Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дае нам ЖКГ па кішэнях так, што сядзім у халоднай хаце»


Жыхары малых гарадоў і аграгарадкоў на Гарадзеншчыне асабліва адчулі падаражэньне камунальных паслугаў. Некаторыя кажуць, што ня здолеюць своечасова іх аплаціць.

Жыхар Слоніма спадар Юры зь сям’ёй з чатырох чалавек жыве ў двухпакаёўцы. За студзень усе камунальныя паслугі яму каштавалі 630 тысяч, яшчэ ў мінулым месяцы было 470. Паводле спадара Юрыя, цяпер адчувальныя для сям’і нават кожныя 50 тысяч. Што ўжо казаць, калі адразу плата вырастае амаль на 200 тысяч.

«Заробкі ж нам не падымаюць. А расьце ня толькі плата за ЖКГ — і ў краме цэны растуць, і за розныя мэдыцынскія паслугі трэба, дый падаткі новыя прыдумляюць. А я ж не жырую — у мяне машыны няма, ня п’ю і не куру, а ўсё роўна не магу нічога адкласьці. Гэта добра, калі бабулі яшчэ прыходзяць унукам дапамагчы, а так...»

Спадарыня Аліна са Смаргоні жыве адна ў двухпакаёвай кватэры. За студзень ёй налічылі 609 тысяч толькі па жыроўцы, І гэта безь сьвятла, вады, электрычнасьці і тэлефона.

«Што яны робяць? Як тут на гэта зарабіць? У нашым гарадку працы няма, заробкі малыя, няма куды нават прычапіцца. У абласных гарадах то яшчэ хоць нейкія аб’явы вісяць, што патрабуюцца на працу, а ў нас жа наагул нідзе нічога. Вось заходзіла на сайт раёнкі, дык знайшла, што патрабуецца мэдыцынская сястра — заробак 2 мільёны. Людзі абураюцца, але ніхто нас ня чуе».

У Дзятлаве пэнсіянэры за трохпакаёвую кватэру па ільготным кошце, улічваючы ацяпленьне, газ, электрычнасьць, сувязь, яшчэ за сьнежань плацілі 680 тысяч, а цяпер — амаль 900 тысяч. Спадар Аляксей кажа, што гэта вельмі адчувальна. Тэлефон амаль не змаўкае — суседзі і сябры абмяркоўваюць падаражэньне ЖКГ.

«Ну сапраўды, дзіва дзіўнае — вада падаражэла ў чатыры разы. Няўжо ў нас у Беларусі нестае вады, каб мы такія грошы плацілі? Каб гэта нам так пэнсіі пералічвалі, то мы б маглі плаціць, а так забіраюць нават тыя крыхі, што даюць. Жанчыны з суседняга дома выбраліся скардзіцца ў райвыканкам, а ці гэта што-небудзь дасьць...»

А вось у вёсцы Дзеравянчыцы Слонімскага раёну спадарыня Тацяна распавядае, што за сьнежань яшчэ не атрымала заробку. Чым плаціць за кватэру — ня ведае. У свой час яна выкупіла кватэру ў калгаса. Плата за камунальныя паслугі склала за студзень 660 тысяч.«Дае нам ЖКГ па кішэні, ня ведаем, чым плаціць. Добра, што ў хаце можна газ зьменшыць, то муж увесь час ставіць амаль на нуль, каб хоць не цягнула, сядзім у халоднай хаце. І гэта добра, што дзяцей з намі няма, бо суседка мае двое дзяцей і таксама заробку не атрымала, то сказала, што папросту будзе мець запазычанасьць за квартплату, бо ня дасьць рады аплаціць. А што, калі заробак трохі больш за два мільёны... Вада каштавала за куб — 2 тысячы, а цяпер паднялі да 8 тысяч. І мы тут у вёсцы нічога знайсьці ня можам. Во, чакаем, каб ужо хутчэй вясна прыйшла ды гароды садзіць. Можа, хоць нешта сваё будзе, то ўжо капейку зэканомім».

XS
SM
MD
LG