іншую мэлёдыю прыходзіць у галаву.

Прэзэнтацыйны плякат трэку Everest

Прэзэнтацыйны плякат трэку Everest

Упершыню пачуўшы DANAND, згадваецца фінскі калектыў Apocalyptica. Вось ужо два дзясяткі гадоў «мэталічныя віялянчэлісты» перакладаюць на мову струнаў усясьветных «монстраў року» — Metallica, Sepultura, Pantera, Faith No More, Guano Apes ды іншых. Праўда, апошнім часам у рэпэртуары зьявіліся ўласныя кампазыцыі і нават уведзены вакал. У якой ступені творчасьць скандынаваў паўплывала на Андрэя і Данііла? Або па маладосьці пра фінскіх першапраходцаў нават ня ведалі?

Данііл: Не, вядома, пра Apocalyptica мы ў курсе, але нікога не капіруем. Да таго ж, яны не адзіныя — ёсьць і іншыя гурты ў падобным стылі, ведаем патэнцыйных канкурэнтаў. Тыя ж 2Cellos альбо Lindsey Stirling, нават Vanessa-Mae. Але і 2Cellos, і Ліндсі, і Ванэса выконваюць кавэры, сваіх аўтарскіх твораў у іх практычна няма. Apocalyptica па большай частцы таксама грала чужыя рэчы, найперш Metallica, толькі нядаўна пачалі выдаваць штосьці сваё. Дарэчы, нядаўна натыкнуўся на мэлёдыю The Unforgiven, думаў, што аўтарская, дык і гэта выявілася Metallica...

Ранішні эфір на тэлеканале СТВ

Ранішні эфір на тэлеканале СТВ

Карэспандэнт: Напачатку сьнежня гарачыя фіны давалі канцэрт у Менску: вы наведаліся, альбо ў студэнцтва такіх грошай няма?

Андрэй: Не, на жаль, не схадзілі, не ўдалося. Для нас дарагавата, шчыра кажучы. Мы зараз усе сродкі ўкладаем у запіс альбому — усё ж неслабое задавальненьне, каб запісаць сапраўды якасна. Таму лішніх грошай няма, усё ідзе ў справу. Тым больш, канцэрты робім бясплатныя, бо лічым так: пакуль народ нас ня ведае, платныя канцэрты рабіць нелягічна. Чалавек спачатку павінен пра нас даведацца, а ўжо потым вырашаць: гатовы ён за гэта плаціць ці не гатовы? А пакуль шырокай вядомасьці няма, натуральна, будзем ладзіць выступы бясплатна.

Працягваючы тэму падрыхтоўкі кружэлкі, цікаўлюся, а ці ня выявіў нехта з патэнцыйных мэцэнатаў жаданьне дапамагчы з прадусаваньнем, раскруткай, прасоўваньнем дэбютнага альбому? Пра ролю дзяржавы ў прасоўваньні маладых талентаў можна сьціпла прамаўчаць:

Сэлфі з прыхільнікамі, не сыходзячы з працоўнага месца

Сэлфі з прыхільнікамі, не сыходзячы з працоўнага месца

Данііл: Ні ў каго ніякага жаданьня. У краіне няма прадусараў, якія маглі б прапанаваць рэальны кантракт. Справа ня ў тым, што мы маладыя і невядомыя, няма самой сыстэмы. Асобныя людзі аказваюць тэхнічную дапамогу, але гэта не прадусары, хутчэй, мэнэджэры ў вузкай галіне. Мы былі ў дырэктара Label Mango Record Рамана Кісялевіча — заснавальніка адзінага беларускага лэйблу, які запускае музыку на iTunes, у іншыя крамы. І дапамагае нам. Ёсьць яшчэ адзін чалавек — Мікалай Панок, ён спрыяе нам у арганізацыі канцэртаў і музычных вечарын. А так, каб быў прадусар, які магутна і мэтанакіравана займаецца ўсім у комплексе — не. Гэта тычыцца ўвогуле Беларусі: няма грошай, няма разуменьня. Мы пачалі шукаць прадусарскія цэнтры, але калі тэлефанавалі, аказвалася, што іх ці не існуе, ці яны пару гадоў як зачыніліся, ці працуюць у іншай сфэры. Таму даводзіцца ўвесь час нешта шукаць самім.

Злосныя бабулі і міліцыянты як разбуральнікі андэрграўнду

Калі зьбіраеш натоўпы ў пераходах, раней ці пазьней паўстане пытаньне: як будаваць адносіны з праваахоўнымі органамі? Не сакрэт, што сілай мастацтва, асабліва вулічнага, фуражку прабіць цяжка:

На памяць пра нечаканы канцэрт

На памяць пра нечаканы канцэрт

Данііл: Спачатку, калі мы толькі пачалі граць, вулічных музыкаў амаль не назіралася — якраз быў нейкі пэрыяд застою. Дык тады і не ганялі. Але як толькі пра нас пачалі пісаць, што мы зьбіраем натоўпы ў пераходах, што менчукі задаволеныя бясплатнымі канцэртамі, вядома ж, мэтрапалітэну надавалі па шапцы — за тое, што ўзьніклі «заторы» ў пераходах. Прынамсі, я так мяркую. Адпаведна, праваахоўныя органы ўзяліся за справу і цяпер ганяюць усіх. То бок, калі пра нас пачалі здымаць, іншыя ўбачылі, што гэта дапамагае раскруціцца і пачалі шчаміцца «пад зямлю». Такім чынам, на вуліцах музыкаў зьявілася нашмат больш.

Адно з адрозьненьняў заходнеэўрапейскіх гарадоў ад беларускіх якраз у тым, што на старадаўніх вуліцах эўрапейскіх сталіцаў сябе камфортна пачуваюць прадстаўнікі самых розных «вулічных школаў». Побач з самотным акардэонам можа суседнічаць аматар гітарнага блюзу і, прынамсі, візуальна не адчуваецца, каб гэта выклікала раздражненьне тамтэйшых сілавікоў. У Беларусі падобнае адбываецца толькі з выканкамаўскай адмашкі — пару тыдняў вольніцы ў высокі сэзон. «Что-то не так»?

Данііл Кулікоўскіх за раялем

Данііл Кулікоўскіх за раялем

Андрэй: На Захадзе плацяць падатак і працуюць на законных падставах — скажам, у той жа Нямеччыне прадугледжаны адзіны падатак на такі кшталт дзейнасьці. Таму ніхто па пяць разоў на дзень не качае правы — ні паліцыя, ні муніцыпальныя службы. Але могуць прыйсьці і запытаць: ці легальна тут стаіш? Тады проста паказваеш паперку, што заплаціў падатак, і цябе пакідаюць у спакоі. Цывілізавана, проста, зразумела.

Карэспандэнт: Каб гэтак жа было ў Беларусі, згодныя плаціць падатак?

Дабрачынны канцэрт для сталых людзей

Дабрачынны канцэрт для сталых людзей

Андрэй: Па вялікім рахунку, мы ўжо сыходзім з вулічнай музыкі. Але, каб напачатку пра гэта сказалі, вядома, плацілі б. Гэта зручна, і тым самым пазбаўляесься непрыемнасьцяў у кантактах зь міліцыяй. Прынамсі, праблемаў было б нашмат менш. Ёсьць людзі, якім вулічная музыка падабаецца, але, само сабой, трапляюцца і іншыя. То бок, нібыта ідуць міма, але, пабачыўшы натоўп, разварочваюцца, шпараць да міліцыянта: што гэта тут творыцца ў пераходзе? Дзякуй богу, гэта адзінкі з тысячы, пераважна бабулькі, якім не падабаецца нічога, чыста ў кайф стварыць праблему. А потым прыходзіць міліцыянт і нібыта апраўдваецца: граеце, хлопцы, прыгожа, але ж мне трэба рэагаваць...

Прынцыповая пазыцыя: спыніць халяву ў сеціве

Пры тым, што бальшыня вулічных музыкаў зь пераходаў нікуды далей ня рушаць і паступова апускаюць рукі, 18-гадовыя Андрэй і Данііл з дуэту DANAND меней чым за паўгода памянялі падзем’е на крытыя пляцоўкі. А ці ёсьць пляны займацца творчасьцю як прафэсіяй?

Віялянчэліст Андрэй Ходас

Віялянчэліст Андрэй Ходас

Андрэй: Мы і цяпер займаемся творчасьцю як прафэсіяй, прынамсі, прысьвячаем гэтаму ўвесь час. У ідэале хочацца, каб у такім жа ключы і разьвівалася, каб займацца менавіта музыкай. Пакуль нацэленыя на продаж у інтэрнэце і калі з дапамогай «Манга рэкард» наша музыка зачэпіць людзей, яны пачнуць яе купляць, то можна падумаць і пра больш шырокія пэрспэктывы. Азіраючыся на гэтыя паўгода, можна сказаць, што стартанулі нядрэнна. Нядаўна далі тры выступы запар: у Нацыянальным мастацкім музэі дабрачынны канцэрт для дамоў састарэлых — поўная заля, добра прайшоў. Потым гралі на сыцылійскай вечарынцы ў рэстаране Dolce Vita, клясна прынялі. Нарэшце, сольны канцэрт у кавярні Netto — столікі забраніраваныя, месцы занятыя, прыемная атмасфэра. Плянуем выступаць.

Скрыпач Данііл Кулікоўскіх

Скрыпач Данііл Кулікоўскіх

Данііл: Дзякуючы Раману Кісялевічу, мы пайшлі абсалютна новым шляхам, якім, верагодна, не ішоў яшчэ ніводзін артыст у Беларусі. Нідзе не выкладаем сваю музыку, каб яе спампоўвалі, — ні «Ўкантакце», ні на сэрвісах. Мы прадаём на iTunes, Amazon, Google Music. Цана сымбалічная — 99 цэнтаў, але гэта прынцыпова. На жаль, нашы людзі да гэтага не прызвычаіліся і, зразумела, навацыю ўспрымаюць у штыкі. Таму пакідаем некаторыя трэкі на стрымінгавых сэрвісах Deezer і Spotify, гэта сэрвісы, на якіх можна паслухаць бясплатна, там паралельна складаюцца рэйтынгі і г.д. У сувязі з вучобай часу на заробкі няма — расклад ад 8-й раніцы да 8-й вечара, у дзьве зьмены. Можам працаваць толькі ўначы. Але калі яшчэ і ўначы працаваць, то ня толькі вучобы ня будзе, мы проста загнемся.

Якая канкурэнцыя менавіта ў гэтым сэктары музычнага рынку ў Беларусі? Хто можа перайсьці дарогу як тэарэтычна, так і ў рэальнасьці?

Данііл: Менавіта ў нас? Практычна няма. Існуючыя ў Беларусі падобныя калектывы — яны ўсе кавэрысты, то бок, граюць кавэры, чужую музыку. А струнныя гурты, якія выконваюць свой рэпэртуар — мабыць, і не прыгадаю. Я шчыра і мэтанакіравана спрабаваў шукаць, але так і не знайшоў.

Выступ у Нацыянальным мастацкім музэі

Выступ у Нацыянальным мастацкім музэі

Андрэй: Вельмі шкада, што ў нашай краіне калямузычная сфэра не разьвітая аніяк. Каб нешта такое ўзьнікла ў Эўропе, у Амэрыцы, не сумняваюся, знайшліся б людзі, якія цябе нейкім чынам падтрымалі б. А ў Беларусі, нават калі пачаць шукаць самому, дык ня толькі нічога ня знойдзеш, але яшчэ і будзеш пасланы куды падалей.

Данііл: Гэта праўда, адпраўляюць з такой фармулёўкай, што лепш не агучваць. Мы аднойчы прыйшлі па дапамогу да ўладальніка адной кампаніі, папрасілі за рэкляму яго фірмы стаць нашым спонсарам, партнэрам. Прапанавалі на прэзэнтацыі альбому яго прарэклямаваць. Ён проста адмахнуўся: маўляў, я лепш тысячу даляраў патрачу ў рэстарацыі ды добра пад’ем, чым выкідваць на вашу музыку. Пасьля гэтага з такімі «мэцэнатамі» мы справы ня маем. Ніхто не разумее, што музыка патрэбна, што музыкам неабходна дапамагаць...

Падчас выступу ў рэстарацыі Dolce Vita

Падчас выступу ў рэстарацыі Dolce Vita

Андрэй: Зь іншага боку, людзі ўвесь час слухаюць музыку — у машыне, у мэтро, дома на канапе ў навушніках. У тым ліку, я ўпэўнены, і той дзядзька, які гатовы «зьесьці» тысячу даляраў у рэстарацыі. Бяз музыкі ў наш час нікуды не падзенесься...

Наперадзе ў Данііла і Андрэя — выпускны ў музычным каледжы. Пасьля давядзецца вызначацца з плянамі на бліжэйшую, а можа і далёкую будучыню. Так што талент і амбіцыі засталося падмацаваць гатовасьцю супрацьстаяць выклікам дарослага жыцьця.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG