Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да аграгародкоў дададуцца яшчэ «пэрспэктыўныя вёскі»


Аляксандар Лукашэнка прапанаваў на дадатак да аграгарадкоў у кожным раёне вызначыць па 3–5 пэрспэктыўных вёсак і забудоўваць іх даступным для вяскоўцаў жытлом.

Пра гэта ішла размова ў час наведваньня ім СУП «Азярыцкі-Агра». Такімі вёскамі, на думку Лукашэнкі, могуць быць былыя цэнтры аб’яднаных гаспадарак. Маўляў, неабходная інфраструктура там ёсьць. На незанятых участках можна будаваць жыльлё. «Нам трэба для вяскоўцаў рабіць танныя дамы. Такім чынам мы можам такія вёсачкі зноўку забудаваць і пасяліць туды людзей».

Журналіст-аграрнік Анатоль Гуляеў кажа, што ідэя гэтая ня новая, як і з аграгарадкамі. Першыя аграгарадкі зьявіліся на пачатку 1920-х гадоў, а на пачатку 2000-х гадоў Лукашэнка зноў загадаў будаваць аграгарадкі. Яшчэ ў 1960-х гадах было абвешчана вялікае перасяленьне з так званых «непэрспэктыўных» вёсак у «пэрспэктыўныя». Так што ўсё паўтараецца, кажа Анатоль Гуляеў:

«Казаць, што гэта дало асаблівы эфэкт, не выпадае, бо тады ніякіх адчувальных посьпехаў і перамог у павелічэньні выпуску сельскагаспадарчай прадукцыі не было. Пасьля гэтага кіраўніцтва СССР было вымушана распрацоўваць Харчовую праграму, бо прадуктаў катастрафічна не хапала.

Цяпер усё паўтараецца зноў: спачатку будаўніцтва аграгарадкоў, якія,

Селянін сваё жытло павінен будаваць сам: так, як яму падабаецца, каб ягонай сям’і было ўтульна, па індывідуальным праекце

за рэдкім выключэньнем, былі з аднолькавымі дамамі, часьцяком шматкватэрнымі. Мяне асабліва ўражвалі зусім маленькія хлеўчукі, куды карову можна было паставіць толькі па дыяганалі.

Сама па сябе ідэя, што ў сяле павінна быць прыстойнае і недарагое жытло, — правільная. Але селянін сваё жытло павінен будаваць сам: так, як яму падабаецца, каб ягонай сям’і было ўтульна, па індывідуальным праекце, а не па тыпавым. Асабліва ў вёсцы.

Лічу, што гэта чарговая кампанія, але вынік будзе такі самы, як з аграгарадкамі».

XS
SM
MD
LG