Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 23 ліпеня зьбіраць подпісы за кандыдатаў забаронена


Першым этапам выбарчай кампаніі стане падача ў Цэнтарвыбаркам сьпісаў сябраў ініцыятыўнай групы таго ці іншага прэтэндэнта. Сьпісы зьбіральнікаў подпісаў неабходна перадаць не пазьней за 17 ліпеня. А сам збор подпісаў пачнецца 23 ліпеня і будзе працягвацца па 21 жніўня ўключна. Гэта вызначыў Цэнтравыбаркам падчас сёньняшняга паседжаньня, на якім зацьвердзілі каляндарны плян кампаніі.

Здаць у ЦВК на праверку сьпісы зьбіральнікаў подпісаў прэтэндэнты могуць ужо 1 ліпеня. Аднак тыя патэнцыйныя кандыдаты, зь якімі я размаўляў, кажуць, што сьпяшацца ня будуць. Тлумачэньне ў іх аднолькавае: незалежна ад таго, калі здаеш сьпісы, да 23 ліпеня зьбіраць галасы выбарцаў у сваю падтрымку закон не дазваляе. Гэта сёньня пацьвердзіла і старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, якая заявіла, што такія подпісы ня будуць лічыцца сапраўднымі.

Яна зьвярнула асаблівую ўвагу на тое, што падчас пікетаў можна зьбіраць толькі подпісы ў падтрымку таго ці іншага прэтэндэнта на вышэйшую дзяржаўную пасаду. Зьбіраць подпісы па нейкіх іншых пытаньнях катэгарычна забаронена, і калі хтосьці будзе гэтым займацца, то гэтых людзей могуць прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасьці.

У якасьці прыкладу яна сказала, што «нейкія сілы зьбіраюцца праводзіць кампанію пад назвай „Народны рэфэрэндум“. Гэтая акцыя незаконная». А заявы прадстаўнікоў кааліцыі «Народны рэфэрэндум», што яны нібыта ўжо сабралі 120 тысяч подпісаў грамадзян Беларусі ў падтрымку пытаньняў «Народнага рэфэрэндуму», паводле яе словаў, «юрыдычна нікчэмныя».

«На словы спадарыні Ярмошынай я магу адказаць, што мы дзейнічаем адпаведна з законам аб зваротах грамадзянаў», — кажа Свабодзе Аляксей Янукевіч — старшыня партыі БНФ, якая ўваходзіць у кааліцыю «Народны рэфэрэндум»:

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Мы маем абсалютна ўсе правы і магчымасьці зьбіраць гэтыя подпісы. Гэта абсалютна не супярэчыць заканадаўству. Асноўную колькасьць подпісаў мы сабралі, абыходзячы кватэры. І, у прынцыпе, гэты сродак збору подпісаў застаецца ў нас асноўным і падчас выбарчай кампаніі. Мы плянуем і падчас збору подпісаў за Тацяну Караткевіч, і падчас агітацыі, калі яна будзе зарэгістраваная, абыходзіць кватэры і праводзіць пікеты.

Што тычыцца таго, што дазволена падчас пікетаў, а што не, то мы будзем дадаткова вывучаць заканадаўства. Я ўпэўнены, што ў дадзеным выпадку спадарыня Ярмошына кажа ня ўсю праўду. Мы будзем абавязкова шукаць і знойдзем магчымасьці, як юрыдычна абгрунтаваць сваю пазыцыю».

На кожных выбарах мясцовыя ўлады вызначаюць месцы, дзе праводзіць пікеты забаронена. Сёньня, ужо пасьля заканчэньня паседжаньня ЦВК, Лідзія Ярмошына сказала журналістам, што месцаў, забароненых для збору подпісаў, не павінна быць шмат. Да 17 ліпеня мясцовыя ўлады мусяць вызначыць пералік такіх месцаў.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін быў кіраўніком выбарчага штабу партыйнага кандыдата Яраслава Раманчука. Сёньня спадар Марголін згадвае, якая была сытуацыя зь месцамі для правядзеньня перадвыбарчых пікетаў тады:

Леў Марголін

Леў Марголін

«Улады не вызначалі месцы, дзе можна праводзіць пікеты. Былі пастановы мясцовых органаў пра месцы, дзе пікеты праводзіць нельга. І яны больш-менш супадалі з тымі месцамі, дзе ў кожным горадзе забаронена праводзіць масавыя мерапрыемствы.

Тут усё залежыць і ад памераў гораду. Калі, напрыклад, гэта Барысаў, то там сапраўды была пара-тройка месцаў. А калі гэта Менск, то не ўяўляю, як тут можна ўкласьціся ў два-тры месцы. У сталіцы толькі раённых адміністрацыяў дзевяць штук».

Дарэчы, на сёньняшнім паседжаньні сакратар ЦВК Мікалай Лазавік паведаміў, што да 23 ліпеня патэнцыйныя прэтэндэнты на прэзыдэнцтва, калі яны захочуць правесьці пікет, мусяць падаваць на яго заяўку мясцовым уладам. А з 23 ліпеня такога дазволу ўжо не патрэбна.

XS
SM
MD
LG