Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэрыкаве ўсталявалі інфармацыйную дошку, прысьвечаная Магдэбурскаму праву горада


Інфармацыйная дошка пра магдэбурскае мінулае Чэрыкава

Інфармацыйная дошка пра магдэбурскае мінулае Чэрыкава

У Чэрыкаве ўсталяваная інфармацыйная дошка, прысьвечаная Магдэбурскаму мінуламу райцэнтру. На ёй напіс: «15 лютага 1641 году прывілеям караля Ўладзіслава IV» Чэрыкаву нададзена Магдэбурскае права».

Дошка, як адзначалі на ўрачыстасьці яе адкрыцьця, падарунак гораду на Сажы Таварыства беларускай мовы. Усталявалі яе на будынку, дзе засядаў магістрат, а потым управа. Гэта камяніца адна зь нямногіх ацалелых у райцэнтры з даўнейшых часоў.

«Да жалю ў нашым раёне засталося няшмат старых будынкаў. Яны ў свой час знасіліся, руйнаваліся, – казаў на адкрыцьці дошкі старшыня Чэрыкаўскага райвыканкаму Міхаіл Касмачоў. І тое, што засталося неабходна берагчы. Гэта наша памяць, наша мінулае. Бяз гэтага ня можа быць будучыні.

Я хачу сказаць словы ўдзячнасьці нашым сябрам, якія зрабілі нам такі падарунак. Ад усяго Чэрыкава вялікае дзякуй. Мы пра гэта будзем памятаць і гэта застанецца з намі».

Летась у шэрагу райцэнтраў Магілёўшчыны абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы праводзіла сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады ды грамадзкасьці на тэму «Магдэбурскія традыцыі на Магілёўшчыне». На іх гаварылі пра шляхі папулярызацыі традыцыяў гісторыі эўрапейскае самакіраваньне. Усталяваньне інфармацыйнай дошкі ў Чэрыкаве – плён леташняй сустрэчы.

Міхаіл Касмачоў (зьлева) і Яраслаў Клімуць (справа) адкрываюць «магдэбурскую» дошку

Міхаіл Касмачоў (зьлева) і Яраслаў Клімуць (справа) адкрываюць «магдэбурскую» дошку

Старшыня абласной арганізацыі ТБМ Яраслаў Клімуць у сваёй прамове падчас адкрыцьця дошкі згадаў: «Наданьне Магдэбурскага права сьведчыла пра вялікія заслугі горада, а таксама адкрывала вялікія пэрспэктывы для разьвіцьця рамёстваў ды культуры».

«Хачу нагадаць, што чалавек, які ня ведае свайго мінулага, ня варты сучаснасьці, а пагатоў чакаць добрай будучыні. Зь вялікай будучыняй вас, жыхары раёну», – падсумаваў Яраслаў Клімуць.

У будынку, на якім цяпер дошка, у розныя часы месьціўся райкам партыі, паліклініка, мэтадычны цэнтар. Плянуюць у ім разьмясьціць раённы цэнтар сацыяльнай абароны. Будынак вымагае рамонту.

Пра магдэбурскае мінулае будынка і мясьціну, дзе ён стаіць, апавёў Свабодзе чэрыкаўскі краязнаўца Васіль Максіменка.

У будынку, на якім «магдэбурская дошка» засядаў магістрат

У будынку, на якім «магдэбурская дошка» засядаў магістрат

«У гэтым будынку засядаў магістрат, які кіраваў горадам. Пасьля здушэньня паўстаньня 1830-31 гадоў расейскія ўлады замянілі магістраты на ўправы, — распавядае ён. — У Чэрыкаве, да жалю, ад часоў магдэбурскага права не засталося ніводнага будынка. У комплекс тагачаснай адміністрацыйнай плошчы, якая была на месцы, дзе цяпер парк, уваходзіў і касьцёл Пакрова Прасьвятой Багародзіцы. Была тут і праваслаўная царква з такой жа назвай. Касьцёл узьвялі ў 1856 годзе, калі магдэбургіяй тут і ня пахла».

Васіль Максіменка згаджаецца зь меркаваньнем, што ўпершыню за многія дзесяцігодзьдзі мясцовая ўлада і грамадзкасьць Чэрыкава публічна адзначылі часы магдэбурскага права.

Ацалелы будынак касьцёлу Пакрова Прасьвятой Багародзіцы. У ім паказваюць кіно

Ацалелы будынак касьцёлу Пакрова Прасьвятой Багародзіцы. У ім паказваюць кіно

«Такога не было, каб згадвалі магдэбурскую мінуўшчыну гэтак урачыста ў Чэрыкаве. Наагул у нас дужа мала ведаюць пра мясцовую гісторыю, гісторыю будынкаў. Мне, падаецца, што слушна сказаў старшыня райвыканкаму: трэба памятаць сваю мінуўшчыну. Гэта таксама прагучала з вуснаў кіраўніка раённай улады. Раней ставілася да мясцовай даўніны нядбайна. Ёсьць прапанова да раённай улады, каб яна ўзяла пад аховы ўсе старыя будынкі, што ацалелі», – заключыў краязнаўца.

Шыльда пра 400- годзьдзе Чэрыкава як горада.

Шыльда пра 400- годзьдзе Чэрыкава як горада.

У 2004 годзе Чырыкаў адзначыў 400-годзьдзе наданьня яму статусу горада. Пра гэтую падзею нагадвае памятны знак з невялікай шыльдай. Вялікі камень у раённым парку непадалёк ад будынка, дзе некалі засядаў магістрат.

XS
SM
MD
LG