Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У чаргу на працу — ад шостай ранку». Менскія беспрацоўныя гатовыя стаць хоць дворнікамі


Аддзел занятасьці «Заводкі»: штодзённыя чаканьні ў чэргах па працу

Аддзел занятасьці «Заводкі»: штодзённыя чаканьні ў чэргах па працу

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны паведамляе пра дысбалянс на рынку працы Беларусі:у краіне зашмат кіроўцаў і прадаўцоў, але бракуе лекараў, мэдсясьцёр і выхавацеляў. Аднак насамрэч попыт на працу пераўзыходзіць прапановы ўсіх відаў прафэсій. У прыватнасьці, у Менску беспрацоўныя становяцца ў чаргу нават на дворніка.

«Наш „папа“ кажа, што за ручку праз дарогу перавядзе на працу. Дык дзе тая праца?»

Аддзел працаўладкаваньня «Заводзкі» распачынае працу а восьмай раніцы, але чарга выстройваецца задоўга да адкрыцьця.

У чарзе

У чарзе

«Лепш прыходзіць а шостай. Хто тут бліжэй жыве — яны ўсе тут. Я мінулы раз прыехаў а палове на восьмую, дык сядзеў да абеду. А некаторых так і не прынялі — перапісвалі на наступны дзень. Цяпер лета, таму яшчэ не такая чарга, а зімой тут ня ўбіцца», — дзеліцца досьведам першы суразмоўца. Мужчыну 47 гадоў — працу сантэхніка шукае ад студзеня.

«Даюць накіраваньне, прыяжджаю. На шарыкападшыпнікавым заводзе месца няма, на Асаналіева ў ЖЭСе быў — няма, на Менскводаканале — таксама няма. Яны штампы ставяць — і ўсё. Я ўжо згодны на 200, на 300 рублёў, але няма, няма нідзе. Паразмаўляйце з людзьмі — па году ўжо стаяць».

Мужчына кажа, што мае дваіх дарослых дзяцей, якія жывуць самастойна. А сам ён — утрыманец у жонкі.

«Я — сантэхнік, дужы — грузчыкам магу працаваць, але няма — няма ў нас такой працы», — працягвае суразмоўца. «Наш „папа“ кажа, што за ручку праз дарогу перавядзе на працу. Дык дзе тая праца?»

«Гатовы на любую працу пагадзіцца, нават на дворніка — абы толькі ўзялі»

А восьмай гадзіне чарга пачынае шыхтавацца і паволі зьнікае за дзьвярыма так званай «біржы». Неўзабаве наведнікі пачынаюць паасобку выходзіць пакурыць, каб скараціць час чаканьня пад дзьвярыма кабінэтаў. Наступны суразмоўца — таксама мужчына каля пяцідзесяці гадоў. Кажа, што прыходзіць сюды як на працу праз увесь год:​

Працу шукаюць таксама самастойна праз газэтную рэкляму

Працу шукаюць таксама самастойна праз газэтную рэкляму

«У мяне ў працоўнай кніжцы ёсьць запіс, што звольнены паводле артыкулу аб п’янстве і прагулах — і ўсё. Куды б я ні прыйшоў — глядзяць працоўную і — нам не патрэбныя працоўныя. Кажу — я выправіўся, вазьміце мяне на выпрабавальны тэрмін — не бяруць, — распавядае беспрацоўны. — А бывае так, што нават не глядзяць тае кніжкі і адразу кажуць, маўляў, мы ўзялі чалавека.

Кажу — мне аддзел занятасьці накіраваньне даў — ня мае значэньня. То чаму тут, у аддзеле занятасьці даюць гэтае накіраваньне? Які сэнс станавіцца тут на ўлік, калі дапамагчы працаўладкавацца яны ўсё роўна ня могуць. Ім бы толькі, каб паперку запоўнілі. Я ўжо гатовы на любую працу пагадзіцца, на любую. Нават на дворніка абы толькі ўзялі».

«На завод „з вуліцы“ не бяруць — хіба толькі па знаёмстве»

І без таго поўныя калідоры аддзелу занятасьці тым часам працягваюць напаўняцца новымі наведнікамі. У пераважнай бальшыні — гэта мужчыны старэйшых і сярэдніх гадоў. Адзін з такіх — 30-гадовы Валер, як ён кажа, шукае «любую» працу, хоць мае працоўную прафэсію апэратара станкоў з праграмным кіраваньнем.

«І — нічога» — кажа Валер. «За два з паловаю месяцы я аб’езьдзіў, пэўна, прадпрыемстваў трыццаць. На заводах увогуле не бяруць нікім і нідзе — там скарачэньні ўсюды. „З вуліцы“ не бяруць — хіба толькі па знаёмстве. А тут даюць накіраваньне на грузчыка, рознарабочага, прыяжджаю — месца няма. Калі не ўладкуюся, то з наступнага году буду ўжо мусіць плаціць падатак па беспрацоўі. І як я яго заплачу, калі ня маю працы? Як такое можа быць? Мне што, ісьці красьці? Што я думаю пра такое становішча? Вельмі дрэннае становішча. У краіне крытычнае становішча. Цалкам».

«Я працаваў у Італіі і вельмі шкадую, што вярнуўся ў Беларусь»

Заводзкі раён Менску — тэрыторыя буйных прадпрыемстваў і «працоўных» жылых мікрараёнаў сталіцы. Таму працу тут шукаюць перадусім людзі працоўных прафэсій з базавай адукацыяй. Але нямала ёсьць і нядаўніх выпускнікоў прэстыжных сталічных ВНУ. 25-гадовая Натальля — мае вышэйшую эканамічную адукацыю. Працу шукае зь мінулага лістапада.

«Гатовая працаваць нават сакратаром-справаводам, але заробак прапаноўваюць два з паловаю мільёны. Натуральна, мяне гэта не задавальняе. Атрымаць вышэйшую адукацыю, каб атрымоўваць нароўні з прыбіральшчыцай — не. А там, дзе крыху вышэйшыя заробкі, то ахвочых прыходзіць гэтулькі, што наймальнікі літаральна „кастынгі“ наладжваюць і якія ў іх крытэры адбору, мне асабіста незразумела. Таму нічога добрага я не чакаю і ні на што не спадзяюся».

Натальля, як і іншыя зарэгістраваныя ў якасьці беспрацоўных, прыходзіць па чарговае накіраваньне раз на месяц. Астатні ж час шукае працу самастойна. «І безвынікова» — працягвае гаворку 32 — гадовы выпускнік Менскага інстытуту замежных моваў Ігар.

«Цяжка знайсьці ў Беларусі працу. Дагэтуль я працаваў у бізнэс-цэнтры перакладчыкам з ангельскай і італьянскай моваў. Але заробак быў малы і я сышоў па ўласным жаданьні. Але тут прапануюць толькі танную рабсілу... Усюды скарачэньні, людзей выкідваюць на вуліцу. Той, які крычыць пра 500 тысяч працоўных месцаў, дзе тыя абяцаныя месцы? Дзе ён іх возьме? Я чатыры гады працаваў у Італіі, я шкадую, што вярнуўся сюды ў Беларусь. Шкадую».

XS
SM
MD
LG