Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дальняя дуга» Лукашэнкі


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Чытаючы інфармацыю пра цяперашні візыт Лукашэнкі ў Пакістан, трэба адзначыць, што доля краін, якія разьвіваюцца, у вонкавым гандлі Беларусі не мяняецца ўжо паўтара дзясятка гадоў. Нягледзячы на ўсе размовы, загады і заклікі да дывэрсыфікацыі гандлёвых адносін.

Варта ўзгадаць сюжэт з выступу Лукашэнкі на зьезьдзе прафсаюзаў 22 траўня. Ён там сказаў: «Мы не пасьпелі дывэрсыфікаваць наш экспарт. І па-ранейшаму засталіся ў Расеі, Украіне, Казахстане, у нашых суседзяў. Мы гаварылі пра „дальнюю дугу“, памятаеце такое азначэньне ў зьнешняй нашай палітыцы. Але толькі палітычна пасьпелі абазначыць гэтую „дальнюю дугу“. Ад Вэнэсуэлы, Эквадора праз Блізкі Ўсход, Афрыку, Пакістан на Кітай, а практычна мы мала чаго зрабілі. Шчыра кажучы, не пасьпелі».

Не пасьпелі, бо 21 году кіраваньня краінай аказалася мала? І хто перашкаджаў? Мусіць, як звычайна, «пятая калёна»? І колькі яшчэ трэба часу, каб пасьпець?

Неяк непрыкметна згарнулася беларуска-іранскае супрацоўніцтва. А памятаеце, колькі было прапагандысцкага шуму вакол сяброўства Беларусі з Вэнэсуэлай? Аляксандар Лукашэнка і Уга Чавэс некалькі разоў ладзілі ўзаемныя візыты, абдымаліся, рабілі адзін аднаму падарункі. Браты навек. І як жа хутка гэты пухір зьдзьмуўся адразу пасьля сьмерці Чавэса! Ужо ў 2013 годзе ў параўнаньні з 2012-м гандлёвы абарот паміж Беларусьсю і Вэнэсуэлай скараціўся ў 7 (сем) разоў! Ён склаў 83 млн даляраў. Ці шмат можна атрымаць ад краіны, дзе ўводзяцца карткі на туалетную паперу?

Ці шмат можна атрымаць ад краіны, дзе ўводзяцца карткі на туалетную паперу?

Або возьмем тое ж супрацоўніцтва Беларусі з КНР. Кітай — неабсяжны рынак збыту. Дык калі такое вялікае сяброўства, то чаму там так мала беларускіх тавараў? 70% экспарту Беларусі ў Кітай — калійныя ўгнаеньні. Сыравінны прыдатак.

А між тым, паводле інфармацыі з прафсаюзу работнікаў прамысловасьці ФПБ, ужо 80% беларускіх прадпрыемстваў скарацілі працоўны тыдзень да чатырох дзён. Няма куды падзець прадукцыю, склады запоўненыя.

І вось візыт Лукашэнкі ў Пакістан. Беларуска-пакістанскае супрацоўніцтва пакуль невялікае. І гэта дзіўна, бо ў гэтай краіне пражывае 190 млн чалавек, яна займае шостае месца ў сьвеце па колькасьці насельніцтва. Але толькі восеньню мінулага году была адкрыта амбасада Беларусі ў Пакістане. Беларускі кіраўнік робіць першы візыт у гэтую дзяржаву. Таваразварот паміж краінамі за мінулы год склаў калі 60 мільёнаў даляраў. Мізэр.

Лукашэнка прыбыў у Пакістан на чале вялікай дэлегацыі. Абвешчана пра падпісаньне каля двух дзясяткаў сумесных дакумэнтаў. Пра што ж дамовіліся? Можа, нарэшце беларуская прадукцыя знайшла рынак збыту?

Вось чытаю «Советскую Белоруссию», рэпартаж журналіста Дзьмітрыя Крата з Ісламабаду. Пра посьпех візыту сьведчаць падпісаньне такіх важных дакумэнтаў: міжурадавы мэмарандум аб супрацоўніцтве ў галіне інфармацыі і камунікацыяў, пагадненьне аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Беларусі і пакістанскай тэлевізійнай карпарацыяй, паміж інфармагенцтвам БЕЛТА і карпарацыяй «Асашыэйтэд Прэс» у Пакістане. Міністар інфармацыі Лілія Ананіч радасна паведаміла пра стварэньне ў будучыні «сумесных тэлевізійных прадуктаў, у тым ліку мастацкіх сэрыялаў». Нарэшце пасьля працяглых і безвыніковых пошукаў знайшлі выгадны экспартны прадукт. А яшчэ міністар заявіла: «Мы павінны, паказваючы нашу краіну, разумець тое важнае месца, якое сёньня займае Беларусь у сьвеце. Да нас скіраваны погляды і Эўропы, і Азіі, без перабольшаньня — усяго сьвету» (!?).

«Яшчэ адзін важны напрамак супрацоўніцтва — навука», — піша галоўная прэзыдэнцкая газэта. Так, сапраўды, Пакістан вядомы як цэнтар усясьветнай навукі. І цяпер беларуская навука, відаць, заквітнее.

Чамусьці думаецца, што «дальняя дуга» беларускай замежнай палітыкі ператвараецца ў далёкую мару. Каб яе наблізіць, можа, даць Лукашэнку яшчэ 21 год?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG