Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За тры месяцы беларусы разбагацелі на 25 чарак і скварак


Нягледзячы на падзеньне рэальных даходаў насельніцтва, «выпіць і закусіць» стала таньней. Нязначнае зьніжэньне коштаў на гарэлку і сьвініну ў траўні і рост намінальных заробкаў прывялі да таго, што сярэднестатыстычны беларус у другім квартале разбагацеў на 2,5 кіляграмаў сьвініны і столькі ж літраў гарэлкі.

Экспэрты дасьледчага цэнтра BIPART і праекта «Кошт Ураду» падлічваюць індэкс «ЧаркіСкваркі» з сакавіка 2015 года. Гэты індэкс складаецца з цаны 100 грамаў сьвініны і 100 грамаў гарэлкі, і разьлічваецца штоквартальна паводле зьвестак Белстату. З дапамогай гэтага індэкса можна вызначыць, наколькі рэальна абясцэнілася нацыянальная грашовая адзінка і як зьмянілася пакупніцкая здольнасьць беларусаў.

Паводле зьвестак Белстату, у другім квартале 2016 года сярэдні кошт харчова-алькагольнага набору «ЧаркаСкварка» склаў 2 рублі 17 капеек. Гэта на 2 капейкі менш, чым у першым квартале, і на 3 капейкі больш, чым год таму.

А вось заробкі ў другім квартале падраслі. Паводле таго ж Белстату, у чэрвені сярэднестатыстычнаму беларусу налічылі 738,8 рублёў – на 30 рублёў больш, чым, напрыклад, у сакавіку.

Як падлічылі аўтары індэкса, у другім квартале 2016 года беларус мог купіць 333 чаркі і скваркі – абсалютны рэкорд за апошнія паўтара года. У першым квартале выйшла ўсяго 308 ЧШ, у другім квартале 2015 года – 313 ЧШ.

Яшчэ больш цікавая дынаміка кошту «ЧаркіСкваркі» ў даляравым эквіваленце: яна імкліва падае. У другім квартале 2016 года 100 грамаў сьвініны і столькі ж гарэлкі каштавалі ўсяго 1,1 даляра. Для параўнаньня: год таму, у першым квартале 2015 года цана ЧШ складала 1,46 даляра, а ў 2014 годзе – 2,05 даляра. Такім чынам, за 2 гады «ЧаркаСкварка» ў даляравым эквіваленце патаньнела амаль у 2 разы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG