Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да палітвязьня Мікалая Дзядка не дапусьцілі адваката


Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок

«Гэтае беззаконьне цяжкае. Мы ўсё больш і больш непакоімся за здароўе і жыцьцё сына ў горацкай калёніі», — бацька палітвязьня.

2 ліпеня ў калёніі ў Горках Магілёўскай вобласьці да палітвязьня Мікалая Дзядка не дапусьцілі адваката. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў бацька палітвязьня Аляксандар Дзядок.

«Адвакату адмовілі ў сустрэчы зь Мікалаем на той падставе, што сын нібыта не напісаў заяву на сустрэчу, але я ў гэтым сумняваюся. Справа ў тым, што на мінулым тыдні, калі адвакат бачыўся зь Мікалаем усяго цягам 15 хвілін, яны дамовіліся, што сын абавязкова напіша такую заяву. І тое, што ён гэтага нібыта не зрабіў, патлумачыць немагчыма. У выніку пра сына ведаем толькі тое, што з карцэру яго зьмясьцілі ў ПКТ — гэта памяшканьне камэрнага тыпу ў калёніі. Прычым адвакату адмовіліся выдаць копіі дакумэнтаў пра тое, за што і на колькі дзён Мікалая зьмясьцілі ў ПКТ. Яшчэ дадам, што і на ранейшыя скаргі адваката ў адміністрацыі калёніі не адказваюць, а мне і маці Мікалая не адказваюць на скаргі ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС. Гэтае беззаконьне цяжка і камэнтаваць. Мы ўсё больш і больш непакоімся за здароўе і жыцьцё сына ў горацкай калёніі», — сказаў Аляксандар Дзядок.

Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок трапіў у калёнію ў Горках увесну 2015 году, пасьля таго як суд, які адбыўся ў магілёўскай турме, дадаў яму яшчэ год зьняволеньня нібыта за парушэньні турэмнага рэжыму. Першы тэрмін (4,5 года зьняволеньня за хуліганскія дзеяньні адносна афіцыйных будынкаў) для Мікалая Дзядка павінен быў скончыцца ў сакавіку. Гэты тэрмін Мікалай Дзядок адбываў у турме ў Магілёве.

Вядома, што Мікалаю Дзядку прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні, але ён адмовіўся. Апазыцыя і праваабаронцы ў Беларусі патрабуюць спыніць ціск на палітвязьня Мікалая Дзядка і неадкладна яго вызваліць.

XS
SM
MD
LG