Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскіх дыпляматаў перавозяць з Сырыі ў Лібан, беларускія застаюцца ў Дамаску


Так выглядае паўночна-ўсходняя ўскраіна Дамаску

Так выглядае паўночна-ўсходняя ўскраіна Дамаску

Міністэрства замежных спраў Украіны часова эвакуюе супрацоўнікаў сваёй амбасады з Сырыі ў Лібан.

«У сувязі з абвастрэньнем сытуацыі зь бясьпекай у Сырыі МЗС Украіны прыняў рашэньне аб часовым, з 1 сакавіка 2016 году, перамяшчэньні пэрсаналу амбасады з Сырыі ў Лібан», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства ў Facebook.

У МЗС адзначаюць, што супрацоўнікі амбасады будуць працягваць выкананьне сваіх функцыяў.

«Амбасада Беларусі ў Сырыі як працавала, так і працуе ў штатным рэжыме, — паведаміў Радыё Свабода прэсавы сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Дзьмітры Мірончык. — Яна па-ранейшаму выконвае ўсе свае функцыі ў поўным аб’ёме. На дадзены момант мы не разглядаем варыянту са зьмяненьнем рэжыму працы».

Амбасада Беларусі ў Сырыі знаходзіцца ў Дамаску. Яе ачольвае амбасадар Аляксандар Панамароў. Ён кадравы дыплямат, які ад 1996 году працуе ў структурах МЗС Беларусі. Паводле афіцыйнага сайту амбасады, у яе складзе яшчэ чатыры дыпляматы.

У Сырыі працягваецца грамадзянская вайна, у якой удзельнічаюць некалькі бакоў: з аднаго боку, прэзыдэнт Башара аль-Асад, чыёй уладзе ўжо адмовілі ў легітымнасьці большасць заходніх і арабскіх краін, з другога — групоўка паўстанцаў супраць гэтай улады рознага кірунку, ад адносна сьвецкага і дэмакратычнага да ісламістаў з «Фронту перамогі», якія вядуць збройную барацьбу і супраць улады, і супраць трэцяга боку канфлікту — экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава».

За час грамадзянскай вайны, а гэта ўжо амаль пяць гадоў, у Сырыі загінулі, паводле ацэнак, больш за 250 000 чалавек, мільёны сталі ўнутранымі змушанымі перасяленцамі або бежанцамі за мяжу.

XS
SM
MD
LG