Францускія ўлады зьліквідавалі лягер уцекачоў у Кале, вядомы як «джунглі». Мясцовыя чыноўнікі абвясьцілі пра зьнішчэньне лягеру, дзе тысячы мігрантаў з краін Блізкага Ўсходу і Афрыкі чакалі шанцу трапіць у Вялікую Брытанію празь Ля-Манш.
Пра тое, што мігрантаў у лягеры больш няма, паведаміла кіраўніца прэфэктуры дэпартамэнту Па-дэ-Кале Фаб’ен Бюксьё. Паводле яе, місія выкананая. Пажары, якія чынілі мігранты, паскорылі эвакуацыю лягеру.
Францускія ўлады прымаюць уцекачоў у адмысловых цэнтрах у іншых частках краіны, дзе яны маюць магчымасьць хадайнічаць аб наданьні прытулку. Каля 7 тысяч чалавек знаходзіліся ў лягеры ў Кале да пачатку яго ліквідацыі 24 кастрычніка. Лягер стаў сымбалем міграцыйнага крызісу ў Эўропе праз жудасныя ўмовы жыцьця.