Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Mаяк эканамічнай свабоды ці рэлікт эпохі чаўнакоў?


У Казахстане і Расеі, ў адрозьненьне ад Беларусі, дзяржава не кантралюе грамадзянаў літаральна на кожным кроку

Чаму Лукашэнка паабяцаў «дробным» прадпрымальнікам канец «мядовых гадоў»? Чаму супраць новых умоваў дробнага гандлю ў Эўразійскім саюзе не пратэстуюць расейскія гандляры? Ці выжыве беларускі дробны гандаль у новых умовах? Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць эканамісты Сяргей Балыкін і Аляксандар Сінкевіч і палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч.

Дракахруст: «З 1 студзеня скончыліся мядовыя гады для індывідуальных прадпрымальнікаў і трэба працаваць у роўных умовах, па адпаведных дакумэнтах» — заявіў ў чацьвер на ўрадавай нарадзе прэзыдэнт Лукашэнка. Ён патлумачыў: «Ім трэба разумець, што сэртыфікацыя прадукцыі, на якую мы пайшлі, — гэта першы крок. Ёсьць тавар — усе суправаджальныя дакумэнты павінны быць. Мы павінны празрыста гандляваць, і хопіць вакол гэтага нейкія падкопы ладзіць»
Такім быў адказ кіраўніка дзяржавы на пратэсты прадпрымальнікаў, на іх просьбы скасаваць указ № 222 аб абавязковым набыцьці дакумэнтаў аб легальным паходжаньні тавараў, такім быў адказ на пустыя паліцы шапікаў на рэжчавых рынках, на зварот Антыкрызіснага форуму прадпрымальнікаў. Чаму? Раней прадпрымальнікам часам і саступалі, ад спантаннага страйку гандляроў недаатрымлівае даходы бюджэт, самі гандляры губляюць крыніцу заробку, для пакупнікоў зьмяншаецца разнастайнасьць магчымасьцяў. Дык чаму ўлада ў гэтым пытаньне рэагуе гэтак непахісна?

Балыкін: Я б не пагадзіўся з тэзай, што ад страйкаў прадпрымальнікаў істотна губляе бюджэт. Усе тыя страйкі, якія адбываліся раней, адбываліся з выплатай фіксаванага падатку. Прадпрымальнікі плацілі падатак, але часова прыпынялі сваю дзейнасьць. Так бы мовіць, назло Лукашэнку адмарожу сабе вушы: я заплачу грошы і я ж яшчэ і не атрымаю прыбытак. Пратэсты прадпрымальнікаў хутчэй нагадвалі галадоўкі. І гэтыя «галадоўкі» чамусьці раней рабілі ўражаньне на Лукашэнку. Напэўна, таму, што, як усе дыктатары, ён хоча, каб яго любілі ўсе без выключэньня, а калі людзі робяць сабе шкоду ў адказ на яго рашэньне — гэта, напэўна, выклікала ў яго пэўны дысананс.

У спажыўца ёсьць альтэрнатыва, так што гандлярам па вялікім рахунку няма чым палохаць Лукашэнку

Што тычыцца падаткаў прадпрымальнікаў, то для кансалідаванага бюджэту, для бюджэту краіны гэта нязначная сума. Пэўнае значэньне гэта мае для мясцовых бюджэтаў. Зараз дробныя прадпрымальнікі не зьяўляюцца тымі эканамічнымі суб’ектамі, якія забясьпечваюць спажыўца. У спажыўца ёсьць альтэрнатыва, так што гандлярам па вялікім рахунку няма чым палохаць Лукашэнку.

Дракахруст: Аляксандар, у разгар гэтага канфлікту вы далі інтэрвію «Нямецкай хвалі», дзе выказалі ўпэўненасьць, што ўлада і дробныя гандляры пойдуць на нейкі кампраміс. Як бачым, вынік — словы пра «канец мядовых гадоў». Чаму?

Сінкевіч: Барацьба з дробным прадпрымальніцтвам пачалася не ўчора і заўчора. Гэта — доўгатэрміновы трэнд. Улада ў гэтых умовах не хоча губляць твар, мяняць стратэгію. Акрамя таго, ня трэба забываць, што барацьба з гэтымі сэртыфікатамі пачалася пасьля ўваходжаньня ў Эўразійскі саюз. Так што такім чынам улада спрабуе нівэляваць уплыў адкрытай мяжы з Расеяй, каб спыніць плынь «шэрага» імпарту. Бо там, як і ў Казахстане, парадку з сэртыфікатамі не было, няма і ніколі ня будзе. Але гэта толькі малая частка праблемы.

У Расеі, як і ў Казахстане, парадку з сэртыфікатамі не было, няма і ніколі ня будзе

Галоўная сыстэмная праблема ў тым, што ў Беларусі прадпрымальнікі пераважна пагалоўна займаюцца дробным гандлем. Нават сярод мікраарганізацыяў толькі 13,7% завязана на прамысловую галіну. А дзяржава зацікаўленая ў тым, каб мікраарганізацыі не круцілі гандаль, прычым пераважна імпартнымі таварамі, перашкаджаючы айчынным вытворцам, а ішлі ў інавацыйны і высокатэхналягічны бізнэс, як гэта адбылося ва ўсіх разьвітых краінах. Пазыцыя чыноўнікаў такая — калі мы не хочам прыпадабняцца адсталым краінам Афрыкі ці Азіі з бясконцымі перапоўненымі кірмашамі, то давядзецца варушыць мазгамі і ўключацца ў тэхналягічныя ланцужкі сусьветнай эканомікі.

Дракахруст: Але быў ваш уласны прагноз, што дамовяцца. Вось не дамовіліся. Чаму?

Празь нейкі час нейкі кампраміс усё роўна будзе знойдзены

Сінкевіч: Я мяркую, што гэта такое дужаньне. Празь нейкі час нейкі кампраміс усё роўна будзе знойдзены. Бо адбудуцца сацыяльныя наступствы праз вымушанае беспрацоўе. Гэта тысячы чалавек, якія будуць ціснуць на рынак працы. Так што я ўсё ж думаю, што будуць нейкія палёгкі, з другога боку, і прадпрымальніцтва знойдзе нейкія варыянты. І ўлады могуць прыплюшчыць вочы — адпаведныя правіла будуць, але жорсткіх мераў прымацца ня будзе, як зь леташнім законам пра дармаедаў.

Дракахруст: Валер, мы нядаўна чулі развагі Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што наконт падвышэньня пэнсійнага ўзросту трэба параіцца з народам, даведацца яго думку, можа, і не рабіць таго, калі народ надта супраць. Можа, гэта ўсё было хітрыкамі і імітацыяй, але лічылі патрэбным хітрыць і імітаваць параду з народам. А з гандлёвым народам ніхто раіцца не зьбіраецца, нават хітрыць і імітаваць. Як вы адзначылі ў сваім блогу, Лукашэнка казаў пра «канец мядовых гадоў» нават зларадна, са зьдзекам. Чаму?

Карбалевіч: Калі Лукашэнка казаў, што трэба параіцца з народам наконт падвышэньня пэнсійнага ўзросту, гаворка збольшага ішла пра ягоны электарат. А ІП — гэта не яго электарат, гэта хутчэй яго ідэалягічны і палітычны праціўнік. Дык з ім цырымоніцца няма чаго. Раней улады ішлі на саступкі, але ішлі на іх пад ціскам пратэстаў, пратэстнай актыўнасьці. Зараз рух прадпрымальнікаў цалкам страціў свой пратэстны патэнцыял і ператварыўся ў бяскрыўдную групу прасіцеляў, здольных толькі на тое, каб пісаць чалабітныя лісты. Няма чаго і каго баяцца.

Зараз рух прадпрымальнікаў цалкам страціў свой пратэстны патэнцыял — ўладзе няма чаго і каго баяцца

Другая прычына такой жорсткай рэакцыі — эканамічны крызыс, жахлівая сытуацыя ў лёгкай прамысловасьці, а ІП зьяўляюцца яе канкурэнтамі. Плюс задача барацьбы з імпартам зноў выходзіць на першы плян. А ІП як раз гандлююць імпартным таварам.

Дракахруст: Як выглядае цяперашні канфлікт у сьвятле пэрспэктываў разьвіцьця рынкавай эканамікі ў Беларусі, якое яго ідэалягічнае вымярэньне? Ёсьць меркаваньне, што гэта — наступ антырынкавай па сваёй ідэалёгіі ўлады супраць айчыннай буржуазіі, супраць эканамічнай свабоды, якая ненавісная ўладзе як такая.
Але паводле іншага погляду, беларускія дробныя гандляры, бізнэс якіх палягае ў перавозцы тавараў з маскоўскіх гуртавых рынкаў у Беларусь — гэта рэлікт эпохі чаўнакоў пачатку 90-х, форма, прырэчаны на зьнікненьне. Паводле гэтага погляду, ўлада ў дадзеным выпадку змагаецца не з рынкавай эканомікай як такой, а з шэрым, непразрыстым рынкам. У разьвітых рынкавых эканоміках Эўропы дробныя гандляры набываюць тавар у гуртавых крамах у сваёй краіне, іншы бізнэс займаецца гуртавымі закупамі тавараў за мяжой.

Буйныя гульцы ў гандлі ўраздроб нават не хаваюць свайго лабізму ў пытаньні зьмяншэньня прысутнасьці кірмашоў

Сінкевіч: Я думаю, тут ёсьць спалучэньне некалькіх фактараў. Па-першае, імкненьня нашай дзяржавы ўпарадкаваць, павялічваць кантроль і празрыстасьць гандлю. Любая дзяржава гэта любіць, але наша асабліва. Па-другое, гэта трэнд на цэнтралізацыю гандлёвай сістэмы праз гіпэрмаркэты і сеткавыя цэнтры. У 2015 годзе дадаўся яшчэ адзін трэнд — стагнацыя гандлю ўраздроб. Ён рос у 2014 годзе, летась рост спыніўся, сёлета, напэўна, нават скароціцца. То бок агульны пірог не расьце. Таму буйныя гульцы ў гандлі ўраздроб нават не хаваюць свайго лабізму ў пытаньні зьмяншэньня прысутнасьці кірмашоў, прадпрымальнікаў, і пры гэтым актыўна цягнуць коўдру на сябе і ўжо нават між сабой яе дзяруць.

Дракахруст: Сяргей, указ № 222 — прамы вынік уступленьня Беларусі ў Эўразійскі саюз, прамая рэкамэндацыя Эўразійскай камісіі. Але ў тым саюзе, акрамя Беларусі, і Казахстан, і Расея. Па ідэі новыя правілы павінны былі ўдарыць і па расейскіх дробных гандлярах. Але пра іх пратэсты нічога не чуваць. Вось інтарэсы тамтэйшых дальнабойнікаў закранулі новым дарожным зборам, дык яны і пратэстуюць. А тамтэйшыя гандляры — не, не пратэстуюць супраць таго, што выклікае пратэсты ў іх беларускіх калегаў. Чаму?

У нас парадак, у Расеі бардак, расейскі бардак дазваляе пэўным людзям у Беларусі працаваць

Балыкін: Як вядома, суворасьць расейскіх законаў кампэнсуецца іх няспраўным выкананьнем. У РФ чыста тэарэтычна на тавар павінны быць адпаведныя дакумэнты, не сэртыфікаты, а накладныя. Па ідэі тавар павінен трапляць у Расею легальна. Калі тавар ня мае накладных, то ён альбо кантрабандны ці выраблены на нейкіх падпольных майстэрнях. У Расеі такога кантрабанднага, кантрафактнага тавару шмат. І расейскія ўлады і не асабліва спрабуюць змагацца з гэтым патокам. Можа таму, што гэта выгадна нейкім набліжаным да ўлады структурам. Можа прычына ў тым, што Расея вялікая і ўсіх не пераловіш. Словам, у нас парадак, у Расеі бардак. Расейскі бардак дазваляе пэўным людзям у Беларусі працаваць. Што да вашага пытаньня наконт пэрспэктыў дробнага гандлю, то ў свабоднай рынкавай эканоміцы буйныя гандляры выйграюць у дробных за кошт абароту і за кошт цаны. У нас ІП выжывалі толькі таму, што ў нас дзяржава дала ім магчымасьць легальна прадаваць нелегальны тавар. Афіцыйная вэрсія менавіта так і гучыць — маўляў, мы вядзем краіну да цывілізаванага рынку. Але эканамічныя погляды нашых уладаў нейкія зьменлівыя і непасьлядоўныя. І прыкладаў такой бязглуздай барацьбы можна прывесьці шмат. Юрыдычныя асобы, як і буйныя гандляры церпяць ад дурных рашэньняў улады ня менш, чым ІП. У 1996 годзе, калі праводзілася перарэгістрацыя, Лукашэнка казаў, што нам трэба болей ІП і меней юрыдычных асобаў, наш бізнэс яшчэ не сасьпеў для працы ў фармаце юрыдычнай асобы. Зараз ён кажа супрацьлеглае. Гэта плюралізм у адной галаве і зразумець нашу дзяржаву немагчыма.

Дракахруст: Цяперашні канфлікт — далёка ня першы ў стасунках беларускіх дробных гандляроў з беларускай ўладай. Прыгадваюцца канфлікты з нагоды абавязковага ўжываньня касавых апаратаў пры гандлі, з нагоды абмежаваньня колькасьці супрацоўнікаў, якіх індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права наймаць. Кожная гэтая навацыя выклікала моцныя пратэсты, кожны раз гаварылася, што гэта пахавае дробнае прадпрымальніцтва. Але не пахавала. Дык можа тое ж будзе і з цяперашнім новаўвядзеньнем — пастрайкуюць гандляры, а потым неяк прыстасуюцца да новых умоваў вядзеньня бізнэсу, як прыстасоўваліся раней.

У нас дзеля захаваньня дзяржаўнага сэктару ў прамысловасьці ўлады гатовыя збанкрутаваць прыватных прадпрымальнікаў

Карбалевіч: Дробны бізнэс — неад’емная частка рынкавай эканомікі ў самых разьвітых краінах. Калі ІП і рэлікт, то ён зьнікне натуральным чынам, не вытрымае канкурэнцыі. Навошта яго штучна зьнішчаць?
Сапраўды, гэтым разам падставай канфлікту стала ўвядзеньне новага тэхрэглямэнту Эўразійскага саюзу, які прадугледжвае абавязковую наяўнасьць у ІП сэртыфікату якасьці на тавары лёгкай прамысловасьці. Вы, Юры, маеце рацыю — хоць гэты дакумэнт распаўсюджваецца не толькі на Беларусь, але і на Расею і Казахстан, аднак расейскіх і казахстанскіх прадпрымальнікаў яго зьяўленьне ніяк не ўсхвалявала. Бо асноўнае адрозьненьне паміж Беларусьсю і іншымі чальцамі Эўразійскага саюзу — ў ролі дзяржавы ў сацыяльна-эканамічных працэсах. У нас дзеля захаваньня дзяржаўнага сэктару ў прамысловасьці ўлады гатовыя збанкрутаваць прыватных прадпрымальнікаў. Бо апошнія самой сваёй прысутнасьцю разбураюць патэрналісцкую сацыяльную мадэль, паводле якой усё насельніцтва павінна залежыць ад дзяржавы, увесь час нешта прасіць, а вярхоўны ўладар вялікай лыжкай дзяліць «па справядлівасьці». Залежны народ — паслухмяны. Калі ўжо і дапускаць прыватнікаў, то буйных, напрыклад, уласьнікаў гандлёвых сетак, бо зь імі лягчэй мець справу, лёгка заангажаваць, прымусіць, запужаць, трымаць на кручку. Даўняя ідэя пра стварэньне ўрадам дзяржаўных гуртавых базаў, празь якія ІП атрымоўвалі б тавар — гэта спроба адзяржаўленьня індывідуальных прадпрымальнікаў, каб можна было раздаваць ім баланду з уладных рук. Сёньняшняя сытуацыя з ІП — гэта і адказ тым, хто яшчэ спадзяецца на рынкавыя рэформы, якія, па сваёй прыродзе павінны скарачаць долю дзяржаўнага сэктара ў эканоміцы і павялічваць ролю прыватнага бізнэсу. Дык вось не. У гэтай краіне час спыніўся. А што да пэрспэктыў, то дробны бізнэс — неад’емная частка рынкавай эканомікі ў самых разьвітых краінах, там дробны гандаль мае сваю нішу.

Дракахруст: Валер, я крыху ведаю, як у Чэхіі працуюць мікракрамкі, якія тут трымаюць пераважна віетнамцы. Яны едуць у вялікія гуртавыя крамы, яны тут называюцца Macro, купляюць там тавар, вязуць у свае крамкі і прадаюць пакупнікам ураздроб. Яны купляюць тавар у чэскіх гуртавых крамах, там з паходжаньнем тавараў усё ў парадку. Я не кажу, што дробны бізнэс як такі — гэта рэлікт. Я кажу, што дробны бізнэс, які працуе так, як у Беларусі — магчыма, гэта рэлікт.

У Казахстане і Расеі, ў адрозьненьне ад Беларусі, дзяржава не кантралюе грамадзянаў літаральна на кожным кроку

Карбалевіч: У Расеі і Казахстане адносіны паміж вытворцамі і спажыўцамі, прадаўцамі і пакупнікамі будуюцца шмат у чым ужо на рынкавых адносінах. І дзяржава значна далей дыстанцуецца ад іх. У гэтых краінах, у адрозьненьне ад Беларусі, дзяржава не кантралюе грамадзянаў літаральна на кожным кроку. Там нікому ў галаву не прыходзіць пастаянна накіроўваць кантралёраў на рынак, правяраць гандляроў, караць іх вялізнымі штрафамі, ганяць бабуль, якія прадаюць кветкі, семкі або пучок цыбулі з градкі.

Дракахруст: Сяргей, а якая эканоміка гэтага беларускага дробнага бізнэсу? Наколькі я ведаю, ў Маскве, як і ў Празе, ёсьць такія гуртавыя крамы. Па ідэі можна ехаць у іх, купляць, везьці ў Беларусь. Ці гэта невыгадна? На маскоўскіх гуртавых рынках купляць выгадна, а ў гуртавых крамах — ужо не. Гэта так? І як беларускі дробны бізнэс зможа выжыць у абяцаныя прэзыдэнтам «немядовыя гады»?

Расейскія гандляры ня будуць зьвязвацца з афармленьнем дробных продажаў беларусам, яны вывешваюць аб’явы: «Белорусским придуркам не продаем»

Балыкін: Кантрабандны тавар заўсёды таньней. Яго вязуць і з Расеі, і з Украіны. Купляць афіцыйна тавар у РФ для дробных гандляроў нявыгадна. І афіцыйным прадаўцам нявыгадна прадаваць тавар дробным беларускім гандлярам з усімі неабходнымі працэдурамі. Гэта ж па-сутнасьці зьнешнеэканамічная зьдзелка, яна патрабуе выплаты ПДВ, пацьверджаньня тут выплаты ПДВ для расейскага пастаўніка, гэта пастаўнік мусіць адпаведным чынам афармляць дакумэнты у сваю падатковую. Пры сумах зьдзелкі менш за 25 тысячаў даляраў расейцам нявыгадна пастаўляць тавар на экспарт.
Яны ня будуць з гэтым зьвязвацца, яны вывешваюць аб’явы: «Белорусским придуркам не продаем», многія нашы прадпрымальнікі пра гэта распавядалі. І ніякіх дакумэнтаў не даюць, кажуць — хочаш — купляй так, ці мы табе нічога не прададзім. Што рабіць дробным гандлярам? Натуральная ніша дробнага бізнэсу — гэта ці спэцыялізаваны гандаль ці сфэра паслуг. Я ня думаю, што дробныя гандляры ў масавым парадку могуць пайсьці ў інавацыйныя праекты, для гэтага трэба мець належную кваліфікацыю. Але адкрыць цырульню, напрыклад, могуць. Але праблема — паспрабуй у Беларусі адкрыць цырульню, паспрабуй адкрыць кафэ. Цябе чакаюць пакуты з узгадненьнямі, праверкамі, інстанцыямі, с падатковай.
Сысьці ў іншыя нішы гэтыя людзі ня могуць, гандляваць як раней яны ня могуць. Па-першае, дзяржава не дае, па-другое, пакупнікі ўсё менш ходзяць на рынкі. Гэта чалавечая трагедыя. Яны ня могуць і пайсьці на біржу працы, ў цэнтры занятасьці насельніцтва. Пакуль ён зарэгістраваны, як ІП, яго ніхто не зарэгіструе як беспрацоўнага. Працэдура спыненьня прадпрымальніцкай дзейнасьці займае амаль год. Рабочы, якога выкінулі з заводу, можа ісьці на біржу працы на наступны дзень, а індывідуальны прадпрымальнік — толькі праз год.

Асаблівага ўплыву на эканоміку дробны гандаль не стварае і пратэсты тут не дапамогуць

Сінкевіч: Я мяркую, што дробны бізнэс усё ж выжыве. Лукашэнка летась сустракаўся з дробнымі прадпрымальнікамі і яны па сутнасьці склалі ўгоду, што з 1 студзеня указ № 222 уступіць у сілу. Ён будзе працаваць, магчыма, зь нейкімі палёгкамі. Але трэба памятаць, што на кірмашах гандаль нашых ІП-шнікаў складае ўсяго 18%. Таму асаблівага ўплыву на эканоміку ён не стварае. І пратэсты тут не дапамогуць. Я не пагаджуся з маімі суразмоўцамі. Адкрыць у Беларусі цырульню ці нешта кшталту таго зараз элемэнтарна. Пра гэта сьведчаць і паказьнікі Беларусі ў Doing bussiness. Іншая справа, што ў Беларусі адчуваецца моцны ўплыў эканамічнага крызісу. Нават на дзяржаўных прадпрыемствах ідуць вялікія скарачэньні, рынак працы перапоўнены. Стварыць цырульню, выйсьці на рынак паслуг, дзе ўжо ёсьць вялікая канкурэнцыя. вельмі складана. Сапраўды, складана пайсьці і ў высокія тэхналёгіі. Але па сутнасьці няма іншага выбару для прадпрымальнікаў: альбо выконваць патрабаваньне закону і ўзбуйняцца, інакш ты не выканаеш патрабаваньне закону па сэртыфікацыі, альбо працаваць, як паводле вашага, Юры, расповеду працуюць віетнамцы ў Чэхіі, альбо пераходзіць у сфэру паслугаў ці ў сфэру высокіх тэхналёгіяў.

Дракахруст: А ці рэальная для беларускіх дробных гандляроў такая схема працы, як і дробных гандляроў у Чэхіі? Чым Масква такая прывабная, нашто ехаць за 800 кілямэтраў і потым мець праблемы з гэтымі сэртыфікатамі і накладнымі?

Ёсьць дзікая Азія, дзе без афармленьня, за хабар, прывозяць з-за мяжы тавар і цягнуць сюды празь мяжу

Сінкевіч: У нас гэта пачыналася, сетка Евроопт такім гуртавым гандлем і займалася і шмат прадпрымальнікаў там тавар і куплялі, у асноўным харчаваньне. Дайшла б справа і да стварэньне такіх крамаў тыпу Macro і ў Беларусі. Але дэвальвацыя расейскага рубля стварыла сытуацыю, калі вельмі выгадна стала везьці тавар з Расеі. Асабліва ўлічваючы тое, што там сапраўды ўсё ідзе па-шэраму, ніякай цывілізаванай рынкавай эканомікі там няма. Ёсьць дзікая Азія, дзе без афармленьня, за хабар, прывозяць з-за мяжы тавар і цягнуць сюды празь мяжу. Гэта вялікая праблема, Беларусь неаднойчы ўзьнімала гэтае пытаньне, каб Расея і Казахстан навялі парадак у гэтым пытаньні. Але яны нічога ня могуць зрабіць. Таму беларускі прадпрымальнік па тавар і едзе ў Маскву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG