Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да непазнавальнасьці зьмяніў твар гораду», — што Чыж пасьпеў разбурыць у Менску?


Свабода зьвярнулася да экспэртаў з пытаньнем, які сьлед пакінула будаўнічая дзейнасьць Юрыя Чыжа на гістарычным і архітэктурным абліччы Менску.

«Крымінальную справу не завялі, хоць праверкі цягнуліся вельмі доўга»

Старшыня ГА «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антон Астаповіч кажа, што найбольшую шкоду гісторыка-архітэктурнаму абліччу Менску нанесьлі два аб’екты — жыльлёвы комплекс прэміюм-клясу «Ля Траецкага» і шматфункцыянальны комплекс «Кемпінскі» ля менскага цырку. Прычым абодва праекты рэалізоўваліся зь відавочнымі парушэньнямі заканадаўства.

«Па-першае, гэта так званая „Чыжоўка“ — дом на тэрыторыі Траецкага прадмесьця, хоць яго называюць „Ля Траецкага“. Яго пачалі будаваць у 2008 годзе на тэрыторыі, якая мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці — гэта квартал, які прымыкае да Траецкага прадмесьця, абмежаваны вуліцамі Багдановіча, акадэміка Заборскага і Старажоўскай вуліцы. У гэтым квартале пад аховай дзяржавы знаходзіцца гістарычная пляніровачная структура, будынкі і культурны пласт. Але адбылося поўнае парушэньне заканадаўства аб гісторыка-культурнай спадчыне, гэтая пабудова перакрыла ўсе мажлівасьці рэгенэрацыі квартала. Гэтым будынкам зьнішчаная магчымасьць аднаўленьня на сваіх падмурках дома, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч. Пры земляных работах быў практычна без дасьледаваньня зьнішчаны ўвесь культурны пласт гэтай тэрыторыі (усё праходзіла толькі пад маркай археалягічнага нагляду, без археалягічных дасьледаваньняў). Таму гэта ўжо цалкам незаконны аб’ект, а калі аналізаваць яго архітэктурныя якасьці — тут проста няма літаратурных словаў», — кажа экспэрт.

Што тычыцца праекту комплексу «Кемпінскі», то ён, акрамя ўсяго, быў сфальсыфікаваны па сваёй сутнасьці, бо ня мае адносінаў да сусьветнага брэнду Kempinski, адзначае Астаповіч.

Антон Астаповіч

Антон Астаповіч

«Пачалі распрацоўваць праектную дакумэнтацыю, калі яшчэ не былі распрацаваны ахоўныя зоны праспэкту. А праспэкт — гэта гісторыка-культурная каштоўнасьць. Гэта ўжо надзвычай грубае парушэньне. Затым пры падрыхтоўцы будаўніцтва быў зьнішчаны помнік архітэктуры, унесены ў дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў — гэта першая менская электрастанцыя. Пра што тут яшчэ гаварыць? Калі ў 2011 годзе па матэрыялах Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры праводзілася праверка Партызанскім РУУС, то ў матэрыялах было зафіксавана, што тут ёсьць усе прыкметы парушэньня крымінальнага заканадаўства. Але крымінальную справу не ўзбудзілі, хоць праверкі цягнуліся вельмі доўга», — кажа экспэрт.

Навабуд на праспэкце Незалежнасьці каля цырку

Навабуд на праспэкце Незалежнасьці каля цырку

«Дзе цяпер усе гэтыя людзі, якія дагаджалі Чыжу?»

Мастацтвазнаўца і дасьледчык архітэктуры Сяргей Харэўскі таксама вылучае сярод найбольш шкодных праектаў Чыжа комплекс «Кемпінскі» і «Ля Траецкага».

«Тыя будынкі, якія былі зроблены кампаніяй Чыжа, да непазнавальнасьці зьмянілі аблічча гораду і натуральна разбурылі тую структуру, якая была — прычым назаўжды. Натуральна, гэта будынак каля цырку — які, аказваецца, і не „Кемпінскі“, і не гатэль, і невядома наагул, калі гэта скончыцца. Гэты гмах перарэзаў тканку менскага водна-зялёнага дыямэтра, перарэзаў папалам агляд рэчышча Сьвіслачы, закрыў парк Горкага. Ну і, канечне, гэта гмах на вуліцы Старавіленскай, які сваім памерам пераўзышоў і опэрны тэатар, і ўсё, што толькі магчыма — такое дэманстратыўнае нахабства, каб з усіх бакоў яго было відаць, ледзь не зь любога пункту гораду. Гэта, безумоўна, самыя брутальныя праекты. І цяпер, выглядае, варта пацешыцца, што плянаваны захоп Чыжом Ракаўскага прадмесьця так і не адбыўся. Хоць суцяшэньне слабое», — кажа ён.

Сяргей Харэўскі

Сяргей Харэўскі

Харэўскі лічыць, што цяпер з гэтымі будынкамі ўжо нічога ня зробіш, але трэба не забываць пра тых, хто даваў дазвол на будаўніцтва і абараняў гэтыя праекты Чыжа.

«Калі гавораць цяпер пра Чыжа, мяне непакоіць пытаньне: што будзе з тымі, хто выдаваў шматлікія дазволы на зьнішчэньне ўнікальнага помніка менскай электрастанцыі, хто лабіраваў і пагаджаўся на гэта? Гэтыя ўсе людзі засталіся ў цені. А я думаю, цяпер было б вельмі цікава падняць увесь гэты архіў перапіскі, паглядзець, хто нас пераконваў з алавянымі вачыма, што будзе ўсё цудоўна, што ніякіх парушэньняў няма. Канечне, узгадваюцца дзясяткі аўтараў дзясяткаў публікацыяў, якія праломлівалі, праціскалі ў грамадзкай сьвядомасьці гэтыя праекты, займаючыся іх пазытыўным іміджам. Дзе цяпер усе гэтыя людзі, якія дагаджалі Чыжу, падносілі на подпіс заведама незаконныя праекты і спадзяваліся, што грошы ягоныя і ягоная блізкасьць да ўладаў усё гэта перакрыюць? Ніколі не паверу, што ўсё гэта рабілася за дзякуй, ведаючы і пэрсону Чыжа, і саму сытуацыю. Вось бы дзе пакалупацца было пракуратуры і грамадзкасьці — узгадаць пайменна ўсіх падзельнікаў гэтай кампаніі. Трэба разабрацца, хто прапаноўваў Чыжу гэтыя праекты, хто прапаноўваў Чыжу гэтыя месцы ў горадзе, хто браў на сябе адміністрацыйнае рашэньне, юрыдычнае рашэньне пра зьнішчэньне культурна-гістарычнага ляндшафту», — падкрэсьлівае дасьледчык архітэктуры.

Навабуд каля цырку перакрыў пэрспэктыву праспэкту і від на парк Горкага. Фота ©Shutterstock

Навабуд каля цырку перакрыў пэрспэктыву праспэкту і від на парк Горкага. Фота ©Shutterstock

Менавіта гэта Харэўскі лічыць самым важным цяпер — задаць пытаньні тым, хто разам з Чыжом нішчыў гісторыка-культурныя каштоўнасьці.

«Урэшце, Чыж, я ўпэўнены, наўрад ці адважыўся б будаваць там і такое, калі б яму гэта не прапаноўвалі. Ён жа ж не архітэктар. Чыж проста даваў грошы. Але рэалізоўвала праект вялікае кола народу. І гэтыя людзі застануцца ў цені і будуць працягваць рабіць свае справы.

Чыж сам па сябе мне не цікавы. Тое, што ён гаварыў па-хамску пра помнікі даўніны, архітэктуру — ну што тут, я ж уяўляю яго інтэлектуальны ўзровень. Мне цікавая гэтая атмасфэра, якая дазваляе дзясяткам людзей карміцца і ствараць гэты фэномэн, а пасьля сыходзіць у цень і вешаць на Чыжа ўсіх сабак», — кажа Харэўскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG